Вы тут

Плыні Мікалая Крукоўскага


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прэзентавалі кнігу «Мікалай Крукоўскі. Бляск і трагедыя філосафа».

Мікалай Крукоўскі — сучасны філосаф і культуролаг, аўтар кніг і навуковых артыкулаў. Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўніверсітэта культуры пайшоў з жыцця два гады таму — усяго паўтара месяца не дажыў да свайго
90-годдзя.

5-18

Лёс у Мікалая Ігнатавіча надзвычай цікавы. Нарадзіўся ў вёсцы Машкова, што на Аршаншчыне, у сялянскай сям'і. У 1938 годзе сям'я пераехала ў Оршу, дзе хлопчык скончыў школу. Мікалай Крукоўскі быў рамантыкам, захапляўся Чкалавым. Нават спрабаваў паступіць у Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Праваліўшы іспыты, без экзаменаў прайшоў у Віцебскі ветэрынарны інстытут — за кампанію з сябрамі, каб не губляць час.

Правучыўся толькі год — пачалася Вялікая Айчыннай вайна. У верасні 1941-га Мікалай добраахвотнікам пайшоў на фронт. Яго вайсковая часць аказалася ў Вяземскім «катле». Пасля няўдалых спроб выбрацца з акружэння трапіў у палон.

— На фронт бацька пайшоў са сваёй любімай мандалінай, — расказвае дачка Вольга. — Калі яны трапілі ў акружэнне, разам з хлопцамі падзялілі і з'елі ўвесь свой паёк, развіталіся адзін з адным і паасобку пачалі прарывацца. Свайго найлепшага сябра — мандаліну — бацька пацалаваў і павесіў на сасну. Яму здавалася, што з музычным інструментам развітаўся назаўсёды...

Палонных эшалонам адправілі ў Германію. Нямецкія салдаты пільна сачылі, каб чырвонаармейцы не збеглі. Аднак такая магчымасць усё ж узнікла, і Мікалай Крукоўскі разам з таварышамі выскачыў з цягніка, які імчаў на чужбіну. Вярнуўшыся ў Оршу, пайшоў у партызаны. Дзіўна, але разам з іншымі рэчамі ўзяў у атрад томік Гегеля. Увогуле, ён вельмі любіў чытаць. Усе захапленні Мікалая Крукоўскага — ад маці. Адзінага сына жанчына імкнулася выхоўваць як мага лепш.

Мікалай Ігнатавіч змагаўся з ворагам у складзе дыверсійнай групы. У сакавіку 1943 года яго прызначылі начальнікам штаба атрада «Малады Бальшавік» 2-й Заслонаўскай партызанскай брыгады. Пра тыя гады будучага вучонага нагадваюць ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі «За адвагу» і «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

У снежні 1943-га Мікалая Крукоўскага цяжка параніла ў баі. Куля трапіла ў кісць левай рукі, пашкодзіла сухажылле. Тым не менш, ён прыстасаваўся займацца любімай справай — іграць на музычных інструментах.

— У нас была надзвычай музычная сям'я, — успамінае Вольга Мікалаеўна. — Я іграла і іграю на скрыпцы, сястра Наталля — на фартэпіяна. Бацька граў на мандаліне, на скрыпцы. Нягледзячы на пакалечаную руку, ён навучыўся гэта рабіць «люстрана»: музычны інструмент трымаў у правай руцэ, а смык — неверагодным спосабам — у левай. Потым спрабаваў асвоіць ксілафон, а гітара ў яго пакалечанай руцэ ператваралася ў «гавайскую». Маці спявала сапрана, бацька — барытонам. Сапраўдны сямейны аркестр!

Як узгадвае дачка, кожнае 9 Мая бацька сустракаўся з тымі, хто не па чутках ведаў, што такое вайна. «Дзе б мы ні былі, гэта для нас было вялікае свята, — кажа яна. — Тыя дні для ўсёй сям'і запомніліся надзвычай цёплымі, шчырымі, чалавечымі — без усялякага пафасу. Па сямейнай традыцыі мы ездзілі ў турпаходы, у тым ліку па месцах баявой славы бацькі».

Пасля вайны Мікалай Крукоўскі паступіў на філалагічны факультэт БДУ (факультэта філасофіі тады яшчэ не існавала), які скончыў з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні павінен быў трапіць у Баранавіцкі раён, у сельскую школу. Але па ініцыятыве Кандрата Крапівы першым яго працоўным месцам пасля ўніверсітэта стаў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР.

Яму яшчэ не было і трыццаці, а малады вучоны ўжо меў дасягненні ў навуцы. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, пасля — доктарскую. Погляды Крукоўскага на сучасныя праблемы грамадства, шляхі сусветнай цывілізацыі і месца чалавека ў сучаснай культуры не ўсім прыходзіліся даспадобы. Але ён адстаяў права сваёй тэорыі на існаванне. І нават у нечым апярэдзіў амерыканскага сацыёлага і палітолага Хантынгтана, паставіўшы надзвычай актуальную для філасофскага асэнсавання тэму ўзаемадзеяння шматлікіх культур.

— Мікалай Крукоўскі быў маім настаўнікам, ідэйным натхняльнікам, зоркай, на якую многія раўняліся, у тым ліку і я, — расказвае аўтар кнігі Анатоль Астапенка. — Ён быў вельмі адукаваным чалавекам: ведаў шмат моў, мог цытаваць філосафаў-класікаў, пачынаючы ад Арыстоцеля да свайго любімага Гегеля. Да навукі Мікалай Ігнатавіч адносіўся вельмі сумленна. Працаваць дзеля выгады яму было не ўласціва. Кожны артыкул прафесара Мікалая Крукоўскага — багацце зместу, думак, глыбокіх, часта нечаканых высноў. Незалежна ад таго, пра што пісаў вучоны — аб улюбёнай эстэтыцы, філасофскіх праблемах быцця, дыскутаваў пра надзённыя праблемы грамадства — усюды заўважна яснасць яго думкі і дзіўная эрудыцыя.

Вераніка КАНЮТА

Фота з асабістага архіва сям'і Мікалая Крукоўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».