Вы тут

Дыназаўры з Чыжоўкі


Карэспандэнты «Звязды» пераканаліся: яны дзікія, але сімпатычныя.

З глыбіняў заапарка даносіцца грозны рык. Гэта не леў і не тыгр, а зусім нязвыклы для мінчан «звер» — падобны да бегемота дыназаўр медузацэратопс. Ён не толькі пагрозліва рыкае, але і варушыць хвастом і лапамі, круціць галавой, міргае і цяжка дыхае — вось-вось скокне (хоць на шыльдзе напісана: харчуецца пераважна нізкарослай расліннасцю) на сваю ахвяру. А крыху наводдаль з кустоўя даносіцца гук, падобны на птушыны свіст. Гэта аравітаўр, ён выглядае не такім страшным, як медузацэратопс, але толькі здаецца бяскрыўдным. Гэты маленькі дыназаўр усёедны, ён мае бяззубую дзюбу і магутныя сківіцы, якія могуць літаральна раздрабіць істоту, што сустрэнецца яму на шляху.

8-2

Дрыжыкі ў дарослых і захапленне ў дзяцей

Дагістарычныя драпежнікі, траваедныя і лятучыя яшчары пасяліліся ў сталічным мікрараёне Чыжоўка на тэрыторыі мінскага заапарку. Адкрыццё першага ў Беларусі Парка дыназаўраў, што адбылося на мінулым тыдні, упершыню дало магчымасць жыхарам нашай краіны перанесціся з рэальнасці ў эпоху старажытных рэптылій і сутыкнуцца з тымі, хто насяляў планету 100 мільёнаў гадоў таму.

У дзень адкрыцця «ДынаПарка» ля кас выстраіліся чэргі, і нават не самы танны кошт квіткоў — 110 тысяч рублёў на чалавека — не спыніў ахвотных дакрануцца да экзатычных істот.

Новая экспазіцыя ўяўляе сабой 35 дыназаўраў у поўным памеры, якія размясціліся на 4 гектарах зямлі.
25 з іх вельмі рэалістычныя — варушацца, рыкаюць, дыхаюць, міргаюць і блішчаць каляровай скурай. Яшчэ 10 — статычныя, і менавіта яны прынялі на сябе першы «ўдар» ад самых маленькіх наведвальнікаў, якія адразу радасна «акупавалі» рэптылій, улезшы ім на карак, павіснуўшы на шыях і фатаграфуючыся. Зрэшты, для людзей усе фігуры абсалютна бяспечныя, паколькі выкананы з экалагічна чыстых матэрыялаў. А вось пра бяспеку саміх дыназаўраў арганізатарам варта было б паклапаціцца больш...

Першай беларускай “зоркай”, якая пабывала ў “ДынаПарку”, стаў спявак Дзядзя Ваня. Ён даследаваў экспазіцыю разам з маленькай дачкой Міраславай.

— Былі моманты, калі з кустоў чуўся незразумелы рык і дрыжыкі беглі па скуры. На што дзіця тут жа рэагавала: «Тата, пайшлі туды!», — падзяліўся ўражаннямі спявак.

8-1

«Я не сплю начамі — думаю, якімі «разынкамі» абсыпаць «ДынаПарк»

Па словах 25-гадовага дырэктара «ДынаПарка» Вадзіма ШЛАПАКОВА, каманда спецыялістаў — а гэта на розных этапах каля сотні чалавек — працавала над паркам і ўдзень, і ўначы. «У гэтым сезоне ўсе фігуры мы запускаем у тэставым рэжыме. Яны ствараліся з улікам асаблівасцяў нашага клімату, таму пакуль хочам паглядзець, як вытрымае тое ці іншае пакрыццё ўмовы надвор'я».

Новыя «насельнікі» мінскага заапарка былі выраблены ў Кітаі — цана экспанатаў у гэтай краіне значна ніжэйшая, чым у іншых вытворцаў. Дырэктар парка дыназаўраў адзначае: думка, што ў Кітаі робяць кепска, — памылковая. У Кітаі робяць па-рознаму, перакананы ён. Інвеставалі ж грошы ў праект уладальнікі дынапарка ў Клайпедзе, дзе падобны атракцыён адкрыўся тры гады таму. Суседзі падзяліліся сваім вопытам і дапамаглі пазбегнуць у беларускім парку рэптылій многіх памылак, з якімі давялося сутыкнуцца ім самім.

Пакуль яшчэ не ўсе работы завершаны. Арганізатары стараліся максімальна паспець да дня адкрыцця, падрыхтоўка да якога заняла чатыры месяцы: два з іх фігуры выраблялі, і столькі ж яны плылі ў Беларусь.

— Хто быў у дынапарках за мяжой, той убачыць асаблівасці нашага парка. Я не сплю начамі і думаю аб тым, якімі яшчэ «разынкамі» абсыпаць мінскі парк дыназаўраў на тры-чатыры гады наперад. Таму ў наступным годзе эфект «ваў!» таксама будзе, — прызнаўся Вадзім Шлапакоў.

Сярод ідэй — стварыць фігуры, на якіх дзеці змогуць катацца, а таксама такіх, што самі будуць хадзіць па тэрыторыі парка. Вадзім Шлапакоў марыць арганізаваць у «ДынаПарку» шоу — бітву двух дыназаўраў, якая будзе праходзіць некалькі разоў на дзень. Апроч таго, тут будзе рэстаран і разнастайныя гурткі для дзяцей.

«ДынаПарк» будзе працаваць круглы год (матэрыялы, з якога выкананы экспанаты — марозаўстойлівыя), таму сфатаграфавацца з рэптыліяй у снезе таксама будзе магчыма. Зімой, дарэчы, білеты патаннеюць, бо фігуры не будуць рухацца. А для дзяцей да 5 гадоў уваход бясплатны ў любы час года.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.