Вы тут

Выбары — гэта момант ісціны, у тым ліку і для СМІ


Патэнцыял нацыянальнай інфармацыйнай прасторы дазваляе ў поўнай меры забяспечыць шырокае і ўсебаковае інфармаванне насельніцтва аб ходзе выбарчай кампаніі. Пра гэта ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву БЕЛТА расказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

8-20

— Лілія Станіславаўна, пастановай Цэнтрвыбаркама зацверджана Палажэнне аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе. Сродкі масавай інфармацыі закліканы забяспечыць роўныя магчымасці для кандыдатаў у Прэзідэнты, галоснае і адкрытае правядзенне ўсіх этапаў выбарчай кампаніі. Як вы ацэньваеце патэнцыял беларускіх СМІ ў гэтым кантэксце?

— У краіне створана канкурэнтная інфармацыйная прастора, якая дынамічна развіваецца. У нас зарэгістравана 1577 друкаваных СМІ, 273 электронныя, 9 інфармацыйных агенцтваў. Пры гэтым 2/3 усіх беларускіх сродкаў масавай інфармацыі з'яўляюцца недзяржаўнымі.

Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі распаўсюджваецца больш за 4 тысячы замежных друкаваных СМІ з Расіі, Украіны, Казахстана, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Латвіі, Фінляндыі. Атрымалі дазвол на распаўсюджванне і трансліруюцца больш за
200 замежных тэлеканалаў.

У Беларусі актыўна ўкараняюцца інтэрнэт-тэлебачанне, ІР, ОТТ, SMАRТ-тэхналогіі. Цалкам завершаны пераход у лічбавы фармат эфірнага тэлевяшчання ў дэцыметровым дыяпазоне. Тэлевізійная аўдыторыя аператараў электрасувязі перавышае 6 млн чалавек.

Сегментам медыйнага поля, які найбольш дынамічна развіваецца, з'яўляецца інтэрнэт. У краіне больш за 5 млн карыстальнікаў інтэрнэту. У рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі мы займаем 38-е месца, апярэджваючы такія краіны, як Расія, Казахстан, Літва, Польшча, Балгарыя, Румынія, Венгрыя, Грэцыя, Славакія, Партугалія, Аргенціна, Турцыя і іншыя.

У нас адкрытая, дынамічная нацыянальная інфармацыйная прастора, і яе патэнцыял у поўнай меры дазваляе забяспечыць шырокае і ўсебаковае інфармаванне насельніцтва аб ходзе выбарчай кампаніі, данесці праграмныя палажэнні кандыдатаў, безумоўна, пасля іх рэгістрацыі ў гэтай якасці ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Хоць з аналізу публікуемай зараз інфармацыі відаць, што асобныя ангажыраваныя СМІ і палітычныя сілы, якія стаяць за імі, аддаюць перавагу заклікам да байкоту або спрабуюць надаць сур'ёзнай грамадска-палітычнай кампаніі карыкатурны характар.

Безумоўна, такія публікацыі не могуць прэтэндаваць на аб'ектыўнасць і транспарэнтнасць.

Бываючы ў рэгіёнах, сустракаючыся з людзьмі ў працоўных калектывах, аналізуючы звароты грамадзян у сродкі масавай інфармацыі, мы бачым, што людзі неабыякавыя да будучыні краіны і гатовы прадэманстраваць сваё стаўленне актыўным удзелам у выбарчай кампаніі. Што ўласна і паказвае перыяд збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў.

Нягледзячы на складанасці сучаснага перыяду, беларусы ў поўнай меры разумеюць, што паспяховая будучыня не можа быць прыўнесена звонку і толькі разам, карпатлівай стваральнай працай будуецца паспяховая краіна.

Мы ўжо даўно прызвычаіліся да спакойнага жыцця, прыгожых, дагледжаных вуліц гарадоў і вёсак. Дасягненні апошняга дваццацігоддзя для ўсіх відавочныя. Як бы ні было цяжка, мы захавалі і развілі прамысловы патэнцыял, стварылі экспартна арыентаваную сельскую гаспадарку, пабудавалі тысячы аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы. У краіне з'явіліся цэлыя галіны, заснаваныя на новых тэхналогіях. Мы не перапісвалі нашу гісторыю, захавалі ўсё найлепшае, створанае папярэднімі пакаленнямі.

І таму ўсе, хто прыязджае да нас, захапляюцца нашай краінай, адзначаюць шчырасць, міралюбнасць і гасціннасць беларускага народа. А ўсё гэта не дадзена звыш, гэта зрабілі мы — беларусы.

— Знакавыя палітычныя падзеі накладаюць на журналістаў асаблівую адказнасць. І прафесійную, і грамадзянскую. На ваш погляд, ці ёсць сёння ва ўсіх СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў такое разуменне сваёй адказнасці?

— Хачу адзначыць: найважнейшая грамадска-палітычная кампанія не адмяняе патрабаванняў заканадаўства да сродкаў масавай інфармацыі. Яны абавязаны выконваць яго з мэтай найбольш поўнага, аб'ектыўнага інфармавання грамадзян аб сутнасці працэсаў, якія адбываюцца.

На дадзеным этапе Міністэрства інфармацыі, як рэгулятар галіны, уважліва аналізуе інфармацыйныя патокі, пры гэтым адзначаючы, што дзяржаўныя СМІ, якія, дарэчы, пералічаны і ў пастанове Цэнтрвыбаркама, у поўным аб'ёме выконваюць ускладзеныя на іх функцыі інфармавання. Разам з тым, пастанова не рэгламентуе дзейнасць усіх СМІ. Хутчэй, гэта адказнасць тых, хто вызначае іх рэдакцыйную палітыку. Безумоўна, мы будзем не толькі ўважліва адсочваць выкананне заканадаўства, але і ў выпадках відавочнага яго парушэння адэкватна рэагаваць.

Выбары — гэта момант ісціны, у тым ліку для СМІ. Палітычная кан'юнктура, заангажаванасць наўрад ці могуць служыць вернымі арыенцірамі для журналістаў. Самая галоўная і найлепшая мэта — служыць сваёй краіне і свайму народу.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.