Вы тут

Каб адпачынак не стаў занадта гарачым


Падчас падарожжаў па Турцыі будзьце ўважлівымі.

Турцыя для нашых суайчыннікаў застаецца адным з самых папулярных напрамкаў для летняга адпачынку. Тым не менш на мінулым тыдні Міністэрства спорту і турызму, на падставе інфармацыі МЗС, параіла суайчыннікам, што збіраюцца наведаць Турцыю, адмовіцца ад паездак у правінцыі, сумежныя з Сірыяй і Іракам. Аргументавалася гэта тым, што там улады гэтай краіны праводзяць антытэрарыстычную аперацыю.

У той жа час, па інфармацыі Міністэрства замежных спраў нашай краіны, становішча ў традыцыйных зонах адпачынку ў Турцыі застаецца спакойным, «турэцкімі ўладамі прымаюцца ўсе неабходныя захады па забеспячэнні бяспекі на ўсёй тэрыторыі Турцыі». Значыць, ехаць туды можна, але асцярожна.

Як паведамляецца, з пачатку правядзення антытэрарыстычнай аперацыі праваахоўныя органы Турцыі затрымалі па ўсёй краіне больш за 1300 чалавек. Затрыманыя падазраюцца ў сувязях з «Ісламскай дзяржавай Ірака і Леванта», Рабочай партыяй Курдыстана (РПК) і тэрарыстычнай групоўкай «Рэвалюцыйная народна-вызваленчая партыя-фронт».

Падчас аперацыі ваенна-паветраныя службы Турцыі знішчылі ваенны лагер Рабочай партыі Курдыстана «Хакурк» на поўначы Ірака. Раней ВПС Турцыі нанеслі ўдар па лагеры РПК «Метына» на поўначы Ірака.

Тым часам у Бруселі адбыліся кансультацыі ў рамках НАТА па пытаннях падтрымання бяспекі ў Турцыі. Савет НАТА адкрыта асудзіў гэтыя напады і паказаў, што застаецца салідарны з Турцыяй у рамках прынцыпу непадзельнасці калектыўнай бяспекі альянсу.

Урад Турцыі прыняў рашэнне аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі пасля шэрагу тэрактаў, арганізаваных на тэрыторыі краіны. Сітуацыя ў краіне абвастрылася на мінулым тыдні, калі баевікі «Ісламскай дзяржавы» здзейснілі тэракт на мяжы Турцыі і Сірыі. У сувязі з аперацыяй турэцкія спецслужбы папярэдзілі насельніцтва аб высокай верагоднасці тэрактаў на паўднёвым усходзе краіны, а таксама ў Стамбуле.

Тэракты не прымусілі сябе чакаць. У мінулыя выхадныя ва ўсходняй правінцыі Турцыі Аргы экстрэмісты Рабочай партыі Курдзістана ўчынілі тэрарыстычны акт ля мясцовага аддзялення жандармерыі. Тэрарыст пад'ехаў да будынка на трактары з дзвюма тонамі выбухоўкі. Двое паліцэйскіх загінулі, 24 паранены. Экстрэмісты абстралялі і машыну хуткай дапамогі, якая ехала на месца тэракта. Яшчэ адзін выбух адбыўся ў правінцыі Мардзін, на мяжы з Сірыяй. Загінуў адзін турэцкі ваеннаслужачы, чацвёра паранены.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.