Вы тут

Лапараскапія для немаўлят


Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі працуе на еўрапейскім узроўні. Тут выконваюць унікальныя аперацыі. Аднак гэта не азначае, што бацькам трэба губляць пільнасць. Сучасная хірургія здольная на многае, але цуду можа і не здарыцца.

Дзеці, пакінутыя сам-насам, ухітраюцца адшукаць і выцягнуць драбнюткія круглячкі батарэек з самых розных прылад. А што робяць малыя з малымі прадметамі? Імкнуцца пакаштаваць на смак! Бывае, што бацькі пачынаюць падазраваць няладнае толькі праз некалькі дзён пасля таго, як батарэйка трапіла ў арганізм. Батарэйка ж за гэты час проста раз'ела стрававод. Электрахімічны апёк прывёў да звужэння і ўтварэння рубца, парушыў цэласнасць органа. Каб ратаваць такога пацыента, неабходна выдаліць частку стрававода і правесці яшчэ пластычную аперацыю. Гэта вельмі складаныя пацыенты і складаныя аперацыі. Пры гэтым, калі ў шэрагу краін блізкага замежжа дагэтуль прымяняюцца досыць траўматычныя метады, то ў беларускім цэнтры ў падобных сітуацыях або пры наяўнасці рубцоў у трахеі (калі дзіця не можа нават піць) усё часцей прымяняецца новы метад лячэння — лазерная вапарызацыя (выпальванне рубца лазерам). Гэта малаінвазіўнае ўмяшанне праводзіцца з дапамогай эндаскапічнай тэхнікі. Для правядзення такіх планавых аперацый у краіну прыязджаюць пацыенты з Расіі, Украіны, Казахстана.

— Яшчэ дзесяць гадоў таму замежныя спецыялісты прыязджалі да нас з майстар-класамі, дапамагалі справіцца з нейкімі складанымі выпадкамі, а цяпер ужо мы едзем у тую ж Расію, Украіну, Азербайджан, дзелімся сваім вопытам правядзення аперацый, догляду пацыентаў, — кажа дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі Канстанцін ДРАЗДОЎСКІ. — Трэба пры гэтым разумець, што Масква — не ўся Расія, і там яшчэ шмат працы.

У дзіцячай хірургіі і кардыяхірургіі адбываецца пераход ад адкрытых аперацый у бок малаінвазіўных. Пяць гадоў таму з тысячы карэкцый парокаў сэрца каля 700 выконваліся адкрытым спосабам, астатнія — малаінвазіўным, эндаваскулярным, без разрэзаў. Летась з 1200 такіх карэкцый 700 ужо выконваліся нетраўматычным шляхам. Дзеці пасля гэтага могуць выпісвацца дадому фактычна на наступны дзень.

Паляпшэнне перынатальнай дыягностыкі зрабіла магчымым выяўленне парокаў сэрца, кішэчніка і правядзення хірургічнага лячэння ў першыя суткі жыцця. Сур'ёзным прарывам стала магчымасць правядзення лапараскапіі ў немаўлят вагой да 2,5 кг. Не так даўно ўдалося прааперыраваць дзіця вагой 1,6 кг з паталогіяй стрававода і парокам сэрца, а дзіцяці з яшчэ меншай вагой была праведзена аперацыя на аорце. Гэта ўнікальныя выпадкі, якія пакуль не маюць апісання ў навуковай літаратуры.

Штогод у РНПЦ дзіцячай хірургіі прымаюць каля 30 тысяч пацыентаў з парокамі сэрца і іншых унутраных органаў, у тым ліку з хірургічнай паталогіяй (грыжа, апендыцыт, іншароднае цела і г.д.). Лечацца ў стацыянары каля 10 тысяч, з іх аперыруюцца — каля 5 тысяч.

Святлана БАРЫСЕНКА

Фота: inshe.tv

Выбар рэдакцыі

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.