Вы тут

Перспектывы кілавата


Энергетычны рынак краіны чакаюць змены

Чаму атамныя электрастанцыі бяспечнейшыя за звычайныя цеплавыя? Як хутка будзе створаны адзіны энергетычны рынак краін ЕАЭС? Якія істотныя праблемы мае так званая «зялёная» выпрацоўка кілаватаў? Аб гэтым гаворка ішла на круглым стале, прысвечаным узаемадзеянню Беларусі і Расіі ў сферы энергетыкі.

7-36

«Хіба хтосьці агітаваў за спыненне цеплавых электрастанцый?»

Сіндром радыёфобіі ўласцівы многім жыхарам краіны вось ужо амаль 30 гадоў пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Але аказваецца, што звычайныя цеплавыя электрастанцыі маюць на сваіх рахунках куды больш жыццяў, чым атамныя.

— Хочам мы сёння таго або не, але сёння рэальную альтэрнатыву цеплавому спосабу атрымання энергіі ўяўляюць з сябе гідра- і атамныя электрастанцыі, — лічыць намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Аляксей Кубрын. — У дачыненні да апошніх вельмі шмат гаворыцца пра экалагічны складнік і бяспеку людзей. Я прывяду некалькі лічбаў. Неўзабаве пасля аварыі на ЧАЭС пры Акадэміі навук у Расіі запрацаваў спецыяльны інстытут, які якраз займаецца праблемамі бяспечнай эксплуатацыі атамных электрастанцый. І за гэты час ён сабраў цікавую статыстыку. Аказваецца, няшчасныя выпадкі на цеплавых электрастанцыях забралі жыцці каля 18 тысяч чалавек. За той жа час ад трагедый у атамнай энергетыцы загінула каля 800 чалавек, і гэта з улікам Чарнобыля і яго мяркуемых ахвяраў. Гэта сведчанне таго, што экалагічная і агульная бяспека атамнай энергетыкі на парадак вышэйшая за тую, якая існуе на звычайных электрастанцыях. Сістэмы і ўзроўні абароны на такіх аб'ектах вельмі высокія. Тым не менш хіба хтосьці ў свеце выходзіў на вуліцы з лозунгамі кшталту: «Спынім эксплуатацыю цеплавых электрастанцый, перапынім здабычу вугалю?» А вось калі адбыліся сумныя падзеі на Фукусіме, то дэманстрацыі супраць атамнай энергетыкі былі...

У ЕАЭС запрацуе адзіны энергетычны рынак

Як зазначыў Аляксей Кубрын, стварэнне адзінай энергасістэмы Беларусі і Расіі — гэта адзін з краевугольных камянёў узаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве. Гэтую задачу паставілі міністэрствы прамысловасці, энергетыкі, эканомікі абедзвюх краін. Найперш неабходна ўніфікаваць нарматыўную базу і існуючыя тэхналогіі.

— Аб адзіным рэальным энергетычным рынку пакуль гаварыць даволі складана, — мяркуе першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Леанід Шанец. — Сёння гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца экспертамі з абодвух  бакоў. Разам з тым адзіны энергетычны рынак павінен запрацаваць ужо з 2019 года. Таму ў найбліжэйшы час пытанні, звязаныя з ім, можна вырашыць.

Падводныя камяні «зялёнай» энергетыкі

Апошнім часам мы вельмі шмат чуем пра імклівае развіццё ў Заходняй Еўропе ветракоў і сонечных электрастанцый. На першы погляд, гэты спосаб атрымання кілаватаў вельмі экалагічны — не трэба спальваць арганічнае паліва, ды і няма патрэбы ў стварэнні такой колькасці ўзроўняў бяспекі, як на АЭС. А калі прыгледзецца больш уважліва?

— У Беларусі пабудавана 6 сур'ёзных па магутнасці біягазавых комплексаў, у асноўным іх магутнасць не перавышае 1 МВт/г, — паведаміў намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч. — Працуюць і 37 ветраўстановак магутнасцю да 1,5 МВт. Менш за год таму на поўную магутнасць была запушчана сонечная электрастанцыя ў Бабруйску на 2 мегаваты. Але вопыт эксплуатацыі аднаўляльных крыніц энергіі вымушае прызадумацца. Так, сабекошт выпрацоўкі электрычнасці на іх меншы дзякуючы адсутнасці паліўнага складніку, за выключэннем біягазу.

Ветравыя ж і сонечныя электрастанцыі маюць вельмі вялікі зыходны недахоп, які заключаецца ў малым каэфіцыенце выкарыстання магутнасцей. Напрыклад, узімку светлавы дзень вельмі кароткі, і ад сонца шмат энергіі атрымаць ужо не ўдасца. А выпрацоўку энергіі на ветравых станцыях зніжае штыль. Энергетыка на аднаўляльных крыніцах развіваецца ў многім за кошт таго, што для продажу электраэнергіі ў агульную сетку ўстаноўлены павышаныя каэфіцыенты, якія садзейнічаюць яе акупляльнасці. Сумарная магутнасць усіх аднаўляльных крыніц, у тым ліку і гідраэлектрастанцый, зараз у агульным энергетычным балансе невялікая — усяго 0,7%. І пакуль што гэта не сказваецца на кошце кілавата. Але калі яна будзе развівацца і надалей і яе доля наблізіцца, скажам, да 10%, паўстане пытанне: што рабіць з гэтымі каэфіцыентамі? Дадатковыя выдаткі лягуць на плечы або бюджэту, або спажыўцоў электраэнергіі. Бюджэты дзяржаў Заходняй Еўропы, напрыклад, маюць магчымасць такой кампенсацыі. А як будзе ў нас? Мала хто захоча атрымліваць рахункі за электрычнасць, большыя ў разы. І таму ўсё роўна развіццё «зялёнай» энергетыкі давядзецца рэгуляваць або з дапамогай квот, або змянення каэфіцыентаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».