Вы тут

Надзвычайнае фінансаванне нам не трэба


Па словах старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаура, зараз эканоміка краіны адаптуецца да новых рэалій. Пры гэтым неабходнай умовай і безумоўным прыярытэтам эканамічнай палітыкі становіцца макраэканамічная стабільнасць, якая дасягаецца галоўным чынам праз забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты. Акрамя таго, ён спрагназаваў баланс золатавалютнага рэзерву да канца года, а таксама звярнуў увагу на тое, якія крэдыты Беларусь чакае ў найбліжэйшы час.

5_3

Залаты рэзерв меншым не стане

Нацбанк прагназуе захаванне золатавалютных рэзерваў краіны да канца года на сённяшнім узроўні. Такое меркаванне таксама выказаў старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур.

Кіраўнік Нацбанка адзначыў, што ў ліпені былі забяспечаны пікавыя выплаты па абслугоўванні знешняй і ўнутранай валютнай запазычанасці ў памеры 1,3 млрд долараў. Па звестках рэгулятара, за студзень–ліпень 2015 года золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся на 0,4 млрд долараў і на 1 жніўня склалі 4,7 млрд.

Адкуль чакаць крэдытаў?

Па словах кіраўніка Нацбанка, канчатковая сума крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) для Беларусі будзе залежаць ад магчымасцяў фонду.

«Заяўка была першапачаткова на 3 млрд долараў, але канкрэтныя лічбы залежаць ад шэрагу фактараў», — сказаў Павел Калаур.

«Што датычыцца ўзаемадзеяння з экспертамі ЕФСР, — адзначыў Павел Калаур, — то па грашовых агрэгатах, па манетарнай і валютнай палітыцы ў бакоў супярэчнасцяў няма».

«Пэўныя пытанні застаюцца ў частцы структурных рэформаў, але гэта пытанні перамоўнага працэсу», — канстатаваў ён.

Нагадаем, што ў першай палове 2015 года Беларусь падала заяўку на крэдыт у памеры 3 млрд долараў у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС, які цяпер перайменаваны ў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. У пачатку ліпеня Еўразійскі банк развіцця праінфармаваў, што ЕФСР рыхтуе заключэнне па заяве Беларусі на атрыманне крэдыту.

Таксама Павел Калаур адзначыў, што краіна разлічвае на крэдытаванне Міжнароднага валютнага фонду для вырашэння праблем з плацежным балансам.

«Гаворка ідзе аб механізме пашыранага крэдытавання, які створаны Міжнародным валютным фондам для вырашэння доўгатэрміновых праблем з плацежным балансам і які прадугледжвае адпаведныя макраэканамічныя змены, накіраваныя на тое, каб плацежны баланс краіны насіў устойлівы характар», — удакладніў кіраўнік Нацбанка.

Лічыцца, што прымальная сума магчымага крэдыту ад МВФ будзе ў дыяпазоне 2-3 млрд долараў.

«Сума ў 3 млрд долараў — максімальная лічба. Менавіта яна прадугледжвае надзвычайнае фінансаванне. Я лічу, што было б правільна наладжваць адносіны з Міжнародным валютным фондам, не звяртаючыся да надзвычайнага фінансавання. Такім чынам, лічбы, якія могуць разглядацца, менш за 3 млрд долараў, але больш чым 2 млрд», — выказаў сваё меркаванне кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, беларускі бок настроены на доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам і ўвогуле задаволены вынікамі апошняга візіту місіі МВФ у Беларусь.

«Безумоўна, каб рухацца далей, мы павінны вызначыцца ў краіне з праграмнымі дакументамі на наступны год. Пасля правядзення кансультацый у рамках гадавых мерапрыемстваў і ўзгаднення падыходаў на наступную пяцігодку мы будзем гатовы да далейшай размовы з МВФ», — адзначыў Павел Калаур.

Арыентуемся на курсавыя прагнозы расійскага рубля

Акрамя таго, старшыня праўлення Нацбанка адзначыў, што для значных ваганняў курса валют прычын няма.

«Мы маем збалансаванасць на валютным рынку. Ёсць пэўныя тэндэнцыі, якія прагназаваліся з пункту гледжання насельніцтва, але няма якіх-небудзь фактараў, якія ўздзейнічалі б на курс беларускага рубля і істотным чынам змянялі яго дынаміку», — сказаў кіраўнік Нацбанка.

Ён звярнуў увагу, што рэгулятар арыентуецца на прагнозы экспертаў па курсе расійскага рубля, пры гэтым яго ацэнкі супадаюць з ацэнкамі расійскіх калег. Мяркуецца, што ў найбліжэйшы час ваганні расійскага рубля будуць у межах 55-65 рублёў за долар.

«Такія лічбы ўтрымліваліся ў сцэнарыі ўрада і Нацбанка, — адзначыў Павел Калаур. — Гэта значыць, нічога нечаканага на нашым рынку і нашых суседзяў, што магло б справакаваць рэзкае адхіленне курса валют, не адбываецца».

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.