Вы тут

Жыві, «Звязда», да ста і далей!..


Калі вы думаеце, што ў латарэі, якую перыядычна ладзіць газета, выйграць складана, то вельмі памыляецеся.

8-33

«Я выпісваю «Звязду» ўжо некалькі дзесяцігоддзяў і, зразумела ж, не для таго, каб атрымліваць нейкія прызы. «Звязда» — наша гісторыя, наша родная мова, тут заўсёды ёсць што пачытаць. А калі, апроч гэтага, з'яўляецца магчымасць выйграць, то чаму б не паспрабаваць: купоны ў газеце друкуюцца, адрас рэдакцыі вядомы — Мінск, вуліца Хмяльніцкага, 10А...

Карацей, аформіўшы падпіску, я кожны раз адсылаў сваю картку — браў удзел у латарэі...

І, ведаеце, мне пашчасціла! Не так даўно адмыкаю паштовую скрынку, бачу там чаканыя нумары газеты і... досыць нечаканы канверт. А ў ім — ліст з рэдакцыі, дзе напісана, што па выніках розыгрышу прызавога фонду рэкламнай гульні «Са «Звяздою» — лета ў радасць!» я выйграў падвеснае крэсла-гамак CARІNA!

Шчыра скажу: рады быў бязмерна!..

Не адкладваючы на потым, завітаў у рэдакцыю, атрымаў падарунак і, паколькі сам да гамакоў неяк не прывучаны, перадаў тое крэсла ўнучцы Настачцы. Так што шчыры дзякуй, «Звязда»! Яшчэ і ад яе...

Уладзімір Шулякоўскі, г. Мінск»

Ад рэдакцыі. Не будзем казаць «няма за што», бо ў гэтым выпадку, здаецца, ёсць.

Без звычнага «Калі ласка!» можна абысціся таксама. Нельга — асабліва сёння, напярэдадні дня народзінаў «Звязды» — без слоў удзячнасці ўсім нашым чытачам і падпісчыкам за іх выбар, за давер, за падтрымку. Са святам нас: 98 гадоў газеце — гэта, пагадзіцеся, паважаны ўзрост і вельмі прыгожая дата!

Што да перадачы прызоў... Рэдакцыі добра вядома, што яны, звяздоўскія, досыць часта і, так бы мовіць, эстафетай, перадаюцца ад аднаго чалавека — іншаму: права падпісчыкаў распараджацца імі на свой погляд.

Наша права — хіба памарыць, што разам з прызамі (альбо і без...) ад нашых чытачоў да іх дзяцей і ўнукаў эстафетай перадасца яшчэ і любоў — да роднай мовы, да найстарэйшай беларускай газеты.

Толькі тады ёй жыць. Да ста... І далей!

P.S. Калі вярстаўся нумар, пошта прынесла віншаванне:

Творцам любае «Звязды»

Моцы, грошай і ўдачы!

Так трымаць! І не іначай,

Каб яшчэ гады й гады

Край квітнеў —
не без «Звязды»!

Віталь Герасімаў, г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.