Вы тут

Фантаны таксама хочуць піць


Распалены ад пякучага сонца асфальт не паспявае астываць нават за ноч. Раніца прыносіць невялікую палёгку, але хутка паветра зноў напаўняецца цяжкімі пахамі нагрэтага бетону і становіцца цяжка дыхаць.

8-26

У Магілёве ёсць ужо і першыя пацярпелыя ад бязлітаснай спёкі. За апошнія тры дні медыкі гарадской станцыі хуткай дапамогі пяць разоў выязджалі менавіта на такія сігналы. Сярод пацярпелых адзін жыхар вёскі, астатнія магіляўчане. Дапамогу аказвалі ў асноўным на месцы, але адну дзяўчынку прыйшлося завесці нават у бальніцу.

— Калі ёсць магчымасць у самую спёку з 12.00 да 14.00 не выходзіць з дому, не рызыкуйце, — раіць урач гарадской станцыі хуткай дапамогі Леанід Казак. — Усім астатнім не будзе лішнім прыхапіць з сабой ваду і валідол. Стане лягчэй, нават калі проста змочваць вадой лоб і грудзі. А вось ад газіроўкі лепей адмовіцца. Гэта дадатковая нагрузка на ўнутраныя органы і асабліва сэрца.

Медыкі заклікаюць быць больш уважлівымі да сябе гіпертонікаў. І нават калі ціск у норме, не адмаўляцца ад прыёму лекаў. Трэба, каб іх канцэнтрацыя ў крыві заставалася пастаяннай.

Вось дзе рай сёння, дык гэта на Магілёўскай фабрыцы марожанага. У памяшканнях, дзе захоўваецца самы запатрабаваны зараз прадукт, мінус 20-25! Попыт на марожанае ў спякотныя дні падскоквае аж у тры разы. Толькі за дзень фабрыка рэалізуе каля 15 тон салодкай прахалоды. Вытворцы не губляюць марна час, праводзяць акцыі і робяць зніжкі. І калі ў звычайныя дні народ не вельмі спяшаецца аддаць у сярэднім 10 тысяч за ледзяны ласунак, то пры такіх спрыяльных абставінах рука сама цягнецца па кашалёк.

Не меншым попытам карыстаецца квас. Я таксама набываю за 2500 рублёў маленькую шкляначку. «Што за добрае надвор'е!» — радуецца гандлярка, ветліва ўсміхаючыся стомленым ад спёкі пакупнікам. Прызнаецца, што самы пік продажу — гэта поўдзень. А вось пасля абеду гандаль крыху спыняецца.

У пошуках ратунку ад спёкі іду да фантанаў і вачам сваім не веру. Яны таксама хочуць піць. Металічныя трубы, з якіх павінны біць жыватворныя струменьчыкі, сухія. І толькі ўнізе пад імі пазелянелая на сонцы вада. Птушкам дастаткова і гэтага. Купаюцца сабе, усім на зайздрасць. У спадзяванні пасядзець пад ахалоджваючымі пырскамі накіроўваюся ў сквер 40-годдзя Перамогі. Там ужо дакладна фантаны павінны біць. Але ўсё дарэмна: і там суха. «Напэўна, ваду эканомяць, — паціснула плячыма дзяўчына, якая адзінока сядзела на бетонным парапеце. — Апошні раз 2 жніўня ўключалі, у Дзень дэсантніка». Дзяўчына не памылілася, у «Гарводаканале» яе здагадку пацвердзілі. На маё пытанне там толькі цяжка ўздыхнулі, маўляў, на ўсім сёння прыходзіцца эканоміць. І выказалі думку, што дастаткова ўключаць фантаны па выхадных днях. Вось толькі чаму гэтая спякота турбуе нас і ў працоўныя дні?

На шчасце, дарожна-маставое прадпрыемства на вадзе не эканоміць. У дзень вуліцы Магілёва палівае ад 6 да 8 машын, на гарачы асфальт выліваецца да 600 кубаметраў вільгаці, якая, дарэчы, бярэцца з Дняпра. Яшчэ некалькі машын ДМП арандуе Магілёўзелянбуд — ратуе ад высыхання кветнікі і зялёныя насаджэнні.

Спякота стварыла напружанае становішча і ў лясах. За ўсё лета, здаецца, было толькі некалькі тыдняў, калі яны адкрываліся для наведвання. З учарашняга дня ва ўсёй Магілёўскай вобласці яны зноў закрытыя. «Не ад добрага жыцця гэта робіцца, — тлумачыць інжынер па ахове лесу Магілёўскага абласнога лесагаспадарчага аб'яднання Міхаіл Дзяругін. — Вунь у Асіповіцкім раёне некалькі дзён запар палала. Не паверыце, але ёсць людзі, якія зусім не разумеюць, што ў такую спёку нельга вогнішчы раскладаць. Звычайна першы раз мы парушальнікаў папярэджваем, але ёсць такія, што нічога разумець не жадаюць. Даводзіцца прымяняць больш жорсткія меры — штрафаваць. З пачатку года пакарана ўжо болей за 70 чалавек. З іх каля 50 за два летнія месяцы — ігнаравалі забарону».

Для тых, хто жыве за кошт лясных дароў, спёка — самае жорсткае пакаранне. Лес на замку, але яны рызыкуюць. Зранку на Цэнтральным рынку Магілёва сядзяць гандляры вітаміннай прадукцыі, у тым ліку і лясной. Літровы слоік чарніц прапануюць за 20 тысяч рублёў. На пытанне «адкуль?» жанчына бянтэжыць: «З Асіповіцкага раёна!» Раён, вядомая справа, чысты, але ж там лес гарыць. «Так, — пагаджаецца кабета. — У нас каля дома таксама дымам пахне. Толькі ягады — гэта адзіны мой заробак. Была апякункай сваёй маці, але яна нядаўна памерла. Мне ж да пенсіі год застаўся, таму ўладкавацца на працу няпроста».

Жанчыну па-чалавечы шкада. Вось толькі калі б не гэтыя зводкі. «За мінулы дзень ратавальнікі выязджалі на тушэнне ляснога пажару ў Кіраўскі раён, два разы на тушэнне тарфяных пажараў у Бабруйскі і ў Асіповіцкі раёны, тры разы — на тушэнне сухой расліннасці ў Бялыніцкі, Краснапольскі і ў Шклоўскі раёны», — паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольга Нехарошых. Цяжка паверыць, што гэтыя лясныя трагедыі (разам з дрэвамі гінуць і яго жыхары — звяры, птушкі) абышліся без удзелу чалавека. Ці шмат для пажару трэба: дастаткова неасцярожна кінутага ў сухую траву недакурка. Сіноптыкі, на жаль, не абнадзейваюць. На выхадныя зноў абяцаюць днём да 30-35 градусаў цяпла, а ноччу да плюс 15-20. І ніякага дажджу. Таму лепш правесці чарговыя спякотныя выхадныя дзесьці каля вады. А лес хай крышачку ад нас адпачне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.