Вы тут

Аптымізму — больш...


Мінск апярэдзіў Маскву па падзенні коштаў на арэнду офісаў.

5-25

Сталічныя офісы з пачатку года знізілі арэндныя стаўкі больш чым на 22%, паведаміла кіраўнік праектаў па адміністрацыйнай нерухомасці «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнесу» Наталля Новікава.

Спецыяліст адзначае, што сферу офіснай нерухомасці «штарміць» са снежня мінулага года. Рэзкі рост прапановы і макраэканамічныя цяжкасці аказваюць ціск на ўзровень арэндных ставак практычна ва ўсіх сегментах рынку. У першым паўгоддзі арэнда офісаў упэўнена таннела тэмпам 3-4% штомесяц. Падзенне ставак замарудзілася толькі ў ліпені з вяртаннем на рынак адкладзенага попыту.

Патанненне пойдзе на карысць

Па тэмпах падзення ставак Мінск сёлета апярэдзіў Маскву, дзе кошт арэнды ў першым паўгоддзі знізіўся прыкладна на 15%. Праўда, летась маскоўскі рынак ужо перажыў 30-працэнтнае падзенне. Акрамя таго, запаўняльнасць бізнес-цэнтраў у расійскай сталіцы сёння істотна ніжэйшае, чым у Мінску.

Увогуле, сёння ў Маскве сярэдні ўзровень вольных плошчаў складае каля 20%, а да канца года дасягне 27%. Таму, паводле прагнозаў аналітыкаў, арэндныя стаўкі на прэстыжныя офісы Масквы да канца года ўпадуць на чвэрць. «А вось перспектывы развіцця мінскага рынку арэнды офісных плошчаў выглядаюць больш аптымістычна. Невялікае цэнавае ўзрушэнне пойдзе рынку толькі на карысць», — лічыць эксперт.

Плюс зніжкі — да 10%

Стаўкі арэнды офісаў у Мінску ўжо апусціліся да ўзроўню 2006 года. У пачатку ліпеня офісны «квадрат» у галоўным мегаполісе краіны прапаноўваўся ў сярэднім за 17,1 еўра з ПДВ. У бізнес-цэнтрах класа A арэндныя плошчы выстаўляліся за 24,1 еўра з ПДВ за квадратны метр, класа B — за 15,9 еўра, а C-класа — за 11,3 еўра. Але і гэта не зусім дакладныя лічбы, бо падчас перамоў уласнікі нерухомасці гатовыя на дадатковыя зніжкі ў памеры да 10%. Напрыклад, за квадратны метр у бізнес-цэнтры A-класа арандатары згаджаюцца плаціць 21,5 еўра з ПДВ, B-класа — 15 еўра, а C-класа — 9 еўра.

Патэнцыйныя арэндатары — на старце

Імклівае зніжэнне арэндных ставак падагрэла цікавасць патэнцыйных арандатараў, якія раней займалі чакальную пазіцыю. «Тым больш што многія дэвелаперы па цэнах наблізіліся да мінімуму, ніжэй за які памяншаць стаўкі ўжо не будуць», — упэўнена Наталля Новікава. Невыпадкова перамовы з уласнікамі ўсё часцей накіраваны на атрыманне дадатковых прэферэнцый накшталт «нулявой стаўкі» на перыяд рамонту або зручнага графіку аплаты. Што тычыцца ўзроўню арэндных ставак, то тут сітуацыя становіцца больш зразумелай і прадказальнай, адзначаюць спецыялісты.

Да канца года ў Мінску плануюць увесці каля 141 тысячы камерцыйных «квадратаў». Сярод найбольш цікавых аб'ектаў гэтага года з'яўляюцца бізнес-цэнтры Rіvіera Plaza і «Красавік», 26-павярховы хмарачос пры шматфункцыянальным комплексе (ШФК) «Тытан» і 17-павярховы офісны будынак пры ШФК «Цівалі». Таму чакаецца, што да канца года вакантных плошчаў будзе ўдвая больш, чым рынак здольны паглынуць нават за год. Самымі «офіснымі» ў Мінску застануцца Цэнтральны, Савецкі і Маскоўскі раёны.

Перспектыва росту

Нягледзячы на перанасычанасць рынку офіснымі плошчамі, канцэнтрацыя бізнес-цэнтраў у Мінску застаецца адной з самых нізкіх у Еўропе. У беларускай сталіцы на 1 тысячу жыхароў прыпадае каля 400 квадратных метраў офісных плошчаў, што як мінімум у 10 разоў менш, чым у Лондане, Парыжы, Амстэрдаме або Бруселі. А ў Маскве на тысячу жыхароў прыпадае каля 1,5 тысячы «квадратаў» офісных плошчаў.

«Відавочна, што офісных будынкаў у Мінску не так шмат, як прынята лічыць. Іншая справа, што тэмпы развіцця сталічнага бізнесу не збалансаваны. Мясцовыя кампаніі цяпер не гатовы пашырацца, а міжнародныя карпарацыі прыходзяць у краіну кропкава», — удакладніла сітуацыю Наталля Новікава.

Яна ўпэўнена, што ў наступныя месяцы рынак будзе паступова аднаўляцца. Стаўкі працягнуць вагацца, але з меншай дынамікай. А надалей чакаецца стабільны попыт на такія офісныя плошчы, дзе арандатары выбіраюць новыя бізнес-цэнтры, здольныя прапанаваць высокі ўзровень камфорту па больш нізкіх стаўках. «Сёння на такія аб'екты прыпадае большая частка здзелак па заключэнні дагавораў арэнды», — паведамляе кіраўнік праектаў.

Узвядзенне бізнес-цэнтраў спыніцца?

Праз некалькі гадоў на рынку офіснай нерухомасці можа ўзнікнуць дэфіцыт новых плошчаў. Такі прагноз наша суразмоўца тлумачыць тым, што прыбытковасць дэвелаперскага бізнесу знізілася, тады як рызыкі істотна ўзраслі. У сітуацыі, калі складана дакладна разлічыць інвестыцыйныя паказчыкі, арганізатары будаўніцтва камерцыйнай нерухомасці пачнуць прыпыняць або закрываць ненадзейныя праекты. «Усё гэта прывядзе да скарачэння колькасці новых бізнес-цэнтраў ужо ў 2017-2018 гадах», — упэўнена спадарыня Новікава.

Сяргей КУРКАЧ. kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?