Вы тут

Адпачынак на любы густ


Яшчэ ў чэрвені стартавала новая рэспубліканская акцыя «Лета — на карысць»

«Мы мелі на мэце падчас летняй аздараўленчай кампаніі пашырыць пералік профільных лагераў для высокаматываваных дзяцей», — паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК. У розных рэгіёнах краіны сёлета дзейнічаюць экалагічныя, біялагічныя, тэхнічныя, матэматычныя, грамадска-гуманітарныя, мастацкія, харэаграфічныя, ваенна-патрыятычныя, абаронна-спартыўныя, турыстычныя летнікі, лагеры для актывістаў грамадскіх арганізацый.

7-39

7-39

 

У апошні час з'явілася тэндэнцыя да павелічэння колькасці так званых лінгвістычных летнікаў, якія адкрываюцца найперш разам з асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА і іншымі арганізацыямі. Сёлета, напрыклад, у Асіповіцкім раёне з'явіўся лагер юных археолагаў. Адкрываюцца таксама спецыялізаваныя летнікі для юных паэтаў, энтамолагаў і г.д. Цікавым напрамкам дзейнасці профільных лагераў з'яўляецца стварэнне валанцёрскіх педагагічных атрадаў для падлеткаў, якія маюць схільнасці да педагагічнай дзейнасці. У такіх валанцёрскіх атрадах толькі ў НДЦ «Зубраня» ўдзельнічаюць каля 50 хлопчыкаў і дзяўчат. А за два летнія месяцы ўжо 200 старшакласнікаў з задавальненнем акунуліся ў валанцёрскую працу. Прыкметна павялічылася колькасць лагераў працы і адпачынку. Сёлета праз такія летнікі пройдуць каля 15 тысяч падлеткаў. Сярэдняя заработная плата ў дзяцей, якія адначасова і адпачывалі, і працавалі, склала ад 200 тысяч да 1,5 мільёна рублёў.

Цудоўна апраўдалі сябе палатачныя лагеры, якія ствараюцца па прынцыпе «летнік у летніку» — на базе стацыянарных лагераў з добра развітай інфраструктурай. Яны працуюць, як правіла, у 9-дзённым рэжыме. Шэсць профільных летнікаў з выкарыстаннем палатак арганізуюцца гэтым летам на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар». У ліпені ў «Лідары» дзейнічаў міжнародны профільны лагер: беларускіх падлеткаў знаёмілі з «азамі» рабочых прафесій нямецкія педагогі і майстры.

Віктар Якжык зазначыў, што ў апошнія гады намеціліся станоўчыя тэндэнцыі ў арганізацыі аздараўлення школьнікаў як у асобных рэгіёнах, так і ў цэлым па краіне. Гэтым летам у Беларусі дзейнічаюць 174 стацыянарныя летнікі. Іх колькасць у параўнанні з папярэднімі гадамі не зменшылася. Лагеры з кругласутачным знаходжаннем працуюць у чатырохзменным рэжыме з працягласцю кожнага заезду ад 18 да 21 дня. Колькасць дзяцей, што аздараўляюцца, вагаецца ў краіне апошнія пяць гадоў ад 32 да 36%.

Цэнтральным мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі «Лета на карысць» стане фестываль летніх аздараўленчых лагераў, які адбудзецца ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» з 16 па 18 жніўня.

Дарэчы, у гэтым сезоне дзіцячы цэнтр запрасіў беларускіх дзяцей адпачыць у Балгарыю. Лагер «Зубраня» размясціўся на арандаванай базе на тэрыторыі паміж Варнай і буйным курортам Залатыя Пяскі, куды ён перанёс усе свае традыцыі. Праграма ў летніку даволі насычаная: купанне ў моры і басейне з мінеральнай вадой, пляжныя гульні і забавы, прагулкі і экскурсіі, творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і аб'яднанні па інтарэсах, анімацыйныя праграмы і праекты. Працуюць з дзецьмі кваліфікаваныя педагогі з НДЦ «Зубраня» і анімацыйная каманда «Альбатрос» з Балгарыі.

— Ва ўсіх выхаваўча-аздараўленчых установах сёлета ў поўнай меры задзейнічаны патэнцыял педагогаў-прадметнікаў. І, што асабліва радуе, значна вырасла колькасць педагогаў, якія пайшлі працаваць у аздараўленчыя лагеры па закліку душы, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі. — Гэта першае лета, калі мы не прымалі нейкіх спецыяльных (перш за ўсё, у рэгіёнах) захадаў, каб набраць людзей для працы ў аздараўленчых летніках.

Надзея НІКАЛАЕВА. nikalaeva@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.