Вы тут

Не Каламбія, але прадстаўляем


Каралі кінематографа і наша новая камедыя.

Час адпачынкаў не адмяняе традыцыі глядзець добрае кіно і планаваць будучыя сеансы. Ажно тры жнівеньскія праграмы падрыхтаваў музей гісторыі кіно: класічныя акцёры сусветнага кінематографа і фільмы, створаныя нашымі аніматарамі. Да таго ж стала вядома, што беларуская карціна «Гараш» Андрэя Курэйчыка рыхтуецца да прэм'еры ў мінскім пракаце ў канцы верасня.

[caption id="attachment_95364" align="alignnone" width="600"]8-61 Амар Ша­рыф і Бар­ба­ра Стрэй­занд у філь­ме «Смеш­ная дзяў­чын­ка».[/caption]

1. Словамі аўтарытэтнага англійскага крытыка, «у Галівудзе былі, ёсць і будуць толькі дзве вялікія «зоркі» — Грэта Гарба і Чарлі Чаплін. А іншыя, на першы погляд не менш вядомыя і таленавітыя, былі толькі падданымі ў свіце гэтых некаранаваных каралёў экрана». Дарэчы, і сама загадкавая шведка шчыра любіла фільмы вядомага коміка і марыла ў іх зняцца. Але «ў яго былі свае актрысы».

Да канца жыцця любімым фільмам са сваім удзелам Гарба лічыла камедыю «Ніначка», знятую Эрнстам Любічам. Але ў гісторыю кіно і студыі Metro-Goldwyn-Mayer яна ўвайшла як узор антычнай прыгажосці і выканальніца роляў ракавых жанчын — гэта фільмы «Спакусніца», «Плоць і д'ябал», «Таямнічая дама», «Натхненне»... Стварэнню прывабнага сваёй загадкавасцю іміджу спрыяў характар актрысы: яна была замкнутай, пазбягала журналістаў і не давала інтэрв'ю, не адказвала на лісты паклоннікаў, любіла адасабленне і адзінокія шпацыры па Нью-Ёрку, абмяжоўвала кола сваіх сяброў. За гэта яе назвалі «шведскім сфінксам», «нардычнай прынцэсай».

Рэтраспектыва Музея гісторыі кіно, прымеркаваная да 110-годдзя з нараджэння каралевы экрана, пачалася 5 жніўня з першай буйной ролі актрысы — чорна-белага нямога фільма «Бязрадасны завулак», створанага яшчэ ў «дагалівудскі» перыяд. Прадоўжылася праграма той самай «Спакусніцай», у якой пачаў складвацца імідж Грэты Гарба, заўтра пройдзе паказ карціны «Плоць і д'ябал». У праграму рэтраспектывы, што будзе праходзіць цэлы жнівень па серадах, пятніцах і нядзелях, уваходзяць самыя славутыя і важныя для кар'еры актрысы карціны. Гэта «Ганна Крысці» — дэбют Гарба ў гукавым фільме. Дарэчы, яна стала адной з нямногіх, хто бязбольна перайшоў у кіно новай эпохі. Гледачу спадабаўся яе нізкі з хрыпатой голас, што стаў яшчэ адным моцным інструментам для стварэння шчырых, глыбока драматычных і трагедыйных роляў.

«Мата Хары», «Гранд-гатэль», «Каралева Хрысціна», «Ганна Карэніна», «Пакарэнне», «Каміла» (па п'есе Дзюма-сына «Дама з камеліямі»), «Ніначка» — поўны спіс класічных фільмаў з непараўнальнай нардычный прынцэсай, якія можна будзе пабачыць у Музеі гісторыі кіно.

2. Па суботах, пачынаючы з сённяшняга дня, музей пакажа чатыры фільмы, дзе здымаўся легендарны егіпецкі акцёр Амар Шарыф, што памёр у мінулым месяцы ва ўзросце 83 гадоў. Пасля яго першай ролі на англійскай мове ў карціне «Лоўрэнс Аравійскі» Дэвіда Ліна (што да гэтых часоў лічыцца адным з найкаштоўнейшых фільмаў гісторыі амерыканскага кіно), з якой сёння пачнецца рэтрапраграма, Шарыф стаў вядомым на ўвесь свет. У музеі таксама можна будзе пабачыць стужку «Маерлінг» Тэрэнса Янга, дзе акцёр сыграў разам з Катрын Дэнёў і выканаў ролю кронпрынца Рудольфа, наследніка аўстра-венгерскага трона; самы касавы фільм 1968 года «Смешная дзяўчынка» рэжысёра Уільяма Уайлера («Бен-Гур», «Рымскія канікулы»), дзе пару Шарыфу склала Барбара Стрэйзанд. У апошнюю суботу жніўня адбудзецца паказ галівудскай экранізацыі забароненага ў СССР рамана Барыса Пастэрнака «Доктар Жывага», дзе акцёр выканаў галоўную ролю.

3. Музей гісторыі кіно ў жніўні таксама прапануе нам выкарыстаць рэдкую магчымасць убачыць беларускую анімацыю апошніх гадоў. Сумесна са студыяй анімацыйнага кіно «Беларусьфільма» і Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў была створана праграма з кароткіх мультфільмаў — «Рыбка па імені Нельга» і «Пра вала» Аляксандра Ленкіна, «Мышка» Уладзіміра Пяткевіча, «Песня жаўрука» Таццяны Кубліцкай, «Ронда-капрычыёза» і «Дурная пані і разумны пан» Ігара Воўчака, частка серыі фільмаў пра гісторыю стварэння гербаў беларускіх гарадоў «Аповесць мінулых гадоў» і іншыя. Праграма, у якую ўваходзяць беларускія анімацыйныя фільмы 2012-2013 гадоў, будзе паказвацца па суботах і нядзелях а палове першай.

4. З'явіўся выклік кінематографу дзяржаўнай кінастудыі з боку сцэнарыста і рэжысёра Андрэя Курэйчыка — стала вядома, што яго камедыя «Гараш», знятая за ўласны невялікі бюджэт, была паказана вузкаму колу cяброў у кватэры рэжысёра. Гэты 45-хвілінны фільм пра дэпартаванага са Злучаных Штатаў беларуса, што ідзе працаваць у аўтамайстэрню ў Шабанах, быццам пра беларускія рэаліі і з тыпова беларускімі персанажамі. Адну з галоўных роляў тут сыграў саліст музычнага гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч.

Фільм «Гараш» не патрабуе дзяржаўнай дапамогі і раскручвання складанай структуры вялікай кінастудыі. Пракат карціны, што зараз знаходзіцца ў стадыі постпрадакшн, запланаваны на канец верасня, тады і паглядзім, ці мае такі шлях нацыянальнага кінематографа патэнцыял.

5. Наведванне паказаў у Музеі гісторыі кіно можна сумясціць з азнаямленнем са жнівеньскай выставай «Беларускі кінематограф 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя ў кінаплакаце», што складаецца з трыццаці пяці поўнафарматных і поўнакаляровых рэпрынтаў кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926—1940 гадоў.

У тыя часы ў жанры кінаплаката ў СССР працавалі вядомыя мастакі-графікі, да таго ж плакат быў галоўнай крыніцай уяўленняў пра фільм (перад праглядам). Цікава, як мастакі ўвасабляюць цэлую кінакарціну ў адной выяве, памятаючы пра тое, што плакат павінен яшчэ і прывабліваць гледачоў у кіназалу. Знамянальны прыклад, калі амерыканскія пракатчыкі італьянскага неарэалістычнага фільма «Выкрадальнікі веласіпедаў» пра цяжкія беспрацоўныя дні пасляваеннага Рыма, каб прывабіць гледачоў, змясцілі на плакаце выяву прыгожай дзяўчыны на веласіпедзе. Плакат — гэта і рэклама, і мастацтва. У выстаўцы можна ўбачыць унікальныя ўзоры на беларускай мове да фільмаў «Кастусь Каліноўскі», «Песня вясны» і «Джэнтльмен і певень».

Экспазіцыя стала вынікам шматгадовай працы і дэманструецца, па словах музейшчыкаў, упершыню за семдзесят пяць гадоў. Выстава працягнецца да 30 жніўня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.