Вы тут

Віктар Русак: «Мы з самага пачатку прытрымліваемся курсу мірнага ўрэгулявання любых канфліктаў»


Сённяшняя дата сумна вядомая як Дзень Хірасімы — 70 гадоў таму амерыканскі бамбардзіроўшчык скінуў на японскі горад Хірасіма атамную бомбу. Цяпер 6 жніўня адзначаецца як Сусветны дзень барацьбы за забарону ядзернай зброі. Наша краіна ў сусветнай супольнасці вядома не толькі як бяз'ядзерная дзяржава, але і як дзяржава, якая значныя намаганні прыкладае для таго, каб і іншыя краіны свету адмовіліся ад зброі масавага знішчэння.

ed0698e4f9bc99723ab6fe3bbde

Нагадаем, у чэрвені 1993-га Беларусь афіцыйна далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, а ў 1996—1997 гадах завяршыўся вывад яе з тэрыторыі краіны. Трэба падкрэсліць, што Беларусь адмовілася ад валодання самым сучасным ваенным ядзерным патэнцыялам без усялякіх папярэдніх умоў. Гэтым мы фактычна паклалі пачатак працэсу ўрэгулявання пытанняў ядзернага раззбраення на постсавецкай прасторы ў інтарэсах міжнароднага міру і бяспекі. Парламентарый Віктар Русак, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, расказаў, наколькі важна для нашай краіны тое, што ў свой час мы адмовіліся ад ядзернай зброі.

— 70 гадоў таму ў свеце мала хто зразумеў, што адбылося ў гэты дзень. Прагучала, што была ўзарвана бомба магутнасці дагэтуль нябачанай, але падчас вайны гэта не бог ведае якая падзея, па вялікім рахунку. Жах ад усвядомленага наступіў з-за таго, што чалавецтва ўступіла ў іншую эру і атрымала зброю, легкадумнае стаўленне да якой можа вызваць глабальныя катастрофы. Не проста нейкія разбурэнні, не проста смерць вялікай колькасці людзей, а менавіта глабальныя праблемы для ўсёй нашай планеты.

Спыніць навукова-тэхнічны прагрэс, відаць, не ўдасца нікому, ды і не трэба гэтага рабіць. Але ўся гісторыя чалавецтва паказвае, што няма, відаць, хоць трохі сур'ёзнай тэхнічнай вынаходкі, якую ў той ці іншай ступені не спрабавалі б выкарыстаць у шкоду чалавеку. Гэта пачалося, відаць, яшчэ з той пары, калі адзін узяў у рукі палку для таго, каб збіць арэх, а другі яе ўзяў для таго, каб адабраць гэты арэх. Сёння, як вы разумееце, мы маем справу не з палкамі, нават не з порахам і не з дынамітам, а са зброяй абсалютна іншага класа і іншай ідэалогіі. Навукова-тэхнічны прагрэс будзе развівацца, і ў тым ліку, хочам мы гэтага ці не, будзе ўдасканальвацца і зброя.

Віктар Русак упэўнены, што ў такой сітуацыі асаблівую ролю адыгрывае ўсведамленне палітыкамі адказнасці.

— Асабліае значэнне набывае маральная адказнасць як вядучых палітыкаў, так і ўсёй сусветнай супольнасці. Адказнасць кіраўніцтва нашай краіны, маральная адказнасць усяго беларускага народа — гэта тое, што з самага пачатку мы заявілі, што будзем няўхільна прытрымлівацца курсу мірнага ўрэгулявання любых, нават самых складаных, заблытаных канфліктаў. Мы верныя тым абавязкам, што ўзялі на сябе. І, відаць, гэта адна з прычын, па якой мы дабравольна адмовіліся ад захавання на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі.

Парламентарый назваў і выгады, якія прынесла адмова ад ядзернай зброі.

— Па-першае, палітычны аспект. Мы, застаючыся вернымі ўзятым на сябе абавязацельствам, можам з любой дзяржавай, арганізацыяй гаварыць і закранаць самыя далікатныя пытанні захавання, распаўсюджвання і выкарыстання ядзернай зброі. Мы маем на гэта права, мы адмовіліся ад яе, чым далі прыклад і іншым.

Другі момант — ён у нечым, можа, і прагматычны. Утрыманне ядзернай зброі, рэгламентныя работы, захаванне, замена— гэта дарагое задавальненне.

Трэці момант — думаю, вам даводзілася чуць, што наяўнасць ядзернай зброі аблягчае працэс вядзення перамоў па асобных палітычных пытаннях. Гэта ўсё роўна як пісталет у кішэні, калі чалавек раптам апынуўся сярод бандытаў. Але гэта двухбаковавострая рэч. Бо калі прывесці тую ж самую аналогію з бандытамі, то няправільны жэст можа прывесці да тваёй гібелі. Яны ведаюць, што ў цябе ёсць зброя, і могуць спрацаваць на апераджэнне. Гэтак жа і ў палітыцы: наяўнасць ядзернай зброі робіць цябе ўразлівым аб'ектам. Вельмі высокая верагоднасць, што супраць цябе ж гэта зброя можа быць прыменена, што прывядзе да вельмі сур'ёзных наступстваў.

Але чаму я паставіў на першае месца менавіта палітычны аспект? Кіраўніцтва нашай краіны не раз заяўляла, што мы катэгарычна не прымаем сілавых метадаў вырашэння палітычных пытанняў, канфліктаў, у тым ліку і з прымяненнем зброі масавага знішчэння. У краіне робіцца максімальна магчымае для рэалізацыі гэтага тэзіса — пачынаючы з пазіцыі і неаднаразовых выступленняў кіраўніка дзяржавы і заканчваючы неабходнай заканадаўчай базай.

Надзея ЮШКЕВІЧ. yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.