Вы тут

«Па-хуткаму» не атрымаецца, або Развод па-італьянску


Бадай, няма ў свеце такой краіны, дзе да вузаў Гіменея ставіліся б так сур'ёзна і адказна.

Італьянцы славяцца сваім вясёлым і рамантычным норавам, але калі гаворка заходзіць пра шлюб, паводзяць сябе нетыпова: літаральна «адмяраюць» сотню разоў, перш чым зрабіць крок да алтара.

8-221

Зрэшты, гэта цалкам зразумела: у выпадку «непаладак» у сямейных адносінах разводзіцца ім давядзецца гадамі, а то і дзесяцігоддзямі, праходзячы бясконцыя кругі судовых пасяджэнняў. Складаная, забюракратызаваная і дарагая сістэма італьянскага шлюбаразводнага заканадаўства прывяла да двух наступстваў. Першае: у Італіі — самы нізкі працэнт разводаў у Еўропе. Другое: маладыя італьянскія пары ўсё радзей і радзей уступаюць у законны шлюб, аддаючы перавагу банальнаму сужыцельству, абы не звязвацца з дзяржаўнай машынай.

Забава для багатых

Адзін знаёмы італьянец распавёў мне сваю вельмі паказальную гісторыю. Пасля пяці гадоў няўдалага і, што немалаважна, бяздзетнага шлюбу ён сустрэў новае каханне. Здавалася б, з кім не бывае? Нярэдка ў такіх выпадках італьянскія (і не толькі) мужчыны лічаць за найлепшае весці двайное жыццё. Але наш італьянец аказаўся прынцыповым і сумленна прапанаваў жонцы развесціся.

Трэба адзначыць, што гэты адважны ўчынак ацаніла па заслугах толькі яго новая каханая. Астатнія ж, у тым ліку блізкія сваякі і сябры, палічылі нашага героя за вар'ята. Спытаеце чаму? Адказ на гэтае пытанне змяшчаецца ў жарце, які прыдумалі мясцовыя суддзі. Яны гавораць: «Развод — гэта «забава» для багатых...»

Мой знаёмы на той момант быў чалавекам вельмі заможным і поўным энтузіязму пачаць новае жыццё, а таму пайшоў да канца. За што, як кажуць, і паплаціўся... У сувязі з тым, што яго жонка прад'явіла сур'ёзныя маёмасныя прэтэнзіі і згода па іх ніяк не дасягалася, дадзены шлюбаразводны працэс расцягнуўся на доўгія 11 гадоў! Павінна сказаць, што выйшаў з яго наш герой ужо далёка не заможным: судовыя выдаткі, а таксама аліменты на ўтрыманне былой палавінкі склалі каля чатырохсот тысяч еўра!

Дарэчы, за гэтыя няпростыя гады стасункі з новай каханай таксама сябе вычарпалі, і ў выніку разведзены муж застаўся без грошай і ў адзіноце...

«Каранцін» або магчымасць прымірэння?

Шматвяковыя традыцыі, культ сям'і і ўплыў Ватыкана сфарміравалі ў Італіі своеасаблівую судовую сістэму, якая гатова «ахоўваць» свяшчэнныя вузы шлюбу да канца, пры гэтым... маючы свае дывідэнды.

Па законе пасля таго, як пара або адзін з сужэнцаў падалі на развод, надыходзіць трохгадовае чаканне, або так званы перыяд «каранціну». На працягу гэтага часу сужэнцы павінны жыць асобна і сустракацца хіба што ў судзе. Вядома нямала выпадкаў, калі не згодныя з разводам жонка або муж заваблівалі пад якой-небудзь зачэпкай свайго былога, напрыклад, «выпіць кавы і сёе-тое абмеркаваць»... І не важна, ці быў у гэтай кавы які-небудзь працяг. Паказанняў сведак аб факце сустрэчы для суддзяў цалкам дастаткова, каб расцягнуць «каранцін» на новыя тры гады з моманту «кава-паўзы». Але і праз тры гады няма ніякай гарантыі, што развод паспяхова адбудзецца. Пры наяўнасці маёмасных або іншых прэтэнзій судовыя разгляды расцягваюцца на доўгі час...

Што характэрна: італьянскае заканадаўства практычна заўсёды выступае на баку жанчыны. Апрыёры яна — пацярпелая, а таму можа разлічваць на максімальную падтрымку суддзяў. У Італіі разведзеная жанчына застаецца як мінімум пры аліментах. І ў перыяд «каранціну», і пасля разводу італьянскі мужчына абавязаны ўтрымліваць не толькі дзяцей, але і былую жонку.

Ля царквы стаіць карэта...

І ўсё ж італьянцы — непапраўныя рамантыкі!

Калі рашэнне ўступіць у шлюб усё ж прымаецца, то больш чым у 70 працэнтах выпадкаў пары лічаць за найлепшае рабіць гэта ў царкве. Безумоўна, царкоўная цырымонія — непараўнальна больш прыгожая і сакральная, чым тая, што здзяйсняецца ў муніцыпалітэце прадстаўніком мясцовай улады. Аднак шлюб, які заключаецца ў царкве, таксама ні ад чаго не застрахаваны, а ў выпадку фіяска яго скасаванне запатрабуе яшчэ большых сіл, часу і сродкаў. У такіх выпадках просьбу аб разводзе неабходна накіроўваць непасрэдна ў Ватыкан. А далей рашэнне будзе залежаць ад спецыяльнай камісіі, якая ў большасці выпадкаў, як паказвае практыка, адказвае адмовай. І гэта таксама ўплыў шматвяковых традыцый. Дарэчы, у Італіі развод быў дазволены ўсяго крыху больш за сорак гадоў таму!

Вядомы сваім рэфарматарскім падыходам Папа Францыск ужо выказаў крытычныя заўвагі наконт забюракратызаванасці шлюбаразводнай сістэмы краіны: маўляў, яна нярэдка пазбаўляе грамадзяніна, які зрабіў памылку, права на далейшае паўнавартаснае жыццё. А таму зрухі ў бок спрашчэння царкоўнага разводу ў будучыні цалкам магчымыя, як яны ўжо сталі магчымыя ў грамадзянскім кодэксе.

Самая вялікая ўдача

Сёлета ў Італіі абмяркоўваюць адну з самых гучных рэформаў апошніх дзесяцігоддзяў — быў прыняты доўгачаканы законапраект «Аб хуткім разводзе». Што гэта значыць? Перыяд паасобнага пражывання пасля падачы заявы аб разводзе цяпер скарачаецца і будзе доўжыцца ад шасці месяцаў да года. Але такі хуткі развод магчымы толькі пры ўмове ўзаемнай згоды і адсутнасці якіх-небудзь прэтэнзій з таго ці іншага боку. У адваротным выпадку нічога не мяняецца і працэс, як і раней, можа расцягнуцца на гады, з усімі вынікаючымі наступствамі...

А таму, нягледзячы на змены, якія ўжо адбыліся і яшчэ адбудуцца ў сямейным заканадаўстве, італьянцы лічаць правільны выбар партнёра самай вялікай удачай у жыцці.

Таццяна УЛАДЗІМІРАВА, Мілан

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.