Вы тут

Шыпшына


Шыпшына — куст з ружовымі або белымі кветкамі — атрымала сваю назву ад вострых шыпоў.

У адным з паданняў распавядаецца пра тое, што ў шыпшыну была ператворана дзяўчына. У вёсцы жыла прыгажуня, якая шчыра кахала хлопца, але ў яе закахаўся малады жанаты пан. Дзяўчына не захацела пакарыцца пану, прыбегла ў лес і ператварылася ў куст з ружовымі кветкамі. Аднойчы пан паехаў на паляванне, убачыў кветкі, захацеў наламаць, каб аднесці сваёй жонцы. І ў гэты ж час на ветках з'явіліся шыпы. Пан параніўся да крыві, але так і не змог сарваць ніводнай кветкі. З тых часоў кусты з ружовымі кветкамі і пачалі зваць шыпшынай.

Шыпшына заўсёды сімвалізавала маладосць і каханне. У Лады, багіні кахання ўсходніх славян, было два сыны: Лель (Амур) і Палель (Гіміней) — бог шлюбу. У паданнях Палель прыходзіў на вяселле ў залачоным адзенні, яго галаву заўсёды ўпрыгожваў вянок з шыпшыны.

У беларускім фальклоры шыпшына іншы раз сімвалізавала боль, пакуты, варожасць. Так, у адной з песень адлюстроўваюцца думкі свякрухі: «Па сыну пасадзіла чырвону каліну..., па маладой нявесцы — калючу шыпшыну...»

З шыпшыны, невялікіх зялёна-жоўтых пладоў, якія атрымліваюцца пасля цвіцення кветкі, варылі варэнне, кісялі, сушылі, таму што больш за ўсё карысных рэчываў (асабліва каштоўны ўзімку вітамін С) захоўваецца ў пладах, калі іх сушыць у цёмным і халаднаватым месцы.

Народныя лекары выкарыстоўвалі плады шыпшыны пры прастудзе, малакроўі, рэўматызме, гіпертаніі, а таксама як супрацьзапаленчы, мачагонны і жаўцягонны сродак.

Адвар з пладоў шыпшыны пілі падчас абмаражэнняў, пры нервовых захворваннях, адвар каранёў шыпшыны дапамагае пры паралічы і захворванні ног.

Нашы продкі ўмелі рабіць алей з сямян шыпшыны, які паспяхова выкарыстоўвалі ў лячэнні гнойных ран, пролежняў, пухлін.

Тэрмін збору шыпшыны вагаецца ад апошніх дзён жніўня да першых дзён кастрычніка ў залежнасці ад надвор'я і спеласці пладоў.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.