Вы тут

Лавіся, рыбка, вялікая і ... яшчэ большая, або Як падчапіць мужчыну «на кручок»


Дарэмна чакаць, што рыба самастойна заскочыць у вашу каструлю для юшкі. Гэтак жа марна спадзявацца, што мужчына, які вам падабаецца, сам прыйдзе і прапануе блізкія адносіны. Чым адрозніваецца лоўля рыбы ад лоўлі мужчыны? Правільны адказ: нічым.

8-241

Непрадузятая статыстыка сцвярджае, што прадстаўніц прыгожага полу ў нашай краіне па-ранейшаму больш, чым мужчын. Калі ж улічваць тое, што «нармальных пацаноў», з якімі можна пабудаваць трывалыя адносіны, увогуле няшмат, «конкурс» на месца побач з такімі выбітнымі асобінамі істотна ўзрастае. Таму жанчынам даводзіцца выкарыстоўваць усялякія хітрыкі, каб звярнуць на сябе ўвагу.

Аднак перш чым распачынаць актыўныя дзеянні, разведайце некаторую інфармацыю пра мужчыну мары. Калі вы сустрэліся, напрыклад, у агульных знаёмых або разам працуеце ў адным офісе, можаце незнарок пацікавіцца ў астатніх наконт яго інтарэсаў і захапленняў, удакладніць сямейнае становішча. (Вы ж не хочаце стаць пасіяй састарэлага інфантыла, у якога дома 5 катоў і столькі ж дзяцей ад розных шлюбаў!) Халасты? Не прыцягваўся? Не ўдзельнічаў? Трэба браць! А значыць, дзейнічаць!

Па-першае — і тут мы не скажам нічога новага — звярніце ўвагу на сваю знешнасць. Якім бы багатым ні быў ваш духоўны свет, разгледзець яго з першага погляду нерэальна. Каб прымусіць мужчыну кінуць вам услед зачараваны позірк (і не адзін!), выглядаць трэба на ўсе сто. Але будзьце ўважлівыя, не рабіце памылку многіх жанчын: «баявая размалёўка», аголенасць усяго і адразу, вульгарная біжутэрыя, крыклівыя колеры адзення толькі адпужваюць мужчын. На ўсім гэтым пастаўце вялікі крыж (вядома, калі вы не Лэдзі Гага ці хаця б Жанна Агузарава). Мужчынам падабаюцца жаноцкасць, акуратнасць і дагледжанасць. І памятайце: лепш апрануцца ў нешта зручнае, чым у звышмоднае. Упэўненая ў сабе дзяўчына ў балетках, якая ідзе з горда паднятай галавой, выйграе ў сваёй згорбленай канкурэнткі на абцасах, якая толькі і думае пра тое, каб не ўпасці.

«Раскажыце» мужчыну пра сваю сімпатыю з дапамогай зацікаўленага і крыху гуллівага позірку. А вось доўгі пранізлівы позірк пакіньце Кашпіроўскаму. Калі вам давядзецца кантактаваць, не жуйце ў гэты момант жвачку, не скрыжоўвайце рукі на грудзях, не глядзіце па баках ці на гадзіннік. Усім сваім выглядам паказвайце, што вам камфортна тут, побач з ім.

Усміхайцеся! І не толькі «таму самаму» мужчыну, а ўсім. Будзьце дружалюбнай і добразычлівай — маркотная насупленасць, прыгнечанасць жыццём (лёсам, балансавай справаздачай) не выклікаюць прыязнасці. Навучыліся ўсміхацца — навучыцеся і смяяцца! У тым сэнсе, што, на жаль, не ўсе дамы (ды што там дамы...) валодаюць карыснай якасцю смяяцца прывабна. Патрэніруйцеся смяяцца меладычна і пры тым ненапружана, навучыцеся кантраляваць сябе і свае непрыемныя «звычкі ў смеху» (павізгванне, рохканне, іржанне і да т.п.). Што дазволена парсючку, не дазволена такой цікавай даме, як вы.

Усе гэтыя «вонкавыя» хітрыкі, вядома, эфектыўныя, але не менш важную ролю адыгрываюць вашы паводзіны, тое, што і як вы гаворыце. Мужчыну вельмі важна, каб жанчына ўважліва слухала яго і пагаджалася з ім (напэўна, вам будзе лягчэй выканаць гэты «наказ», калі аб'ект сімпатыі — ваш начальнік. Жартуем, вядома). Прынцыпы і перакананні — гэта тое, чым прадстаўнікі моцнага полу звычайна ганарацца. Калі вы разышліся ў меркаваннях, пазбягайце катэгарычных фраз накшталт «ты не маеш рацыю», «я лепш ведаю, як правільна». Не раньце яго самаацэнку.

Памятайце, што мужчына любіць прыемныя словы ў свой адрас. Калі ён выдатна расказвае анекдоты або смажыць шашлыкі, скажыце яму пра гэта. Пакажыце, што вы заўважаеце і шануеце яго ўменні. Ацаніце яго фізічныя вартасці (пры іх наяўнасці, зразумела). Нават калі ў вашага мужчыны з дзясятак лішніх кілаграмаў, напэўна, у яго абаяльная ўсмешка. Ці брутальная лысіна... Хаця не, з апошнім лепш не рызыкуйце... Што рабіць, калі вашага любага хваліць асабліва няма за што? Як казаў герой аднаго серыяла, «калі ваш мужчына нічога не робіць, кажыце яму, што ён РАСКОШНА нічога не робіць».

Мужчыны лічаць прыцягальнымі тых жанчын, якія шчыра цікавяцца іх жыццём і справамі. Паспрабуйце падзяліць з ім яго захапленні, тады ў вас будзе больш тэм для размоў, а значыць, больш шанцаў яго заваяваць. Ён любіць бегаць? Чаму б і вам не стаць прыхільніцай здаровага ладу жыцця! Наведвае лекцыі пра сучаснае мастацтва? Для вас таксама будзе карыснай самаадукацыя! Час ад часу дзеля вострых адчуванняў ён крадзе ёгурты ў прадуктовай краме? Пачакайце-пачакайце... Не варта станавіцца на крымінальную дарожку. Заставайцеся сабой, не ўпадайце ў крайнасці і не страчвайце сябе, нават калі чалавек вам вельмі падабаецца. Акрамя таго, калі мужчына сустрэне вас і на стадыёне, і ў лекцыйным зале, і ў краме, такая дакучлівасць яго дакладна напалохае. Не ганяйцеся за мужчынам, пакіньце і яму магчымасць заваёўваць вас.

Дэманструйце сваю слабасць. Усёмагутныя супержанчыны падабаюцца прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва толькі ў тым выпадку, калі яны — гераіні коміксаў. У мужчынах закладзена натуральнае жаданне абараніць жанчыну. Не бойцеся звярнуцца да аб'екта сімпатыі і папрасіць яго дапамагчы — напрыклад, абнавіць праграму на смартфоне або пракансультаваць наконт выбару новага камп'ютара. «Аб'ект» з разумным выглядам пачне даваць тлумачэнні (нават калі сам як след не разбіраецца) і, вядома, перапоўніцца ўсведамленнем уласнай выключнасці. Яшчэ б — ён такі разумны, такі дасведчаны! А жанчына побач — такая ўважлівая! І вочы ў яе прыгожыя... І наогул яна вельмі нават нічога... Вось-вось, менавіта так усё і адбываецца. Пасля таго, як ваш «выбраннік» выканаў просьбу, не забудзьцеся падзякаваць яму і зрабіць камплімент у яго адрас (ну, гэта мы з вамі ўжо праходзілі).

І яшчэ некалькі важных «дробязяў».

Будзьце загадкавай. Калі мужчына ведае пра жанчыну ўсё, цікавасць да яе паступова знікае. Будзьце самадастатковай. Развівайцеся, вучыцеся новаму, смакуйце жыццё ва ўсіх яго праявах, радуйцеся кожнаму дню... Глядзіш — і мужчыны падцягнуцца. У рэшце рэшт, прывабліванне мужчын — гэта ж не мэта вашага існавання! Так, прыемныя моманты... Будзьце мудрай. Мудрая жанчына разумее, што ўсе мужчыны розныя і да кожнага трэба знайсці падыход, які можа выходзіць за рамкі або ўвогуле супярэчыць усім апісаным рэкамендацыям. І апошняе — будзьце шчырай. Не іграйце чужую ролю. Не можаце карыстацца жаночымі хітрыкамі — не трэба, хай ён палюбіць вас такой, якая вы ёсць. Лавіце на чарвячка, а не на блешню. Удачнай вам рыбалкі!..

Міра КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.