Вы тут

Шанц вярнуцца дадому


Пра лёсы амніставаных, адукацыю зняволеных і жыццё пасля калоніі.

1

«Як тут апынулася? Сужыцель давёў... Ён «афганец» кантужаны, выпіць любіў. Буйны быў. Вось неяк і не вытрымала, пабіла яго, калі ў чарговы раз стаў чапляцца». Гэтую гісторыю нам расказала асуджаная Ірына. Нястрыманасць ёй дорага абышлася: за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў жанчына на некалькі гадоў трапіла ў гомельскую папраўчую калонію №4. Цяпер разумее, што фізічнай сілай праблему ўсё роўна не вырашыла б. З'язджаць трэба было ад такога каханка, але ж жаночае сэрца да апошняга спадзяецца на цудоўнае пераўтварэнне. Сёлета Ірыне пашанцавала: яна трапіла ў спісы амніставаных. Дадому вернецца на год раней. Кажа, што дзяўчаты на працы (Ірына была пакаёўкай у санаторыі) ужо чакаюць. Пад дзеянне сёлетняй амністыі трапіла амаль сёмая частка зняволеных гомельскай жаночай калоніі — крыху больш за 200 чалавек. Каму дазваляюць выйсці на свабоду раней і як амніставаным дапамагаюць уладкавацца на працу і вярнуцца да нармальнага жыцця, даведваліся нашы карэспандэнты.

На перавыхаванне — за швейную машынку

Мы сядзім у штабе калоніі. З другога паверха бачна, як жанчыны ў ружовых сукенках (уніформа мясцовых зняволеных) выстройваюцца ў роўныя шарэнгі. На абед збіраюцца. Тых, каго па амністыі цалкам вызвалілі (такіх прыкладна 50 чалавек), сярод іх ужо няма. Справы гэтых жанчын пастараліся разгледзець у першую чаргу. На амністыю маглі разлічваць пенсіянеркі, мамы, чые дзеці яшчэ не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, асуджаныя, злачынствы якіх не ўяўлялі з сябе вялікай грамадскай небяспекі. Напрыклад тыя, хто папаўся на нязначных крадзяжах, злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі (браў хабар ці растрачваў грошы прадпрыемства). Аднак той факт, што зняволеная адносіцца да адной з названых катэгорый, яшчэ не гарантуе, што ёй скароцяць тэрмін. — 30 жанчынам (прыкладна 13 працэнтам), якія падпадалі пад пералічаныя ўмовы, у амністыі было адмоўлена. З розных прычын. Хтосьці не кампенсаваў урон, нанесены злачынствам, іншыя злосна парушалі ўстаноўлены парадак, — тлумачыць намеснік начальніка ўстановы па папраўчым працэсе Алег ЛІТВІНАЎ. Адзін з крытэрыяў ацэнкі выпраўлення — адносіны да працы. Жанчыны ў калоніі заняты на кухні, у пральні. Але большасць адпраўляюць на швейную вытворчасць: вырабляць рабочае адзенне і форму для прадстаўнікоў сілавых структур. Той, хто з машынкай зусім не ладзіць, вяжа мачалкі. Норма выпрацоўкі — не ніжэйшая за ўзровень брыгады. Заробкі ў асуджаных розныя. Колькі кожная напрацавала, столькі і атрымае. Дзяўчаты, якія перавыконваюць норму, у месяц і па шэсць мільёнаў маюць. Праўда, скарыстацца заробленымі грашыма цалкам зняволеныя не могуць. З гэтай сумы, напрыклад, адразу адымаюцца затраты на ўтрыманне — каля мільёна ў месяц. У тых, хто павінен пакрываць урон ці пералічваць аліменты на дзяцей (такіх у калоніі каля тысячы), пасля ўсіх выплат на рахунку застаецца толькі дзесяць працэнтаў ад заробку. У іншых — не менш за чвэрць.

Вызваліцца з новай прафесіяй

Перш чым выпусціць амніставаных, адміністрацыя калоніі павінна ўпэўніцца, што жанчынам ёсць куды ісці, і, калі што, дапамагчы ім знайсці прытулак і працу на волі. За тры месяцы да вызвалення ў камітэты па працы і сацыяльнай абароне, на прадпрыемствы пачынаюць накіроўваць лісты аб бытавым уладкаванні. Асобныя арганізацыі ў сваю чаргу таксама пішуць у калонію: паведамляюць, што гатовы забяспечыць месцамі былых асуджаных. Уладкаваць удаецца амаль усіх. Летась з нявырашаным пытаннем засталіся толькі тры жанчыны — «зусім цяжкія выпадкі». У кожнай вобласці працуе цэнтр адаптацыі для раней асуджаных. Там чалавеку дапамагаюць асвоіцца ў грамадстве. З праблемай вяртання ў асяродак, дзе быў да калоніі, вызваленыя сутыкаюцца часта. Той жа наркаман, калі зноў апынецца ў старой кампаніі, верагодна, ізноў «падсядзе» на іглу. А чалавеку, які адсядзеў за забойства, магчыма, не варта паказвацца ў горадзе ці вёсцы, дзе ўсё адбылося: касыя позіркі суседзяў і размовы за спінай наўрад ці будуць спрыяць паспяховай адаптацыі былога зняволенага. Таму ў калоніі пільна вывучаюць сітуацыю, у якой іх падапечныя апынуцца на волі. — Трэба ўпэўніцца, што вызваленыя будуць у далейшым паводзіць сябе правапаслухмяна, і забяспечыць іх умовамі, якія паспрыяюць рэсацыялізацыі, — кажа Алег Літвінаў. Алег Міхайлавіч згадаў яшчэ пра пілотны праект, які збіраюцца запусціць на базе калоніі, але потым вырашыў не расказваць: каб не сурочыць. Праўда, крыху пазней намеснік начальніка аддзела папраўчага працэсу Алена ДРАЗДОВА ўсё ж такі выдала пару дэталяў: асуджаныя змогуць дыстанцыйна атрымліваць вышэйшую адукацыю. Сярод спецыяльнасцяў, якія прапануюць асвоіць, — юрыст, менеджар, бухгалтар. Раней у беларускіх месцах пазбаўлення волі такой магчымасці не было. Акрамя гэтага, у калоніі рэалізуецца шэраг пастаянных сацыяльных праектаў. Напрыклад, тут адкрыты філіял Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання, дзе жанчыны могуць вывучыцца на швачку-краўца ці паспрабаваць сябе ў спецыяльнасці «Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка». Групы набіраюць невялікія: на швачку — 50 чалавек, на цырульніка — 25. Раней былі яшчэ курсы манікюру.

Разбой і хабар у пяць тысяч долараў

На швейнай фабрыцы працоўны дзень у разгары. Адны жанчыны раскройваюць дэталі будучай формы, іншыя спрытна змацоўваюць іх на машынцы. Некаторыя з амніставаных, што заступілі на змену, згадзіліся з намі пагутарыць. На пытанне «Чаму сюды трапіла?» маладая дзяўчына Насця адказвае коратка: «Па глупстве». Сімпатычная брунетка некалі працавала ў масажным салоне. Праўда, у спісе паслуг, што аказвалі ў тым цэнтры, значыўся не толькі масаж. Прыгожыя дзяўчаты практыкавалі ў салоне і іншыя, больш прыбытковыя, спосабы заробку. Насцю асудзілі за прадастаўленне памяшкання для заняткаў прастытуцыяй. Прысуд — 10 гадоў калоніі. Пасля апеляцый і дзвюх амністый (леташняй і сёлетняй) тэрмін скараціўся да шасці гадоў. — Можа, пашанцуе, і пад наступную амністыю траплю. Мне тры гады сядзець засталося. Па доме сумую, — уздыхае Насця. За другім сталом працуе Хрысціна. Усмешка, яркі макіяж... У родным Пінску яна была арганізатарам танцавальных шоу-праграм. У калоніі сферу дзейнасці давялося часова змяніць: тут дзяўчына камплектуе гатовыя вырабы па размерах і адпраўляе на фабрыку. Сядзіць за разбой. «Пазнаёміліся з сяброўкай з двума хлопцамі, згадзіліся схадзіць з імі на спатканне, — узгадвае той дзень Хрысціна. — Спачатку ўсё ішло нармальна, а потым кавалеры сталі рукі распускаць. Мы і патэлефанавалі сябрам, якія хутка прымчаліся і дапамаглі «разруліць» сітуацыю. Пра крымінальную адказнасць у той момант не думалі». Амністыі, якая скараціла тэрмін на год, асуджаная вельмі рада. На свабоду дазволяць выйсці праз 13 месяцаў. — Цяпер уся ў летуценнях, чаканнях, — шчасліва ўздыхае дзяўчына і прызнаецца, што марыць не толькі вярнуцца да любімага занятку — танцаў, але і знайсці добрага мужчыну. — Не дзяўчынка ўжо, кахання сур'ёзнага хочацца. І пра дзетак задумваюся. Яшчэ адну амніставаную, Вольгу, выпусцяць наступнай вясной. Прычына, праз якую жанчына трапіла ў калонію, банальная — хабар. Спакусілася на пяць тысяч долараў — «удзячнасць ад кліента» — і не заўважыла, што яе запісвала камера відэаназірання. Незаконна атрыманыя грошы Вольга даўно вярнула. На свабоду жанчына рвецца не толькі з прычыны працы (як кваліфікаванага спецыяліста, яе гатовы прыняць на месца менеджара ў адну са сталічных кампаній). Дома асуджаную чакае хворая маці. — Яна інвалід другой групы, ёй патрэбны догляд, — як толькі размова зайшла пра маці, вочы Вольгі сталі вільготнымі. — Добра, што муж з сынам дапамагаюць, клапоцяцца пра яе, пакуль мяне побач няма. Прабачце... (жанчына дастае з кішэні сурвэтку і выцірае слёзы, якія ўжо не ўдаецца стрымаць) балючая тэма. У гомельскай калоніі знаходзяцца асуджаныя, якія ў месцах пазбаўлення волі апынуліся ўпершыню. На тое, што гэты тэрмін стане апошнім, спадзяюцца многія жанчыны. Магчымасці вярнуцца дадому раней Вольга ўдзячна: — Амністыя — гэта акт гуманнасці. Розныя сітуацыі здараюцца, і дзяўчаты тут розныя. У многіх ёсць сем'і, якім яны патрэбны. Усе памыляюцца. І тым, хто асэнсаваў сваю памылку, варта даваць шанц.

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Каментарый да тэмы Алег ТОКУН, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: — Для асоб, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, у краіне забраніравана больш за шэсць тысяч працоўных месцаў. Гэта вакансіі ва ўсіх сферах эканомікі: з калоній жа розныя спецыялісты выходзяць. За паўгода ў цэнтры занятасці звярнуліся 2,9 тысячы былых зняволеных. З іх 1116 чалавек мы працаўладкавалі, 108 накіравалі на атрыманне адукацыі. Каля 300 грамадзян адмовіліся ад прапанаваных вакансій. Асноўная праблема ўладкавання людзей, што выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, — іх уласнае нежаданне працаваць. Прыкладна 50 працэнтаў такіх грамадзян мы здымаем з уліку ў службах занятасці за няяўку да нас на працягу перыяду, большага за тры месяцы. Вядома, і не кожны наймальнік гатовы прыняць на прадпрыемства такога работніка. Таму ў нас дзейнічае гэты механізм браніравання. Калі працадаўца, які заключыў з намі дагавор, адмовіцца забяспечыць месцам былога асуджанага, то павінен будзе сплаціць штраф — да 50 базавых велічынь. Памілаванне ў дзеянні Як паведамілі ва упраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі, закон «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў» разгледжаны ў дачыненні да амаль 6 тысяч чалавек. Начальнікі закрытых папраўчых устаноў вынеслі пастановы аб вызваленні 1389 пакараным, з якіх 25 — непаўналетнія. Вырашана скараціць тэрмін зняволення на год 1515 асуджаным. Пры гэтым падчас амністыі асуджаныя ўжо пакрылі шкоду амаль на 3,5 мільярда рублёў.

Тарас ШЧЫРЫ


Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.