Вы тут

Будзе сумна без Дашы


Найлепшая біятланістка свету прапусціць наступны сезон.

Напярэдадні Дар'я Домрачава адзначыла свой 29-ты дзень нараджэння, а ўжо наступнай раніцай з'явілася інфармацыя аб тым, што трохразовая алімпійская чэмпіёнка, чэмпіёнка свету і ўладальніца Вялікага хрустальнага глобуса мае намер прапусціць сезон 2015/16.

Здагадкі пра будучую паўзу ў кар'еры спартсменкі хадзілі даўно і ўзмацніліся асабліва пасля весткі аб тым, што Дар'я захварэла на монануклеоз (вострае віруснае захворванне, якое характарызуецца павышэннем тэмпературы, болем у горле і павелічэннем лімфатычных вузлоў). Аднак біятланістка не спяшалася з гучнымі заявамі і прыняла рашэнне толькі праз некалькі тыдняў.

— Усё добра абдумаўшы і прааналізаваўшы, я прыняла рашэнне прапусціць спаборніцкі сезон 2015/2016. Першая думка пра такую магчымасць і жаданне аднавіць сілы з'явілася ў мяне яшчэ пасля завяршэння праведзенага кубкавага сезона. Маёй памылкай стала тое, што я недастаткова прыслухалася да патрэб арганізма ў той момант. З'ездзіўшы да мора, скінуўшы стомленасць сезона, і, як здавалася, адпачыўшы, было прынята рашэнне рыхтавацца да новага спаборніцкага года. План быў такім: прапусціць частку стартаў, каб знізіць менавіта спаборніцкую насычанасць. Да трэніровак прыступіла з вялікім энтузіязмам, і, як здавалася, усё ішло добра,— распавядае Домрачава.

Зараз у планах спартсменкі канчатковае аднаўленне без эмацыйных і фізічных перагрузак. Па рэкамендацыях лекараў наступны месяц Даша правядзе ў спакойным рэжыме. І далей, абапіраючыся на самаадчуванне і паказчыкі аналізаў, паступова прыступіць да базавых трэніровак.

— Пакуль я радуюся самым простым рэчам. Напрыклад, з'явіўся час пачытаць, сустрэцца з сябрамі, пагуляць па горадзе і схадзіць у тэатр. У жорсткім спартыўным рэжыме шмат чаго не паспяваеш. Сёння ў гэтым плане адчуваю сябе нашмат вальней — няма пастаяннага ціску і самаабмежаванняў у графіку. Я атрымліваю задавальненне ад жыцця. Вядома, у мяне ёсць вялікі запас сур'ёзных цікавых праектаў. Да абдумвання і ажыццяўлення некаторых з іх з'яўляецца магчымасць прыступіць. Але ўсё роўна гэта здарыцца толькі пасля таго, як я фізічна і эмацыйна канчаткова аднаўлюся, — рэзюмавала Дар'я Домрачава ў сваёй афіцыйнай заяве.

Нагадаем, у мінулым сезоне частку перадсезоннай падрыхтоўкі прапусціў двухразовы алімпійскі чэмпіён — французскі біятланіст Мартэн Фуркад, прычына — усе той жа монануклеоз.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.