Вы тут

Блізкі Суэц


Як беларускія спецыялісты спрычыніліся да легендарнага канала

А вы задумваліся калі-небудзь пра тое, колькі кіламетраў аддзяляе Мінск ад Суэца? Я вось нядаўна даведаўся --  аказалася 1671 міля ці 2690 км. Трызненне, скажаце, выкліканае небывалай жнівеньскай спякотай. Магчыма, і так, ды не зусім. Справа ў тым, што 6 жніўня адбылася падзея, якая засталася за бортам “топавых” навін інфармагенстваў. А дарма. Інфармацыя таго вартая. 6 жніўня адкрыўся адзін з ключавых гідратэхнічных аб’ектаў сучаснасці --  другая чарга Суэцкага канала. Таго самага, з дзяцінства, які многія за нас шукалі з указкай на геаграфічнай карце пад пільным позіркам настаўніка...

suez-canal

Другі Суэц быў збудаваны ўсяго за год супраць 11 гадоў, што спатрэбіліся ў XIX стагоддзі для будаўніцтва першай чаргі, і абыйшоўся ў 8,5 мільярда долараў. Як чакаецца, новы канал дазволіць павялічыць прыбытак егіпецкага бюджэта ад эксплуатацыі воднага шляху з цяперашніх 5,3 мільярда да 13,2 мільярда долараў у год. Такім чынам, усе ўкладанні акупяцца даволі хутка, а пасля --  чысты даход.

Для таго, каб дакладна ўяўляць прадмет, крыху аб уласна Суэцы, што  дагэтуль, так бы мовіць, быў у адным ліку. Гэта канал (па-арабску гучыць як "кана ас-Сувайс") паміж Міжземным і Чырвоным морамі. Перасякае Суэцкі пярэсмык. Праход судна па Суэцкім канале дазваляе трапіць з Атлантыкі праз Міжземнае  мора ў Індыйскі акіян, не агінаючы Афрыку.

Суэц уяўляе сабою нешлюзованы злучальны канал паміж портамі Порт-Саід на Міжземным моры і Порт-Тауфік на Чырвоным. Агульная даўжыня разам з  падходнымі пляцоўкамі складае 174 кіламетры, у тым ліку па пярэсмыку -- 162,5 км. Частка трасы праходзіць па фарватары ў азёрах Тымсах, Вялікім і Малым Горкіх, па дне якіх пракладзены марскія каналы. Найменшая шырыня -- 300 метраў, шырыня фарватара паміж бакенамі -- 180 м. Найбольшая дазволеная асадка суднаў 53 фута, глыбіня канала ад 19,5 да 20 м.

Мэта праекта па будаўніцтве другой чаргі Суэца -- забяспечыць двухбаковы рух воднага транспарту. Зараз судны выстройваюцца ў караван і ідуць у адзін бок. Праз некаторы час другі караван праходзіць у варотным кірунку. У далейшым з поўдня на поўнач судны будуць праходзіць па старым, а з поўначы на поўдзень -- па новым рэчышчы. Што ў выніку дазволіць пазбегнуць затораў і чакання, скароціць час праходжання канала з 18 да 11 гадзін і павялічыць сутачную прадукцыйнасць з 49 да 97 караблёў.

Гэты гідратэхнічны аб’ект нездарма лічыцца адным з ключавых ва ўсім свеце. Як вядома, Суэцкі канал забяспечвае 7% сусветнага марскога грузазвароту, мае ключавую ролю ў забеспячэнні Еўропы блізкаўсходняй нафтай. Яго прынята лічыць умоўнай мяжой паміж Афрыканскім кантынентам і Еўразіяй. Для Егіпта Суэц з'яўляецца другой пасля турызму крыніцай валютных прыбыткаў і прадметам нацыянальнага гонару. Пры гэтым відавочна, што ўжо ў бліжэйшай перспектыве менавіта паступленні ад транзіту за канал маюць усе перспектывы стаць вызначальнымі.

Ship passing through the Suez Canal

Новы канал, як і ранейшы, будзе дзяржаўнай уласнасцю. Будоўля  фінансавалася з унутраных крыніц. Егіпецкі ўрад выпусціў пазыку пад 12% гадавых, і буйныя і дробныя фундатары раскупілі аблігацыі цягам усяго васьмі дзён. Работа вялася кругласутачна пры маштабным удзеле інжынерных частак егіпецкага войска.

Урачыстая закладка канала ў жніўні мінулага года суправаджалася пампезным паветраным парадам і аптымістычнымі прамовамі. Прэзідэнт Фатах-аль-Сісі назваў праект "вялікай марай Егіпта" і "каналам росквіту", паабяцаўшы нацыі эканамічны ўздым і ўзрост занятасці.

На першы погляд для маштабнага пашырэння не было сур’ёзных падстаў. Суэц па-ранейшаму з’яўляецца асноўным маршрутам экспартных грузаў, перш за ўсё з Кітая. Якіх-небудзь заўважных альтэрнатыў тут не праглядаецца  -- егіпцяне цудоўна разумеюць, што агінаць Афрыку вельмі нявыгадна. Шлях вакол  Чорнага кантынента і праход праз Гібралтар даўжэй дарогі праз Суэц  на восем тысяч кіламетраў. Пры гэтым трэба ўлічваць час і небяспекі ў дарозе, злучаныя з няўстойлівым надвор'ем у восеньскі перыяд.  Нават пагроза захопу судна самалійскімі піратамі падштурхоўвала да пошуку альтэрнатывы Суэцу далёка не ўсіх: дзясяткі суднаўласнікаў плацілі выкуп за захопленыя судны і экіпажы, таму як аддавалі перавагу рызыцы страце часу. Тым больш, што свае ўмовы дыктуюць кліенты, якія зацікаўлены ў найхуткай дастаўцы.

тизер

І гэта нягледзячы на сапраўды важкія транспартныя тарыфы. Для таго, каб дакладна ўяўляць парадак лічбаў варта ўзгадаць пра рэкордную суму, атрыманую некалькі гадоў таму за праход па Суэцкаму каналу. Звыш двух мільёнаў долараў заплацілі ўладальнікі грузавога італьянскага судна. Гэта была цэлая аперацыя, якая доўжылася без малога суткі.  Велізарнае грузавое судна, што належыць італьянскім суднаўласнікам,  перавозіла негабарытны груз, прызначаны для нафтавых платформаў. Вага грузу склала 59 тысяч тон. На палубе і ў трумах былі ўсталяваны рухавікі, што працуюць на марскіх платформах, а таксама іншыя буйнагабарытныя дэталі, якія інакш перавезці было проста немагчыма.

Плата за праход па Суэцкім канале грузавога судна  -- 2 мільёна 28 тысяч долараў  --  дарэчы, цалкам супастаўная з той, якую выдаткоўваюць буйныя авіяносцы, што праходзяць з Міжземнага мора ў Чырвонае. І ўсё ж,  па меркаваанні журналістаў егіпецкай  газеты "Аль-Ахрэм", італьянскае судна заплаціла самую высокую ў гісторыі цану за праход праз Суэц. Яна складаецца з некалькіх складнікаў: натуральна, за карыстанне самім каналам, а таксама  -- з аплаты страхоўкі, працы тэхнічных службаў і  мясцовых лоцманаў,  без якіх праход па канале забаронены.  Кошт страхоўкі досыць высокі, ж калі такое велізарнае судна з грузам захрасне ці  сядзе на мелізну ў Суэцкім канале,  то адразу перакрые ўсю водную артэрыю, што злучае два моры.

Так што сітуацыя вакол Суэца, здавалася б, зусім бесхмарная і сама падштурхоўвае суднаўласнікаў па праходу менавіта праз Суэц. Але не ўсё так адназначна. Апошнім часам прапрацоўваецца магчымасць стварэння канкурэнтнага шляху па паўночных морах, што значнае карацей, чым праз Чырвонае і Міжземнае. А таксама бяспечней, улічваючы неспакойнае становішча ў раёне Самалі і некаторых краінах Блізкага Усходу. Каб вытрымаць канкурэнцыю і забяспечыць хуткі праход праз канал, улады Егіпта і пачалі цяперашняе будаўніцтва.  Далейшыя перспектывы развіцця і, галоўнае, запатрабаванасці Суэцкага канала вызначае яшчэ адна глабальная абставіна. З’явілася інфармацыя аб тым, што ў заліве Чырвонага мора знайшлі буйныя запасы нафты. Тут на плошчы 20 тысяч квадратных кіламетраў адкрыты 44 радовішчы “чорнага золата”, з іх 29 --  марскіх. Ужо зараз праз канал штодня праходзіць парадку 2,2 мільёна бараляў нафты (каля 2,6 % сусветнай здабычы і 8 % гандлю) і гэты паказчык будзе павялічвацца. Па меркаванні спецыялістаў, менавіта нафтаперавозка ў бліжэйшай перспектыве стане вызначальнай для Суэца.

Цяпер уяўляеце сабе маштаб падзеі? І я нездарма спачатку дакладна вымяраў адлегласць ад беларускай сталіцы да егіпецкай тэрыторыі. Справа ў тым, што падчас узвядзення найважнейшага гідратэхнічнага аб’екта былі задзейнічаны і нашы спецыялісты. І, напэўна, будуць задзейнічаны надалей. Бо апроч непасрэдна канала будзе створана вялікая інфраструктура -- таксама плануецца пракапаць сем аўтамабільных і чыгуначных тунэляў у раёне Ісмаіліі і Порт-Саіда, якія звяжуць афрыканскую частку краіны з Сінайскім паўвостравам. Выдаткі на іх будаванне ацэньваюцца яшчэ ў 28 млрд. егіпецкіх фунтаў (каля 3,92 млрд. долараў). Адчуваеце, як той самы Суэц з дзяцінства становіцца бліжэй?

Мікалай Літвінаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.