Вы тут

«У скарбніцы газеты шмат слаўных старонак...»


Заўтра нашай газеце спаўняецца 98 гадоў. Гэта цэлая эпоха: з рэвалюцыяй, грамадзянскай вайной, дзяржаўным будаўніцтвам, сталінскімі рэпрэсіямі, барацьбой супраць фашызму, аднаўленнем краіны, халоднай вайной, перабудовай і атрыманнем незалежнасці. Пра што ж пісала газета на розных этапах свайго жыцця і жыцця краіны — спачатку савецкай, а потым незалежнай Беларусі?

8-21

Нумары газеты за 1918 і за 1937 год я прагартала ў электронным каталогу Прэзідэнцкай бібліятэкі — ужо каля двух гадоў яна займаецца «пераводам» сваіх фондаў у «лічбу». У бібліятэцы захаваліся нумары газеты «Звязда» аж з 1918 года, ужо алічбаваны падшыўкі да 1945 года, але праца працягваецца. Як патлумачыў мне Валерый Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў, алічбоўка неабходна таму, што ад частага выкарыстання старыя газеты псуюцца. А падшыўкі «Звязды» заказваюць часта — і навукоўцы, і парламентарыі, што рыхтуюць чарговы законапраект, і работнікі культуры і адукацыі, студэнты.

— Вы, відаць, бачылі на сканах, што краі газетных лістоў пацёртыя, хоць мы па магчымасці адрэтушавалі старонкі, — заўважае суразмоўца. — Папера тых гадоў, так званая «кіслотная», зроблена з цэлюлозы. І яна вельмі ненадзейная: распадаецца, крышыцца. Умовы захоўвання патрабуюць 55% вільготнасці. Калі ж вільготнасць меншая, то папера становіцца такой крохкай, што проста ламаецца. Нават цэнтральныя газеты — «Звязда», «Рабочий», «Советская Белоруссия» — захаваліся не ўсе.

1918: першы святочны нумар

«Звязда», як вядома, пачала выходзіць у 1917 годзе, калі Краіна Саветаў не была яшчэ створана. Тым не менш, паколькі газета з'яўлялася органам Заходняга абласнога і Смаленскага камітэтаў Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў, літаральна ўсе матэрыялы мелі агітацыйны характар або характар паведамлення, цікавага найперш членам камуністычнай партыі. Вось, напрыклад, анонс аднаго са жнівеньскіх нумароў газеты:

«Сёння ў «Звяздзе»:

Артыкулы:

Чэхаславацкая язва.

Аб працоўнай дысцыпліне.

Фельетон:

Бальшавізм за мяжой ....»

Летам 1918 года газету вельмі турбаваў «наплыў» у вёскі агітатараў ад правых сацыялістычных партый, якія накіроўваюць «сялянскія масы супраць іх жа Саветаў». У той жа час, пішучы пра навіны мясцовага характару, «Звязда» асноўную ўвагу надавала нарадам вясковай беднаты, сустрэчам і з'ездам рабочых, лекцыям, што чыталіся актывістамі камуністычнай партыі.

А вось нумар газеты за 9 жніўня быў сапраўды святочным — рэдакцыйны калектыў адзначаў першы дзень нараджэння выдання. У газеце змешчаны нарыс па гісторыі газеты, а таксама яе аўтабіяграфія. Вядомыя дзеячы будучай БССР А. Мяснікоў і В. Кнорын дасылаюць допісы «Успаміны» і «Звязда» і Мінскі Савет». Публіцыст Георгій Фанвіч змяшчае фельетон «Незгасальная «Звязда».

1937: дасягненні Саветаў і барацьба са шкодніцтвам

«Героі сталінскай эпохі — адважныя лётчыкі Громаў, Юмашоў і Данілін — на самалёце «АНТ-25» праляцелі Паўночны полюс і зараз нясуцца над прасторамі Паўночнай Амерыкі», — з такім паведамленнем выходзіць «Звязда» 14 ліпеня 1937 года.

Асобна пра дасягненні беларусаў не пісалася — барацьба з нацыяналізмам ішла, што называецца, па усіх франтах.

Адной з найважнейшых тэм у газеце была сельская гаспадарка. Друкаваліся рэпартажы пра жыццё ў савецкай вёсцы, у калгасах і кааператывах. Аднак побач з імі ў кожным нумары былі нататкі або пастановы, дзе ў загалоўку гучала фатальнае для многіх слова «шкодніцтва». Так, нумар «Звязды» за 4 жніўня таго ж года выйшаў з наступнай пастановай Савета Народных Камісараў СССР: «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і аб ліквідацыі вынікаў шкодніцтва ў справе калгаснага ўпарадкавання».

9 жніўня «Звязда» не святкавала свой 20-гадовы юбілей. Прынамсі, нумар быў звычайным, не святочным. Тэмай нумара стала «ўзорная сяўба азімых». У заметцы пад назвай «Да канца выкарчуем шпіёнаў і дыверсантаў» пісалася пра сходы і мітынгі, якія адбыліся пасля публікацыі вышэйзгаданай пастановы СНК «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству».

1957: у трэндзе — будаўніцтва жылля

Краіна ўжо адбудавалася пасля вайны, памёр Сталін, а разам з ім завяршылася эпоха барацьбы са «шкодніцтвам» і «шпіёнамі», калі людзі баяліся начнога стуку ў дзверы або ў акно. Усё значна больш дэмакратычна, і па змесце газеты відаць, што адным з самых важных кірункаў дзяржаўнай палітыкі цяпер з'яўляецца клопат пра чалавека.

У «адлігу» адным з галоўных тэматычных напрамкаў «Звязды» стала будаўніцтва жылля. Будаўнікам, архітэктарам, а таксама тым, хто нядаўна атрымаў новую кватэру, прысвячаліся рэпартажы і фотарэпартажы. У адным з нумароў газеты, што выйшаў на пачатку жніўня, пад агульным загалоўкам «Больш кватэр працоўным» друкуецца шэраг матэрыялаў на гэтую тэму, а ілюструецца паласа фотаздымкам В. Калядзінскага, прысвечаным здачы 68-кватэрнага дома для чыгуначнікаў на вуліцы Свярдлова ў Мінску. Рэпартаж з Магілёўскага металургічнага завода расказвае, як успрынялі людзі нядаўна абнародаваную Пастанову ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР аб развіцці жыллёвага будаўніцтва.

«Правільнае гэта рашэнне, — прыводзіць карэспандэнт словы Аляксея Казлова, рабочага транспартнага цэха металургічнага завода. — У нашай Комуністычнай партыі слова не разыходзіцца са справай. Калі яна сказала, значыць, так і будзе, праблема жылля будзе хутка вырашана».

У той жа час не дае забыць пра сябе процістаянне сацыялістычнага і капіталістычнага лагераў. Рубрыка «За рубяжом» займае ледзь не паўпаласы (а газета тады выходзіла толькі ў вялікім фармаце — А2) і змяшчала як матэрыялы пра падзеі з «сяброўскіх краін» («Атамны рэактар у Румыніі ўступіў у строй», «Вугальная прамысловасць Венгрыі на ўздыме», «Сельскагаспадарчае машынабудаванне ў Польшчы»), так і пра сітуацыю ў «варожым лагеры»: «Больш адной трэці заробку ідзе на выплату падаткаў у ЗША».

На 40-годдзе «Звязды» выйшаў сапраўдны святочны нумар, які складаўся з віншаванняў ад вядомых партыйных і культурных дзеячаў БССР і Савецкага Саюза, замалёвак пра гісторыю газеты, допісаў чытачоў. Была змешчана і фотакопія самага першага нумара газеты. На апошняй старонцы змешчаны рэпартаж «Пра тых, хто выпускае газету».

1977: 60-я гадавіна Кастрычніка

У гэтым годзе святкавалася 60-я гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі, таму многія матэрыялы нават не кастрычніцкіх нумароў былі прысвечаны перамозе рэвалюцыі. У адным з летніх нумароў я знайшла і фотарэпартаж Яўгена Пясецкага, які і сёння працуе ў «Звяздзе». Рэпартаж прысвечаны касьбе канюшыны ў Гродзенскім раёне — у калгасе «Шлях камунізма».

Савецкі Саюз нездарма лічыўся ці не самай адукаванай краінай свету. Газета «Звязда» шмат увагі надавала тэме адукацыі. Так, вялікі матэрыял Уладзіміра Наркевіча пад назвай «Пачатак дарогі» прысвечаны ўступным экзаменам у ВНУ і тэхнікумах рэспублікі.

«Экзамены толькі пачаліся. Якія ж самыя першыя ўражанні ў экзаменатараў?

— Пакуль мы задаволены, — гаворыць дацэнт кафедры фізікі А.І. Болсан. — У асноўным, абітурыенты паказваюць добрыя веды, часта ставім «пяцёркі».

Святочнага нумара на 9 жніўня не было — ён быў прысвечаны жніву. Праўда, адзін матэрыял усё-такі быў прысвечаны самой «Звяздзе» — нарыс пра тое, як была створана газета ў далёкім 1917-м.

1997: пра людзей і для людзей

Гартаючы падшыўку за гэты год, я бачыла матэрыялы, падрыхтаваныя сённяшнім калектывам «Звязды»: Сяргеем Расолькам, Надзеяй Нікалаевай, Анатолем Клешчуком, Яўгенам Пясецкім, Аленай Ляўковіч, Сяргеем Куркачом, Ларысай Цімошык... Газета тады была яшчэ чорна-белай, але матэрыялы ад гэтага не станавіліся менш яркімі. Рубрыка «Глыбінка» пераходзіла з нумара ў нумар: друкаваліся рэпартажы са жніва на Піншчыне, дзе жанчыны на сваіх участках убіралі збожжа па-старому — сярпамі, з аўтэнтычных куткоў Браслаўскага раёна.

9 жніўня газета адзначыла 80-годдзе. Нумар быў святочны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».