Вы тут

Без фармалізму


Прэзiдэнт прапануе ўзмацнiць спагнанне з кiраўнiкоў за дысцыплiну i парадак у калектывах

Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявiў на нарадзе па пытаннi прыняцця новай рэдакцыi Дырэктывы №1 «Аб мерах па ўмацаваннi грамадскай бяспекi i дысцыплiны», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

презідент 1

Пры аналiзе дзеючай Дырэктывы №1 было выяўлена, што змест дакумента не адпавядае цяперашняму ўзроўню развiцця грамадства, праблемам, якiя вырашаюцца, i iснуючай сiтуацыi. Больш таго, частка палажэнняў Дырэктывы рэалiзавана. «Дырэктыва №1 сваю ролю адыграла, i станоўчыя тэндэнцыi па многiх напрамках, якiя былi прапiсаны ў Дырэктыве, намецiлiся», —  сказаў Прэзiдэнт. У прыватнасцi, значна знiзiлася колькасць здарэнняў, звязаных з вытворчым траўматызмам. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўзровень гiбелi людзей на вытворчасцi быў вельмi высокi, цяпер ён знiжаецца. Акрамя таго, скарацiлася колькасць надзвычайных сiтуацый i колькасць загiнуўшых на пажарах людзей. Прэзiдэнт адзначыў, што гэта праблема не знята, але пазiтыўная тэндэнцыя вiдавочная. Таксама ў тры разы зменшылася колькасць загiнуўшых грамадзян у вынiку знiжэння ўзроўню злачыннасцi. «Але, на лаўрах спачываць рана, таму што не ўсе праблемы вырашаны. Да таго ж новыя выклiкi патрабуюць i адэкватнай рэакцыi», —  падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Мэта нарады, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у тым, каб «вызначыцца, трэба або не трэба нам новая Дырэктыва, трэба або не трэба нам удасканальваць iснуючую Дырэктыву з прычыны актуальнасцi гэтага пытання».

На нарадзе была заслухана пазiцыя дзяржсакратарыята Савета бяспекi, якi кантралюе ход выканання Дырэктывы №1, а таксама яе непасрэдных выканаўцаў. Аляксандра Лукашэнку цiкавiла, цi дастаткова будзе ўключаных у праект новай рэдакцыi Дырэктывы мер для процiстаяння пагрозам бяспецы людзей, што прынцыпова новага прапануецца, што яшчэ неабходна зрабiць для аздараўлення грамадства i ўмацавання правапарадку. «Пры гэтым хачу папярэдзiць —  не павiнна быць у гэтых пытаннях фармалiзму. У адваротным выпадку мы напiшам нейкi трактат, без канкрэтыкi. Ён не будзе заземлены. Людзi яго прачытаюць, i не будуць разумець, што рабiць, якiя перад iмi задачы, якiя праблемы i як iх вырашаць», —  сказаў Прэзiдэнт.

«Дакумент, калi мы яго створым, павiнен быць прыземленым i канкрэтным, каб кожны кiраўнiк, член урада, мiнiстр, службовая асоба ведалi, дзе iх задачы, у якiм напрамку рухацца. Пакуль мы гэтага фармалiзму пазбегнуць не змаглi», —  канстатаваў кiраўнiк дзяржавы. Ён не выключыў, што i iншыя дырэктывы будуць карэкцiравацца —  напрыклад, аб эканамiчнай бяспецы, аб дэбюракратызацыi. «Само пытанне, якое мы ўзнiмаем, яго гучанне вельмi важна для грамадства. Людзi будуць разумець, што мы ўдзяляем гэтаму вялiкую ўвагу», —  сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Але адным гучаннем не абыдзешся. Дырэктыва —  гэта напрамкi i набор канкрэтных мер, якiя мы павiнны рэалiзаваць у блiжэйшым будучым i ў перспектыве, каб у нас было нармальнае, жывое, здольнае выжываць грамадства», —  рэзюмаваў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што многiя людзi не прывыклi самi клапацiцца аб сабе, аб сваiм жыццi i здароўi. «Фактычна кожны трэцi пацярпелы на вытворчасцi атрымаў траўму або загiнуў з-за асабiстай халатнасцi i недысцыплiнаванасцi. Зразумела, на кожнага работнiка не паставiш «кантралёра». Разам з тым, з кiраўнiкоў трэба ўзмацнiць спагнанне за дысцыплiну i парадак. У рабоце некаторых з iх ёсць яшчэ i фармалiзм, i бяздушнасць, i халатнасць», —  сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Больш строгага падыходу, на думку Прэзiдэнта, патрабуе i праблема бытавога п'янства. Паколькi трэць злачынстваў учыняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Ад хвароб, звязаных з ужываннем алкаголю, штогод памiрае каля 3 тыс. чалавек, з iх не менш як 2 тыс. у працаздольным узросце, звярнуў увагу кiраўнiк дзяржавы.

Сур'ёзнай праблемай апошнiм часам становiцца наркаманiя, ад якой гiнуць людзi, у большасцi —  моладзь. Гэта пагроза генафонду нацыi, адзначыў Прэзiдэнт. Ён нагадаў, што па гэтым пытаннi прымалiся канкрэтныя рашэннi, i па вынiках года будзе разгледжана, як яны выконваюцца.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на лячэнне ад алкагалiзму, наркаманii i курэння трацяцца значныя бюджэтныя сродкi. Дзяржава нясе вялiкiя эканамiчныя страты ад усiх пералiчаных негатыўных з'яў, дадаў Прэзiдэнт.

Ён падкрэслiў, што парадак, дысцыплiна, самасвядомасць павiнны прысутнiчаць ва ўсiх калектывах. «I перш за ўсё, у думках i душах людзей. Трэба прывiваць чалавеку культуру паводзiн, што не дапускае разгiльдзяйства i п'янства. Гэта работа павiнна праводзiцца бесперапынна i мэтанакiравана», —  запатрабаваў кiраўнiк дзяржавы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.