Вы тут

Дасягненні ўдалай дзяржавы


Не так даўно ў палітычны лексікон постсавецкіх краін увайшло невядомае раней заморскае словазлучэнне — «faіled state», гэтазначыць, дзяржава «няўдалая», «якая пацярпела крах». І найчасцей за ўсё яго можна пачуць якраз у дачыненні да краін Усходняй Еўропы. Крытэрыяў некалькі: эканамічныя праблемы, хісткасць дзяржаўнай улады, карупцыя, адсутнасць нацыянальнага кансэнсусу.

Аднак у адрас нашай краіны нават самыя заўзятыя яе крытыкі ад падобнай ацэнкі ўстрымліваюцца. У чым прычына таго, што Беларусь выступае ў якасці своеасаблівага выключэння на фоне суседзяў? Натуральна, усё пазнаецца ў параўнанні.

З аднаго боку, наша паўднёвая суседка Украіна на сённяшні дзень, здаецца, увасабляе практычна ўсе прыкметы дзяржавы калі не «няўдалай», то, сама меней той, якая не вырашыла асноўных праблем, без чаго немагчыма яе далейшае існаванне і развіццё. Здавалася б, Украіна мела значна лепшыя стартавыя ўмовы пры адліку незалежнасці ў сілу большага багацця прыродных рэсурсаў, наяўнасці развітай прамысловасці. Тым не менш у выніку атрымалася стромкае піке.

Паўночныя суседзі — Літва і Латвія — доўгі час прэтэндавалі на статус «балтыйскіх тыграў», новых членаў ЕС з бурным эканамічным ростам. Рэальнасць апынулася куды празаічней. Чарада эканамічных крызісаў падкасіла светлыя перспектывы, а сяброўства з ЕС прывяло да дэмаграфічнай ямы, шанцы выбрацца з якой блізкія да нуля.

Менавіта цяпер, па заканчэнні першых 25 гадоў пасля распаду СССР, можна сапраўды параўноўваць дасягненні і вынікі. Беларусь аказалася не проста паспяховай, эфектыўнай дзяржавай, але і магчымым рэгіянальным лідарам. На наш погляд, ёсць некалькі асноўных прычын гэтага.

Па-першае, нованароджаная Рэспубліка Беларусь захавала сацыяльна-эканамічную пераемнасць з БССР, рэфармуючы тое, што неабходна было мяняць, але пакідаючы найлепшае са спадчыны, якая дасталася. Захаванне прамысловага патэнцыялу, сацыяльнай арыентацыі, адсутнасць траўмуючай грамадства «шокавай тэрапіі» і грабежнай прыватызацыі разам з адмовай ад палітыкі так званай «дэсаветызацыі» (сорам і «пакаянне», якія фактычна навязваюцца, за дасягненні і перамогі продкаў) — усё гэта стала трывалым фундаментам новай Беларусі.

Па-другое, не паддаліся ў нас і спакусе нацыяналізму. Амаль усе нашы суседзі шукалі апраўданні свайму існаванню ў проціпастаўленні сябе савецкаму мінуламу ці Расіі. А замест клопату пра рэальныя эканамічныя і грамадскія асновы суверэнітэту культывавалі гістарычныя крыўды або міфы аб славутым мінулым, якія не маюць ніякага дачынення ні да сучаснасці, ні да перспектыў будучыні. Нацыянальная мова, культура, гісторыя — усё гэта важна, але, калі выносіць толькі гэта на першае месца, можна цалкам страціць арыентацыю ў прасторы, пайсці лжывым шляхам і стаць аб'ектам маніпуляцый.

У Беларусі з яе партызанскім мінулым і калектыўнай памяццю пра падзеі апошняй вайны выпрацаваўся імунітэт да такіх формаў нацыяналізму, якія, на жаль, расцвілі зусім побач. Важна не толькі не страціць гэты імунітэт, выразнае распазнаванне дабра і зла, але і сваім прыкладам паказваць, што менавіта ў гэтым правільны выбар грамадства і дзяржавы. Беларусь не мае тэрытарыяльных спрэчак, унутранага расколу грамадства і якіх-небудзь гістарычных траўмаў, якія істотна ўплываюць на свядомасць і ўчынкі грамадзян.

Па-трэцяе, поспех Беларусі абумоўлены геапалітычным выбарам, пацверджаным усенародным рэферэндумам. Гэта выбар на карысць эканамічнай і ваенна-палітычнай інтэграцыі з Расіяй і актыўны ўдзел у стварэнні ўласнага полюса на еўразійскай прасторы. Гэта зусім не азначае, што Беларусь закрываецца ад Еўропы, наадварот, паказвае, што магчыма захаванне сваёй еўрапейскай ідэнтычнасці ў іншых формах. Разнастайнасць еўрапейскай цывілізацыі, яе эканамічных і палітычных варыяцый — гэта сутнасныя рэчы, якія Беларусь таксама паказвае і рэалізуе сваім прыкладам.

На аснове вышэйпералічаных элементаў у Беларусі ўдалося пабудаваць устойлівую дзяржаву, якая забяспечвае асноўныя патрэбы грамадзян у сферы эканомікі, бяспекі, аховы здароўя і адукацыі. Беларусь лідзіруе па якасці жыцця сярод краін СНД, найбуйнейшыя рэйтынгавыя агенцтвы адзначаюць відавочны прагрэс па асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыках. Ды і самі беларусы ўвогуле падтрымліваюць курс, які рэалізуецца ўладай.

Вядома, далёка не ўсё радасна. Мы жывём у эпоху глабальнай эканамічнай і палітычнай турбулентнасці, праявы якой заўважаны ўжо непасрэдна ў нашых межах. Беларусь — не ізалявана ад астатняга свету, аўтаномна дрэйфуючы востраў, а краіна, цесна звязаная як з найбліжэйшымі суседзямі, так і з далёкімі партнёрамі. Мы падпадаем пад уплыў тых змен, не заўсёды пазітыўных, якія адбываюцца ў Расіі, ва Украіне, Заходняй Еўропе, Блізкім Усходзе.

У гэтых умовах захаванне пераемнасці курсу дзяржаўнага будаўніцтва пры адначасовым удасканаленні механізмаў кіравання і кантролю — гэта, бадай, адзіны залог далейшага паспяховага руху. Ужо запушчаны суперпраекты развіцця, якія неабходна давесці ды фазы запуску і аддачы: Беларуская АЭС, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», стварэнне магутнага лагістычнага хаба ў Беларусі як частка праекта эканамічнага пояса «Шаўковага шляху»...

20 гадоў Беларусь развівалася, выкарыстоўваючы ў асноўным той патэнцыял і тыя магчымасці, што дасталіся ў спадчыну ад БССР, зараз жа надыходзіць пераходны момант, калі неабходна закладваць падмурак новага этапу развіцця. Менавіта гэта і адбываецца, а змены, якія непазбежна рушаць услед, павінны падрыхтаваць грамадства і дзяржаву да новага рыўка.

Яго ажыццяўленне залежыць ад здольнасці грамадзян да ўнутранай мабілізацыі ў няпростых умовах, ад нацыянальнай кансалідацыі на аснове каштоўнасцей і ідэалаў, якія падзяляюцца пераважнай большасцю беларусаў, ад цвёрдага намеру ўлады прытрымлівацца курсу, які забяспечыў бы Беларусі ўстойлівасць і выжывальнасць. У гэтым залог нашага поспеху і нашай будучыні.

Аляксей Дзермант, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?