Вы тут

Што патрэбна для шчасця?


Для Аркадзя Тоўсціка, рэдактара газеты «Звязда» з 1973 па 1986 год, праца ў рэдакцыі была любімай справай.

Заўтра нашай «Звяздзе» — найстарэйшай газеце краіны — споўніцца 98 гадоў! Самы час, шпацыруючы па мінскіх вуліцах, спыніцца каля помнікаў і мемарыяльных шыльдаў, якімі ўвекавечана памяць газеты-падпольшчыцы, «Звязды»-партызанкі.

Стоячы перад помнікам журналістам-падпольшчыкам, што ля Чырвонага касцёла, а таксама ў сімвалічных месцах на вуліцах Кульман, Караля, Беламорскай і ля Дома друку, варта ўзгадаць Аркадзя Апанасавіча Тоўсціка — былога рэдактара газеты «Звязда». Менавіта па яго ініцыятыве ўзніклі гэтыя дарагія для нас і, спадзяёмся, для вас месцы.

А чым яшчэ запомніўся Аркадзь Тоўсцік, які рэдагаваў галоўную партыйную газету краіны з сакавіка 1973 па кастрычнік 1986 года? З якімі вядомымі асобамі таго часу сябраваў выдатны журналіст, грамадскі дзеяч, партыйны работнік? Чым любіў займацца ў вольны ад працы час? Які ён быў бацька, сем'янін? Пра гэта і шмат што іншае нам расказала яго дачка Ірына Тоўсцік, якая, дарэчы, нядаўна напісала кнігу «Наканавана лёсам. Тоўсцік Аркадзь Апанасавіч: журналіст, галоўны рэдактар, грамадскі дзеяч, абаронца Айчыны».

[caption id="attachment_95403" align="alignnone" width="600"]8-19 Ар­кадзь Апа­на­са­віч Тоўсцік і Пётр Міронавіч Машэраў у прэзідыуме ўрачыстага сходу, прысвечанага 60-годдзю «Звязды».[/caption]

— Іры­на Ар­ка­дзеў­на, у якой сям'і на­ра­дзіў­ся Ар­кадзь Тоў­сцік? Ад­куль ва­шы ка­ра­ні?

— Бацька нарадзіўся ў вёсцы Чыкілі Глускага раёна Бабруйскай вобласці (зараз — Магілёўскай). Яго тата, мой дзед, быў старшынёй сельскага Савета, маці займалася гаспадаркай. У сям'і выхоўвалі траіх сыноў. Аркадзь Апанасавіч быў сярэднім.

— Як з вясковага хлопца вырас знаўца беларускай мовы і літаратуры, культуры і гісторыі сваёй краіны?

— Ён быў сынам свайго часу. Пры савецкай уладзе чытанню газет і літаратуры надавалася вельмі вялікая ўвага. У хаце старшыні сельсавета газеты і кнігі былі заўсёды. Падлеткам Аркадзь Апанасавіч чытаў перыёдыку сялянам. А калі камусьці з аднавяскоўцаў трэба было нешта напісаць, ён з задавальненнем дапамагаў. Таму цяга да творчасці і літаратуры ў бацькі ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве. Яго любімай кнігай была «Дзікая сабака дзінга, або Аповесць аб першым каханні» Фраермана. Аднойчы тата адправіў свой допіс у газету «Піянер Беларусі» і ад вядомага пасля пісьменніка атрымаў адказ з блаславеннем на далейшую творчасць. Яму падабалася пісаць, інакш гэтым не займаўся б. Увогуле, бацька быў такім чалавекам, які рабіў толькі тое, што любіў і хацеў.

— Відаць, гэта тычыцца і абароны Айчыны... Бо як інакш зразумець тое, што ў 15-гадовым узросце Аркадзь Тоўсцік пайшоў у партызаны, а пасля вызвалення Беларусі «прыпісаў» сабе год, каб узялі ў войска?

— Ён не проста пайшоў у партызаны. Бацька прымаў удзел у баявых дзеяннях — быў кулямётчыкам. Кулямёт заўсёды насіў за плячыма. Расказваў, што «бывае, ідзеш з гэтым кулямётам і спіш». Разам з ім у партызанах апынуліся бацькі, браты Андрэй і Мікалай (апошні быў сакратаром Бабруйскага падпольнага райкама камсамола). Мой дзед Апанас, як яго звалі, адказваў у атрадзе за ўсе гаспадарчыя справы. Бацька быў узнагароджаны двума баявымі медалямі «За адвагу»: адзін атрымаў за подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, другі — за гераічную службу ў Савецкай Арміі, куды пайшоў пасля вызвалення Беларусі.

— Неаднойчы Аркадзь Апанасавіч прызнаваўся, што вайна для яго была самым цяжкім успамінам...

— Гэта праўда. На яго вачах забілі маці... Гэта была самая вялікая трагедыя ў яго жыцці. Калі скончылася чарговая блакада, партызанскія жонкі пайшлі ў вёску. Перад вайной сяляне закопвалі свой скарб. Бацька, напрыклад, закапаў падшыўку газет, кнігі — гэта для яго было самым каштоўным. І тады партызанскія жонкі, у тым ліку мая бабуля, прыйшлі ў вёску, каб дастаць гэтыя рэчы і прасушыць іх. Тое ўбачыў адзін аднавясковец — дарэчы, па прозвішчы Тоўсцік — і расказаў пра гэта паліцаям. Гітлераўцы, якія прыйшлі ў вёску, выстраілі жанчын у шарэнгу, а той здраднік падыходзіў да кожнай і казаў, хто чый муж. Не схлусіў і пра бабулю, Арыну Антонаўну. Фашыст у яе выстраліў. Яна была толькі паранена. Дабілі потым: куляй у лоб. Бацька і дзед гэта бачылі, але нічога зрабіць не маглі. Потым яны прывезлі бабулю ў вёску на падводзе. У яе былі вельмі доўгія валасы, і бацька запомніў, што калі яе пераносілі ў хату, матчына каса пакінула на белай сцяне крывавы след. Заўсёды перад вачыма Аркадзя Апанасавіча стаяла гэтая карціна, і ўвесь час ён адчуваў сябе асірацелым. Пазней, быццам просячы прабачэння ў маці, што нічым не маглі ёй тады дапамагчы, тры сыны пакляліся назваць сваіх будучых дачок Ірынамі. Абяцанне сваё стрымалі: у нашай вялікай сям'і тры Ірыны, у тым ліку я.

— Аркадзя Тоўсціка называюць старажылам беларускай журналістыкі. Але мала хто ведае, што журналісцкаму майстэрству ён нідзе не вучыўся...

— Сапраўды, журналісцкай адукацыі ў яго не было. Бацька скончыў літаратурны факультэт Бабруйскага дзяржаўнага інстытута, потым — педагагічны інстытут у Мінску (сучасны Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Калі ён працаваў у ЦК, бацьку прапаноўвалі ехаць вучыцца ў Маскву, у Акадэмію грамадскіх навук — магчыма, на аддзяленне журналістыкі. Але ён адмовіўся: не хацеў пакідаць сям'ю. Сям'я значыла для яго вельмі шмат, і ён не ўяўляў, што пакіне яе на два гады.

[caption id="attachment_95407" align="alignnone" width="600"]8-18 У ча­сы служ­бы ў Са­вец­кай Ар­міі (Ар­кадзь Апа­на­са­віч зле­ва).[/caption]

— На працягу 13 гадоў Аркадзь Апанасавіч быў галоўным рэдактарам «Звязды», жыў справамі любімай газеты і калі пайшоў у заслужаны адпачынак. Ці можна сказаць, што рэдакцыя стала для яго другім домам, а звяздоўцы — членамі сям'і?

— Праца для яго была заўсёды на першым месцы. А праца ў «Звяздзе» стала не проста службай, а любімай справай. Ён любіў гэтую работу, у першую чаргу, за тое, што яна была цікавай. Любіў людзей, а праца ў газеце была надзвычай багатай на сустрэчы. Ён заўсёды імкнуўся дапамагчы людзям. Вы не ўяўляеце, што адбывалася ў нас дома. Да нас увесь час нехта прыходзіў, прыязджаў з вёскі: бацька заўсёды іх кудысьці ўладкоўваў, камусьці дапамагаў. У яго гэта было ў крыві. Дзякуючы яму многія журналісты атрымалі кватэры. Ён добра разумеў, што чалавеку патрэбна для шчасця. Аркадзь Апанасавіч быў вялікі гуманіст, у тым ліку ў дачыненні да сваіх калег-звяздоўцаў.

— Ці праўда, што на пасаду галоўнага рэдактара «блаславіў» яго сам Машэраў?

— Можна і так сказаць. Пётр Міронавіч высока цаніў творчыя і арганізатарскія здольнасці бацькі. Падчас аднаго з пасяджэнняў у Чырвонай Слабадзе, дзе бацька працаваў першым сакратаром райкама ЛКСМБ, прысутнічаў Машэраў. Ён застаўся задаволеным маладым кіраўніком-камсамольцам і запрасіў Аркадзя Апанасавіча на работу ў ЦК камсамола Беларусі. Падчас працы там тата не расставаўся з журналісцкім пяром. Потым быў загадчыкам аддзела ў «Чырвонай Змене», а пасля — намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. А з лёгкай рукі Пятра Міронавіча тата ўзначаліў калектыў рэдакцыі «Звязды». Вядома, гэта было калектыўнае рашэнне, бо пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні бюро ЦК КПБ.

— На ваш погляд, ці апраўдаў такі высокі давер Аркадзь Апанасавіч?

— На той час «Звязда» была першай партыйнай газетай у рэспубліцы. Бацька ўвесь час імкнуўся пашырыць межы партыйнага выдання. Гэта не быў сухі лісток, які пісаў пра справы партыйных арганізацый. Мне здаецца, што самая вялікая яго заслуга ў тым, што бацька, як сёння б сказалі, зрабіў газету чытэльнай. У першую чаргу яе пачала чытаць інтэлігенцыя. Тата стварыў у рэдакцыі савет, куды ўваходзілі прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі. У асноўным гэта былі кіраўнікі. Бацька добра разумеў, што калі на старонках газеты выступіць вядомы чалавек, то тыраж разыдзецца хутчэй. Але гэта не значыць, што не пісалі пра простых людзей. Таксама Аркадзь Апанасавіч аддаў некалькі старонак газеты пад публікацыю нарысаў і ўрыўкаў з твораў пісьменнікаў.

— Яны, напэўна, былі частымі гасцямі ў кабінеце галоўнага рэдактара?

— Бацька працаваў у той час, калі яшчэ былі жывыя многія класікі беларускай літаратуры. Яны часта сустракаліся: у рэдакцыі і па-за яе межамі. Сябраваў з Шамякіным, хадзіў на спектаклі Макаёнка. Бацька вельмі шкадаваў аб тым, што аддаў адзін з вершаў Петруся Броўкі тагачаснаму работніку ЦК КПБ. Напярэдадні сваёй смерці пісьменнік прыйшоў да таты і прапанаваў адзін са сваіх апошніх твораў, у якім выказваў асцярогу, што можа пачацца трэцяя сусветная вайна. Тады бацька палічыў, што ён не можа пакінуць верш такога вялікага чалавека ў сябе і аддаў яго ў ЦК, аб чым потым вельмі шкадаваў, бо твор кудысьці знік і ніколі не быў апублікаваны.

— Народны пісьменнік БССР Іван Шамякін ніколі не ўтойваў, што ідэю для рамана «Вазьму твой боль» падказаў яму Аркадзь Тоўсцік...

— Аднойчы бацька расказаў Івану Пятровічу пра тое, што ў суседнюю вёску Старое Сяло пасля вайны прыехаў былы паліцай, які ўжо адсядзеў у турме. Жыхары з бацькавай вёскі не маглі дараваць яму былых злачынстваў і забілі. Як і хто гэта зрабіў — невядома. Гэты сюжэт і пакладзены ў аснову рамана «Вазьму твой боль», па якім пасля быў зняты аднайменны фільм. Сцэнарыст кінастужкі Іван Шамякін, рэжысёр Міхаіл Пташук і галоўны акцёр Уладзімір Гасцюхін у 1982 годзе атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР.

— Не сакрэт, што ваш бацька старанна падыходзіў да адбору кадраў у «Звязду». Менавіта ён даў пуцёўку ў жыццё многім вядомым сёння журналістам...

— Многіх з іх ён убачыў на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе на працягу многіх гадоў узначальваў Дзяржаўную экзаменацыйную камісію. Аркадзь Апанасавіч браў на працу людзей не па пратэкцыі. Ён умеў ацаніць, чаго чалавек варты. І час паказаў, што тыя, каго бацька ўзяў на працу, сталі таленавітымі журналістамі. Уладзімір Наркевіч, напрыклад, пасля ўзначаліў «Звязду». Пра ўсе свае кадры, якія потым паспяхова тварылі на глебе журналістыкі, бацька расказаў у сваіх кнігах-успамінах — такім чынам падзякаваў журналістам за сумленную працу.

— Дарэчы, той жа Уладзімір Браніслававіч, які рэдагаваў «Звязду» з 1989-га па 2011 год, у сваёй прамове да вашай кнігі пра бацьку называе Аркадзя Тоўсціка сціплым чалавекам, але не сціплым рэдактарам. А якім Аркадзь Апанасавіч быў бацькам? Чым ён займаўся ў вольны ад працы час?

— Я вам магу паказаць нашу бібліятэку, і вам адразу стане ўсё зразумела. (У кожным з чатырох пакояў — вялікія стэлажы з кнігамі. Прызнаюся, такой хатняй бібліятэкі я пакуль не бачыла ні ў аднаго беларускага пісьменніка! — Аўт.) Дома бацька быў вельмі пяшчотным і карэктным. За ўвесь час, калі мы жылі разам, ён ніколі ні на кога з членаў сям'і не павысіў голасу. Я не кажу пра тое, што мы былі ідэальнымі дзецьмі. Але калі трэба было тупнуць нагой і крыкнуць, ён гэтага не рабіў. Бацькі цанілі кожную хвіліну жыцця. Яны заўсёды жылі з густам: любілі і добра паесці, і прыгожа апрануцца, і схадзіць у тэатр, наведаць сяброў. Кожнае лета мы ездзілі адпачываць у Крым. Нам было вельмі добра разам. Шмат было агульных інтарэсаў.

[caption id="attachment_95408" align="alignnone" width="600"]8-17 Ар­кадзь Апа­на­са­віч з жон­кай Але­наю Ры­го­раў­най.[/caption]

— Па кнігах, якія складаюць хатнюю бібліятэку, відаць, што Аркадзь Апанасавіч цікавіўся гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта пры яго рэдактарстве гэтая тэма ў «Звяздзе», што называецца, загучала...

— Ён быў паранены тэмай партызанаў. Збіраў кнігі пра партызанскі рух. Яшчэ будучы ў ЦК КПБ, напісаў артыкул пра гісторыю падпольнай «Звязды» ў Беларускую энцыклапедыю. Потым, калі працаваў у рэдакцыі, з яго падачы ў Мінску, а таксама ў вёсцы Дварэц Любанскага раёна ўвекавечылі ўсе месцы, звязаныя з выхадам падпольнай газеты. Ён лічыў, што толькі гераічныя людзі маглі выпускаць у такіх умовах газету. Вельмі прасякнуўся гераізмам падпольшчыкаў. І тое, што бацька зрабіў, стала данінай памяці ўсім загінулым падчас вайны журналістам.

• • •

За свае журналісцкія справы Аркадзь Тоўсцік двойчы быў удастоены галоўнай узнагароды Міжнароднай арганізацыі журналістаў, якая існавала ў часы Савецкага Саюза, медалём Юліуса Фучыка — антыфашыста, закатаванага гітлераўцамі, словы якога актуальныя і сёння: «Людзі, будзьце пільнымі!» Гэта сведчыць аб тым, што і ў мірны час Аркадзь Апанасавіч служыў Айчыне, абараняў яе інтарэсы, захоўваў гістарычную памяць беларускага народа, сваёй любімай «Звязды».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота з архіва Ірыны ТОЎСЦІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.