Вы тут

Пра гонар і прас


У старым інтэрнаце, які даўжэзныя восем гадоў як мог выконваў ролю нашага першага дома, у адным з канцоў асветленага акном вузкага калідора стаяў пры сцяне пад электрычнай разеткай стары драўляны стол, абабіты пацёртай коўдрай. Прызначэнне яго было відавочным: і ўранку, і ўдзень, і ўвечары пры ім завіхаліся з прасам. Маці немаўлят чулі пры гэтым ад шпацыруючых у бок кухні больш сталых гаспадынь з дня ў дзень адно і тое: «Вось Каця (Таня, Лена, Воля, Даша) прасуе свой кіламетр пялюшак». Такая тут хадзіла прымаўка.

Падрасталі адны немаўляты — нараджаліся новыя. Высяляліся шчаслівыя гаспадынькі ў свае кватэры — і ў вызваленыя пакоі засяляліся... таксама шчаслівыя, многія з якіх чакалі ўжо сваіх немаўлят. А стары драўляны стол, абабіты пацёртай коўдрай, працягваў стаяць у канцы калідора пры сцяне пад электрычнай разеткай, заўсёды гатовы ўзваліць на сваю ў літаральным сэнсе спіну новы кіламетр пялюшак.

Я так часта ўспамінаю наш інтэрнат... Ледзь не кожную раніцу. Вось як прас у разетку ўторкваю, дык і ўспамінаю. Мае кіламетры пялюшак даўно памяняліся на кіламетры рукавоў, спінак, полачак і калашын, выратаваць ад якіх мяне змогуць хіба што нявесткі, кожную з якіх я ўжо даўно, яшчэ завочна, палюбіла.

Я ведаю, што ёсць жанчыны, якія прасуюць нават наскі і шнуркі, і гэта ніякія не гераіні анекдотаў, а цалкам рэальныя істоты (яны маюць «пункцік перфекцыяністкі» ў галаве). У мяне такога пункціка няма. Я прасую адмераныя мне кіламетры — і мару пра тыя часы, калі сляды высакароднай пакамечанасці зробяцца ў грамадстве нормай. Або калі адменяць офісны стыль. Або калі вынайдуць новыя віды тканіны. Або... Сярод самых розных варыянтаў пераўвасаблення свету я разглядаю нават і такі, пры якім пакамечанасць зробіцца стылем, трэндам, ладам жыцця — як выклік агульнапрынятаму і надакучліваму пафасу і абмежаванням, неабходнасці «быць як усе». Як ні круці, а думкі, якія прыходзяць у галаву падчас прасавання, можна назваць адным словам: рэвалюцыйныя.

Зразумела, можна адмовіцца ад гэтай больш чым няўдзячнай справы, «забіць» на «традыцыі», абвясціць раўнапраўе і перадаць адказнасць і паўнамоцтвы непасрэдна гаспадарам рукавоў, спінак, полачак і калашын. Але...

Тут уся справа ў жаночым гонары. Дакладней у тым, як хто яго бачыць.

Некага жаночы гонар прымушае крыўдаваць з нагоды і без, паказальна станавіцца ў «позу». Мы, маўляў, моцныя: і смецце можам вынесці, і мозг — таксама без праблем. Некаторых той самы жаночы гонар прымушае кідаць тэлефонную трубку, шпурляць у твар кветкі або збіраць чамаданы, бо інакш нічога, маўляў, не дакажаш. Некаму ён не дае ніякай магчымасці памірыцца ў дзень сваркі і настойліва даводзіць, што трэба не менш як тыдзень пераканаўча і прынцыпова маўчаць «быццам рыба аб лёд»...

Рэдкая, скажу я вам, жанчына ведае, што на самай справе жаночы гонар — гэта простае прыняцце таго факта, што мужчына ёсць істота, далёкая ад ідэалу. Два ідэалы пад адным дахам — з'ява рэдкая, нават анамальная. Толькі ў аднаго з сям'і атрымліваецца так цудоўна, так ідэальна прасаваць рукавы і каўнерыкі...

Што б вы тут ні прачыталі, а напісана толькі тое, што хацелася напісаць: лепш развітацца з гонарам дзеля чалавека, якога кахаеш, чым развітацца з чалавекам, якога кахаеш, дзеля гонару.

Святлана ДЗЯНІСАВА,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.