Вы тут

Буякі і ажынаклубніцы


На рынку — пік свежых ягад

Сезоннымі фаварытамі жніўня па праве лічацца салодкія прадстаўнікі бахчавых культур — дыні і кавуны. І сапраўды, у першую чаргу на Камароўцы кідаюцца ў вочы прылаўкі, на якіх красуюцца менавіта яны. За кілаграм салодкага «паласаціка» ў сярэднім просяць 7-8 тысяч рублёў. Яго жоўтая мядовая суседка па бахчы ідзе нашмат даражэй — кілаграм «тарпеды» і «калгасніцы» аддаюць за 15 тысяч рублёў, хоць можна адшукаць дыні і па 10-12 тысяч за кілаграм. Аднак пакуль што асаблівага ажыятажу вакол бахчавых няма.

7-43

7-43

 

Іншая справа — чарэшні і вішні. Час гэтых ягад амаль адышоў, таму людзі спяшаюцца іх набыць на кампоты, варэнне ці проста падсілкавацца жывымі вітамінамі. Нельга адвесці вачэй ад буйной, ледзь не чорнай, узбекскай чарэшні (35 тысяч рублёў за кілаграм). Беларускія вішні каштуюць танней, ад 17 тысяч за кілаграм і вышэй. Айчынныя слівы, ад якіх таксама ломяцца прылаўкі, лёгка знайсці па тым жа кошце. Паўлітровы слоік ажын аблегчыць ваш кашалёк на 25 тысяч рублёў, а слоік агрэсту выйдзе таннейшым на 5 тысяч рублёў. Чарніцы ў сярэднім «важаць» 35 тысяч за кілаграм. Буякі ёсць і па 45, і па 70 тысяч за кілаграм. Гаваркая прадавачка раіць не ўпускаць момант і браць сінія з шызым налётам ягады, пакуль яны «ў самым соку».

— Яшчэ тыдзень набывайце смела, пасля ягады пойдуць драбнейшыя, з кіслінкаю, больш падобныя да чарніц. Але ўбачыце, «заломяць» па 90 тысяч рублёў за кілаграм такіх буякоў, — папярэджвае дзяўчына.

На суседнім прылаўку завабліваюць незвычайным ласункам — ажынаклубніцамі. Ягады, падобныя да буйных чырвоных суніц альбо калючых на выгляд клубніц, каштуюць нямала: паўлітровы слоік гібрыдаў абыдзецца ў 50 тысяч рублёў. Спакусліва, аднак на тую ж суму можна набыць кілаграм вялізных мядовых абрыкосаў альбо грэчаскіх груш ці 2-3 плады авакада.

Несумненнай папулярнасцю карыстаюцца таксама персікі з Грэцыі: у залежнасці ад памеру і стану забраць салодкія плады прапануюць як за 14, так і за 28 тысяч рублёў за кілаграм. Іспанскія нектарыны ў асноўным трымаюць планку ў 14-15 тысяч рублёў за кілаграм. Сярод яблыкаў найбольш папулярны сорт «белы наліў». Кошты адпавядаюць памерам пладоў — 10, 18, 23 тысячы за кілаграм. За духмяныя грушы просяць па 20 тысяч за кілаграм. Калі хочацца заморскай садавіны, то выбраць ёсць з чаго. Бананы лепш купляць уважліва, каб не пераплаціць: у сярэднім іх прадаюць па 12 і вышэй тысяч за кілаграм. Апельсіны трымаюць цэннік «30». За такі кошт можна набыць і кілаграм лімонаў, хоць ёсць цытрусавыя і па 65 тысяч рублёў. Кіло ананасаў выйдзе на 15 тысяч рублёў даражэй.

Свежыя агуркі для лёгкай салаты знойдуцца па кошце ў 10-12 тысяч за кілаграм, за гэтыя грошы вам прададуць і кіло пінскіх памідораў. Таматы «чорны прынц» у сярэднім каштуюць 35 тысяч рублёў за кілаграм. Маладая бульбачка ёсць у наяўнасці па розных цэнах — ад 6 да 11 тысяч рублёў за кілаграм. Карыстаюцца попытам баклажаны, кілаграм якіх каштуе не больш за 15 тысяч рублёў. Затое аматарам грыбоў давядзецца раскашэліцца. Лісічкі — толькі з лесу — аддаюць па 20 і 40 тысяч адпаведна за паўлітровы і літровы слоікі. Шампіньёны з Баранавіч прадаюць па 25 тысяч за кілаграм, у два разы даражэй выйдзе паўлітра падасінавікаў. За літровае вядзерца баравікоў прадаўцы хочуць атрымаць 180 тысяч рублёў.

Лічыльнік «Звязды» (кошт за кілаграм, калі не пазначана іншае)

Сала салёнае — 130 тыс.

Шпік «Апетытны» — 130 тыс.

Цяляціна (лапатка без косткі) — 90 тыс.

Мяса на шашлык (ялавічына) — 100 — 120 тыс.

Кураня бройлернае — 31 тыс.

Селядзец слабасалёны — 45 тыс.

Каўбаса сыравэнджаная — 180 тыс.

Паляндвіца — 183-200 тыс.

Зельц — 80 тыс.

Рыс «Жасмін» (700 г) — 17 тыс.

Крупа грэчневая (900 г) — 15 тыс.

Алей сланечнікавы рафінаваны (900 мл) — 21 тыс.

Яйка курынае Д-В (дзясятак) — 16,5 тыс.

Буракі — 12 тыс.

Морква — 10-16 тыс.

Капуста — 4,5 — 7 тыс.

Шчаўе (пучок) — 7-10 тыс.

Цыбуля зялёная (пучок) — 5-7 тыс.

Часнок (1 шт.) — 5 тыс.

Базілік (пучок) — 8-15 тыс.

Мята (пучок) — 10 тыс.

Кацярына РАДЗЮК.

 radziuk@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.