Вы тут

Васілёчкі-васількі


Вясёлая, па-юнацку гарэзлівая песня «Васілёчкі-васількі», створаная Сяргеем Харэвічам у садружнасці з маладым аматарам паэзіі Дзмітрыем Ермаловічам-Дашчынскім, з інтрыгаю перадае мройны стан закаханага, яго неўтаймоўную цягу да ўзаемінаў.

Васількі ў песні выступаюць абярэгам кахання. Асвечаныя нябеснай красою, яны лічацца сімвалам даверу, вернасці, чысціні памкненняў. Ярка-сінія кветкавыя кошыкі на разгалінаваным касмата-павуціністым сцябле з шэра-зялёнымі лісточкамі ствараюць таямніча-прывабны вобраз загадкавай расліны, якую ў нас называюць і васільком, і валошкаю. Гэтыя прыгожыя кветкі, як і каханне, вольна красуюцца ў прыродных умовах, з мая да кастрычніка ўпрыгожваюць нашы хлебныя нівы, сустракаюцца ў прысадах і на пясчаных схілах. Але ў букетах яны, пазбаўленыя роднай прасторы, страчваюць нябесны колер, хутка пачынаюць ружавець, бялець. Таму ў душы юнака ўзнікаюць неспакой, трывога, што разгорнута пададзена ў прыпеве.

Песня «Васілёчкі-васількі» запісана на дыску «Далёкае і блізкае маё...» (2014) Сяргея Харэвіча, якому адлюстраваць душэўныя пошукі і перажыванні закаханага дапамагае Жанна Піваварава.

Верш Сяргея Харэвіча і Дзмітрыя Ермаловіча-Дашчынскага

Музыка Сяргея Харэвіча

8-11

Пагадаю на рамонках,

Адпачну у васільках

І да нашага спаткання

Паблукаю ў летніх снах.

 

Прыпеў:

Васілёчкі, васілёчкі,

Заплятайцеся ў вяночкі.

Васілёчкі-васількі...

Будзем разам я і ты.

 

Я дарыў табе валошкі.

А ты знікла ў дзіўных снах —

І скрабуць на сэрцы кошкі,

Палыном наш луг прапах.

 

Прыпеў:

Васілёчкі, васілёчкі...

Прабягуць дзянькі і ночкі.

Васілёчкі-васількі...

Ой, чаму ж не разам мы?

 

У салодкім сне згубіўся

І хацеў цябе шукаць...

Я бы мог пра ўсё забыцца

І каханую праспаць.

 

Прыпеў:

Васілёчкі, васілёчкі...

Пабудзіце, як званочкі.

Васілёчкі-васількі...

Каб не ведаў я бяды.

 

Я прачнуўся і заўважыў,

Як танцуюць матылькі.

Ты са мной, мая прапажа:

Вочы — быццам васількі.

 

Прыпеў:

Васілёчкі, васілёчкі —

Шчасця нашага сваточкі.

Васілёчкі-васількі...

Мы з табою назаўжды.

 

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.