Вы тут

Найлепшыя стасункі


Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў Лаосу стварыць зону свабоднага гандлю з ЕАЭС

На ўчарашняй сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і намесніка міністра замежных спраў Лаоса Салымсая Камасіта абмяркоўваўся як бягучы стан адносін паміж дзвюма краінамі, так і перспектывы іх узаемадзеяння на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза.

— У апошні час беларуска-лаоскае супрацоўніцтва і ў палітычнай, і ў парламенцкай, і ў гандлёва-эканамічнай дзейнасці набірае абароты, — заўважыў спікер ніжняй палаты ў пачатку сустрэчы. — Натуральна, трэба аддаць належнае, што гэта ўсё робіцца дзякуючы тым дамоўленасцям, якія былі дасягнуты прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на павелічэнне аб'ёму ўзаемнага гандлю: у 2014 годзе ён склаў
5,7 мільёна долараў, гэта хоць і няшмат, але ў 12 разоў больш, чым ранейшы таваразварот.

— Важна тое, што ў нас пачалі праводзіцца пасяджэнні сумесных камісій, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. — Адно пасяджэнне прайшло ў вашай краіне, другое ў красавіку гэтага года — у Беларусі. Я асабіста прымаў удзел у пасяджэнні гэтай камісіі, таму што па просьбе ўрада Рэспублікі Беларусь з'яўляюся куратарам гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Лаосам.

— Напрацаваны шэраг праектаў паміж нашымі прадпрыемствамі, міністэрствамі, паміж нашымі рэгіёнамі, — адзначыў кіраўнік ніжняй палаты. — Гэта, натуральна, радуе. Але разам з тым трэба адзначыць, што ўсё-такі ўзровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва не адпавядае патэнцыялу дзяржаў. Вельмі нізкі экспарт і імпарт. Зараз удзел Беларусі ў ЕАЭС, які паўнацэнна пачаў працаваць сёлета з 1 студзеня, адкрывае шырокія магчымасці, на нашу думку, і для вашай краіны. Тым больш, што Беларусь старшынствуе ў гэтым годзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Многія дзяржавы бачаць, што гэты саюз паспяхова працуе, і разглядаюць пытанне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю. У маі бягучага года падпісаны дагавор аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж В'етнамам і Еўразійскім эканамічным саюзам. Зараз некаторыя краіны, у прыватнасці, Інданезія, Турцыя, Іран, Новая Зеландыя таксама жадаюць стварыць зоны свабоднага гандлю. Тавар, які будзе выраблены, напрыклад, на тэрыторыі Беларусі, бяспошлінна і без усялякіх тэхнічных бар'ераў будзе пастаўляцца на рынкі іншых дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму калі ў вас ёсць зацікаўленасць стварыць зону свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Лаосам, то, натуральна, можна скарыстацца нашым старшынствам.

Уладзімір Андрэйчанка таксама прапанаваў стварыць у Лаосе Асацыяцыю выпускнікоў беларускіх ВНУ: як вядома, у савецкія гады ў нашай краіне навучалася шмат замежнікаў. Намеснік міністра замежных спраў Лаоса зацікавіўся гэтай ідэяй.

Салымсай Камасіт, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Лаос высока ацэньвае адносіны з Беларуссю ва ўсіх сферах.

— Пасля Расіі Беларусь на другім месцы сярод краін былога Савецкага Саюза, з якімі Лаос захаваў найлепшыя стасункі, — заявіў ён.

Намеснік міністра замежных спраў Лаоса таксама паведаміў, што ў хуткім часе нашу краіну наведае дэлегацыя Міністэрства культуры Лаоса, плануецца правядзенне Дзён культуры гэтай краіны ў Беларусі.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.