Вы тут

«Залатыя рукі» і крэатыўнае мысленне


Алімпіяда ў Бразіліі— своеасаблівы выклік для беларускай прафтэхшколы

У Беларусі трэба больш увагі надаваць папулярызацыі і павышэнню прэстыжу рабочых прафесій. Такую думку выказала намеснік прэм'ер-міністра нашай краіны Наталля КАЧАНАВА на афіцыйных провадах зборнай каманды Беларусі на чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве WorldSkіlls Іnternatіonal-2015, які пройдзе ў Бразіліі з 11 па 16 жніўня.

Без имени-1

Без имени-1

 

«Сёння вакол вышэйшай адукацыі ў грамадстве створаны арэол выключнасці, а наяўнасць вышэйшай адукацыі стала абавязковым атрыбутам поспеху ў жыцці. Але чаму ўсе дзевяцікласнікі павінны ісці ў старшую школу? Чаму б не сарыентаваць іх на паралельнае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі і рабочай прафесіі? У газетах мы пастаянна чытаем артыкулы пра ВНУ, а дзе ў СМІ прадстаўлены ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Трэба больш папулярызаваць іх дзейнасць», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Дарэчы, асацыяцыя WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) была створана ў 1946 годзе ў Іспаніі менавіта для папулярызацыі рабочых прафесій, у тым ліку праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. Беларусь стала 69-й краінай, якая далучылася да WSІ. Гэта адбылося ў студзені 2014 года. Пасля нас у клуб «Залатыя рукі» ўступілі яшчэ тры краіны, у тым ліку Казахстан.

— Далучэнне да WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) дало нам магчымасць атрымаць доступ да самых сучасных кваліфікацый. Для нас гэта адназначна рух наперад і магчымасць «зверыць гадзіннікі» ў сістэме прафесійнай адукацыі, тым больш што для ацэньвання будуць выкарыстоўвацца міжнародныя індыкатары якасці,— падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь ШКЛЯР.

На чэмпіянаце свету WorldSkіlls Іnternatіonal-2015 у Бразіліі Беларусь будзе прадстаўлена ў 15 кампетэнцыях, хоць увогуле спаборніцтвы будуць праводзіцца ў 50. А за перамогу пазмагаюцца 1200 удзельнікаў з 63 краін. Баявым хрышчэннем для нашых хлопцаў і дзяўчат стаў першы адкрыты чэмпіянат WorldSkіlls СНД, які адбыўся ў маі бягучага года ў Казані. У Расіі беларусы заваявалі адзін залаты і 16 сярэбраных медалёў.

Але конкурс у Бразіліі — гэта зусім іншы ўзровень. Усе эксперты прызнаюць, што для нацыянальнай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі гэта своеасаблівы выклік, паколькі патэнцыяльныя інвестары будуць ацэньваць перш-наперш нашу краіну: ці ёсць у Беларусі кадры, якія могуць працаваць на самым сучасным абсталяванні. Скажам, неабходнае швейнае абсталяванне, на якім давядзецца працаваць у Бразіліі нашай канкурсантцы, знайшлося толькі на сталічнай «Элеме». Дарэчы, у кампетэнцыі «Дызайн адзення» ўдзельнікам трэба будзе стварыць эскіз мадэлі сукенкі і пашыць яе па гатовых лякалах усяго за 6 гадзін. 10 гадзін адводзіцца на стварэнне эскіза і пашыў жакета пад гэтую сукенку. На спаборніцтвах будуць ацэньвацца як якасць працы, так і крэатыўнае мысленне і сучасны дызайн. У кампетэнцыі «Сеткавае і сістэмнае адміністрыраванне» будзе пастаўлена задача настроіць з нуля ўсе камп'ютарныя сеткі на віртуальным прадпрыемстве з зададзенымі ўмовамі. У кампетэнцыях «Фрэзерные работы» і «Такарныя работы» канкурсанты атрымаюць дастаткова складаны чарцёж дэталі: трэба будзе стварыць 3D-мадэль, напісаць праграму, потым падабраць і зманціраваць інструмент на станку і вырабіць дэталь.

Увогуле, пры падрыхтоўцы да міжнародных спаборніцтваў давялося ўлічваць шмат нюансаў. Напрыклад, у Бразіліі кухарам давядзецца гатаваць стравы з паўднёваамерыканскіх прадуктаў. Адным з найбольш складаных і нечаканых заданняў у намінацыі «Кандытарскае мастацтва» для беларускіх канкурсантаў стаў выраб шакаладных цукерак. Справа ў тым, што гэтая тэма ўвогуле адсутнічае ў вучэбных праграмах нашых навучальных устаноў кандытарскага профілю.

— Сёння патрабуецца пераасэнсаванне напаўнення і зместу рабочых прафесій. Сучасныя рабочыя — людзі з самай рознай адукацыяй. Ёсць прафесіі, дзе ад рабочага персаналу патрабуецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай і нават вышэйшай адукацыі, — падкрэслівае міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.

Кажуць, што ў гісторыі руху WоrldSkіlls не было выпадку, каб краіна, якая толькі што далучылася да спаборніцтваў, адразу здзейсніла магутны рывок і трапіла ў «топ» пераможцаў.

— Безумоўна, перамога — гэты важны матыватар удзелу ў любых спаборніцтвах, але для нас важна, у першую чаргу, магчымасць паглядзець на сябе на фоне іншых, — дадаў Міхаіл Жураўкоў.

Па словах Наталлі Качанавай, усе канкурсанты з'яўляюцца прыкладам для маладых людзей, якія сёння толькі вызначаюцца з прафесійным шляхам. Галоўнае, па яе словах, — знайсці сваё месца і выбраць сабе прафесію па душы. І зусім неабавязкова ісці для гэтага ў вышэйшую навучальную ўстанову. Міхаіл Жураўкоў прыгадаў выпадак, калі яго студэнт, які вучыўся на мехмаце, адбыўся як выдатны кулінар, але для гэтага давялося пераканаць бацькоў, што іх сын выбраў не тую прафесію. Што матэматыка — не яго шлях. Адмовіўшыся ад навучання ва ўніверсітэце, хлопец не згубіўся ў жыцці — ён выйграў грант на бясплатную стажыроўку ў Італіі ў вядомых кулінараў. Галоўнае — уважліва да сябе прыслухацца і не баяцца своечасова прызнаць здзейсненую памылку...

Надзея НІКАЛАЕВА. nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.