Вы тут

Лес і полымя


У Асіповіцкім раёне змагаюцца з лясным пажарам. Агонь ліквідоўвалі нават з верталётаў, але пакуль канчаткова не знішчылі. З эпіцэнтра падзей перадаюць карэспандэнты «Звязды».

6-19

У гэтых мясцінах Асіповіцкага раёна лес багаты на ягады. На станцыі Вярхі, якая прымыкае да самага лесу, з электрычак пастаянна выходзяць дзясяткі ягаднікаў і грыбнікоў. Ад лесу многія чакалі ўраджаю, а атрымалі — пажар, які сваім дымам нават паспеў напалохаць жыхароў сталіцы.

— Інфармацыя аб пажары на мяжы Цэльскага і Асіповіцкага лясніцтваў паступіла ў суботу. Мы адразу ўзяліся за яго тушэнне,— кажа Аляксандр Кулік, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі, з якім мы сустрэліся ў штабе, што разбілі непадалёк ад чыгункі.— Адразу агульная плошча пажару складала паўтара гектара, а пасля ён разышоўся па мху і верасе. Цяжкасць у тым, што тут балоцістая мясцовасць і наша тэхніка ў ёй «садзіцца». Прыйшлося задзейнічаць верталёты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з якім мы шчыльна супрацоўнічаем. Працавалі тры, цяпер застаўся адзін (размова адбылася ў аўторак. — Аўт.), які апрацоўвае ачагі агню. Сёння ў лесе дзейнічаюць 200 спецыялістаў лясной аховы, больш за 20 прадстаўнікоў МНС. Працуе тэхніка. Сітуацыя пад кантролем, пажар лакалізаваны. Аднак тушыць будзем да поўнай ліквідацыі. Ці пагражаў ён чыгунцы? Не, для нас галоўным было не пусціць яго ў сасновыя пасадкі.

6-20

У Віктара Дамарада, галоўнага ляснічага Асіповіцкага вопытнага лясгаса, мабільны літаральна плавіцца ад званкоў. Яны раздаюцца пастаянна. Разам з ім мы паглыбляемся ў лес, дзе працуюць дзясяткі лясных ахоўнікаў. З кожным крокам усё больш і больш адчуваем едкі дым, дзесьці непадалёк гудзіць верталёт.

— У нас доўга не было дажджоў, — дзеліцца галоўны ляснічы.— 8 чэрвеня ўвялі забарону на наведванне лясоў, і адразу пачалі паступаць скаргі ад насельніцтва. Маўляў, многія спецыяльна бралі адпачынак для таго, каб нарыхтаваць ягад, зарабіць якую капейчыну. 12 ліпеня прайшоў дождж, і забарону знялі. І вось што атрымалася...

6-21

Пажар пазначыў сваю прысутнасць чорнымі плямамі на зямлі і абгарэлымі стваламі дрэў. Каб ягады тут зноў з'явіліся, павінен прайсці не адзін год.

— Паўтарылася сітуацыя 1992 года, — узгадвае Віктар Дамарад.— І тады, і сёння віной пажару стаў так званы чалавечы фактар. А тут яшчэ гарачае надвор'е, адсутнасць вільгаці...

6-18

З кожным крокам рухацца становіцца ўсё складаней. Гусенічны трактар прабіваў прасеку, уздоўж якой цягнецца пажарны рукаў, каб адасобіць незакрануты лясны масіў і даць магчымасць прабрацца да ачагоў. Больш-менш камфортна ісці можна толькі ў ботах ці ў берцах. Праз кожныя сто метраў сустракаюцца работнікі лясных гаспадарак з распыляльнікамі ў руках. Стомленыя, яны з самага ранку тушаць ачагі полымя, каб тыя зноў не ўзнікалі. А там, дзе ачагі вялікія, іх заліваюць проста з рукава. На тушэнні пажару шчыруюць не толькі мясцовыя ляснічыя, але з Бабруйскага, Глускага, Быхаўскага і Клічаўскага раёнаў. Галоўнае тут— трымаць лінію, не даць агню распаўсюдзіцца. У самы эпіцэнтр ніхто не лезе. Там працуе выключна верталёт, які палівае ў цяжкадаступных месцах вадой, якую набірае ў коўш непадалёк у Свіслачы.

У гадзіны тры многія сваімі камандамі хаваюцца ў цяньку на перакус. Стол, зразумела, не як у сталоўцы, але падсілкавацца можна сытна. На разгорнутай газеце ў хлопцаў хлеб, памідоры, агуркі, кансервы, каўбаса, нават вафлі. Але галоўнае багацце тут, напэўна, вада, без якой у 30-градусную спёку доўга не папрацуеш. Тым больш калі ты на нагах з самага ранку.

Нягледзячы на тое, што пажар лакалізаваны, працы на некаторых участках гэтай мясцовасці яшчэ шмат. Усё ж такі патушыць торф няпроста. Цалкам знішчыць пажар у гэтых балоцістых мясцінах могуць толькі дажджы. Аднак, паводле прагнозаў сіноптыкаў, на гэтым тыдні іх не будзе.

Тарас ШЧЫРЫ

Фо­та Ана­то­ля Кле­шчу­ка

taras@zviazda.by

Асіповіцкі раён

У тэму

Юрый МЯТЛІЦКІ, начальнік упраўлення аварыйна-выратавальных служб і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС:

— Цяпер усталявалася гарачае надвор'е, у лясах павышаны клас небяспекі. Дажджоў мала, засуха, глеба амаль абязводжаная. І любое ўздзеянне высокай тэмпературы на такую зямлю выклікае пажары, і нават пры невялічкім ветрыку — распаўсюджванне агню. Калі своечасова не лакалізаваць, пажар можа разысціся на вялікія плошчы. У многіх раёнах уведзена забарона на наведванне лясоў. І таму там нельга не толькі карыстацца адкрытым агнём, а наогул знаходзіцца. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».