Вы тут

«Ад старога моста амаль нічога не застанецца»


Рэканструкцыя адной з галоўных транспартных артэрый цераз Днепр ідзе поўным ходам

Пушкінскі мост у Магілёве — адзін з самых галоўных, ён злучае цэнтр горада з Кастрычніцкім раёнам. З моманту свайго адкрыцця ў 1959 годзе ён яшчэ ні разу не закрываўся на капітальны рамонт. Сёлета мост гучна нагадаў пра сябе абрушэннем некалькіх пралётаў агароджы. На шчасце, абышлося без пацярпелых. Пасля гэтага ён быў часткова перакрыты для пешаходаў, а на ўездзе з'явіліся папярэджальныя знакі аб абмежаванні транспартнага руху.

7-40

Між тым лёс моста быў вырашаны яшчэ летась. Аб крытычным стане аб'екта мясцовыя ўлады паведамілі Прэзідэнту падчас яго наведвання Магілёўскай вобласці ў лістападзе. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні разгледзець магчымасць    уключэння моста ў планы на мадэрнізацыю. Пратакол з указаннем тэрмінаў быў падпісаны 22 снежня. Дакументам прадугледжана ўключэнне аб'екта ў інвестыцыйную праграму на 2016 год на ўмовах роўнадолевага фінансавання за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў (20%) і крэдытных рэсурсаў банка (80%). Гэтым жа пратаколам кіраўнік дзяржавы даручыў Магілёўскаму аблвыканкаму ў другой палове 2015 года прыступіць да капітальнага рамонту моста. І рэканструкцыя пачалася ў акрэсленыя тэрміны.

Улічваючы запатрабаванасць моста, яго вырашана было цалкам не закрываць. Наогул мясцовыя ўлады паклапаціліся, каб часовыя нязручнасці як мага менш адбіліся на гараджанах. Тралейбусныя лініі прыйшлося дэмантаваць, але распрацавана новая схема руху грамадскага транспарту, дзе задзейнічана больш аўтобусаў і маршрутак.

Падрыхтоўчыя работы ўжо завершаны, будаўнікі ўступілі ў асноўную стадыю капітальнага рамонту. Адна з палоў моста цалкам перакрытая, разбіраюцца старыя бэлькі і вядзецца мантаж новых пралётных пабудоў. Галоўны падрадчык — ААТ «Мостабудстрой», але аб'ект можна лічыць агульнай рэспубліканскай будоўляй. Тут працуюць спецыялісты з усёй краіны. Складанасці хапае, работы часткова вядуцца нават пад вадой. Для ўмацавання апорнай часткі моста будаўнікам давялося паглыбіцца ў рэчышча Дняпра на некалькі дзясяткаў метраў.

Да канца снежня будаўнікі плануюць цалкам завершыць рамонт гэтай часткі моста. «Праблем з фінансаваннем няма, — запэўніў намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Андрэй САСІН. — Збіраемся засвоіць каля 70 мільярдаў рублёў дарожнага фонду і крэдытных сродкаў Банка развіцця».

У наступным годзе плануецца цалкам зрабіць мост. Па словах Андрэя Сасіна гэта будзе зусім новая пабудова, ад былога ў ім амаль нічога не застанецца. Пасля рэканструкцыі мост атрымае 2 дадатковыя паласы руху і стане шырэйшым амаль на 10 метраў. Яго прапускная здольнасць павысіцца прыблізна на 30%. Але работы на гэтым не скончацца. Праектам прадугледжана таксама пашырэнне Дняпроўскага спуску ад плошчы Арджанікідзе да вуліцы Чалюскінцаў і Пушкінскага праспекту да перасячэння з вуліцай Гагарына. Акрамя гэтага, запланавана будаўніцтва транспартнага вузла і падземнага пераходу каля плошчы Славы з выхадам на мост і вуліцу Вялікую Грамадзянскую — да парку культуры і адпачынку ў Падніколлі.

На рэалізацыю праекта «Рэканструкцыя транспартнага вузла на скрыжаванні вуліцы Чалюскінцаў і праспекта Пушкінскага ў горадзе Магілёве» пойдзе каля 300 мільярдаў рублёў. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва, згодна з распрацаваным праектам, складае 22 месяцы. Іншымі словамі, да канца 2017 года аб'ект павінен быць здадзены цалкам.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.