Вы тут

Чатыры бакі свету


Чатыры бакі свету — усход, захад, поўнач і поўдзень — заўсёды падаваліся на графічных выявах у выглядзе крыжа. У народнай культуры лічылася, што з гэтых напрамкаў прыходзяць вятры, якія нясуць ці доўгачаканы дождж, ці знішчальны ўраган; што па краях свету жывуць багі, якія кіруюць жыццём людзей на зямлі.

Усход («там, дзе ўзыходзіць сонца») — бок свету, які заўсёды сімвалізаваў святло, крыніцу жыцця, дзяцінства і юнацтва, уваскрэсенне, аднаўленне, новае жыццё, вясну.

У хрысціянстве ўсход сімвалізуе Хрыста — «Сонца Сусвету». Праваслаўныя, калі звяртаюцца да найвышэйшых сіл нябёсаў, моляцца тварам да ўсходу.

Па першым громе, які пачулі ўвесну, варажылі пра будучы ўраджай: гром з усходу прадказваў прыбытак, з захаду — няўрод і голад.

Лічылася, калі чалавек спіць галавой на ўсход, ён лёгка прачынаецца, бадзёры і здаровы.

Захад — бок свету, дзе заходзіць сонца, які ў народнай культуры сімвалізаваў сон, смерць, свет сатаны ці д'ябла, месца, куды сыходзяць душы памерлых («туды, куды сонейка сыходзіць»).

У шэрагу народных рытуалаў рух на ўсход атаясамліваўся са станоўчым пачаткам, на захад — з адмоўным. Пры гэтым пачатак параўноўвалі з усходам, а заканчэнне — з захадам.

Менавіта таму вясельны картэж рухаўся да храма па сонцы (на усход), а пахавальная працэсія супраць сонца (на захад).

Калі чалавек паміраў, апошнім месцам яго прытулку станавілася магіла. Пры гэтым праваслаўныя беларусы стараліся рабіць так, каб галава памерлага была накіравана на захад.

Поўнач заўсёды звязвалася з моцнымі, злоснымі, агрэсіўнымі сіламі прыроды, цемрай, голадам, злом, ноччу і смерцю.

Менавіта на поўнач была накіравана так званая «глухая» сценка хаты (сценка без акон).

Поўдзень у народнай культуры славян быў сімвалам цеплыні, вогнішча, полымя, мужнасці, лета і маладосці.

Падчас будаўніцтва хаты планавалі, каб максімальная колькасць вокнаў выходзіла на поўдзень і сагравала хату цяплом сонейка.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.