Вы тут

Калі глядзець на старыя чорна-белыя фотаздымкі з азартам першаадкрывацеля


Супрацоўніца карэліцкага краязнаўчага музея Святлана Кошур кожны будні дзень знаходзіцца ў пошуку і час ад часу атрымлівае каштоўныя матэрыялы, што глыбей адкрываюць мінулае Карэлічаў і раёна. Шкада было б не перадаць гэтыя знаходкі шырокай аўдыторыі (іх можна пабачыць таксама на выставах музея). Таму далей публікуем аповед Святланы пра экспанаты, што былі адшуканы ў Нацыянальным архіве і нават у сямейных альбомах землякоў, якія паказваюць жыццё сведак гісторыі гэтай зямлі.

11-17

Адзін з артэфактаў пераносіць нас у пачатак мінулага стагоддзя. На фотаздымку былы начальнік карэліцкай пошты Богуш Павел Антонавіч. Аднавіць яго біяграфію сёння даволі складана. Вядома, што нарадзіўся ён у Карэлічах у 1860 годзе, у пачатку мінулага стагоддзя быў начальнікам паштова-тэлеграфнага аддзялення ў тым жа мястэчку. З тых часоў захаваўся цікавы дакумент — спецыяльны страхавы поліс Таварыства страхавання жыцця Злучаных Штатаў, аформлены праз адпаведныя службы ў Санкт-Пецярбургу, з якога вынікае, што Павел Антонавіч у 1901 годзе застрахаваў сваё жыццё на 1000 рублёў (на пачатку мінулага стагоддзя конь каштаваў 100-200 рублёў, пуд жыта — 80 капеек, дзесяціна зямлі — 100-120 рублёў). Яшчэ адзін унікальны дакумент — чарцёж ходу пошты па Мінскай паштова-тэлеграфнай акрузе, якім зямляк карыстаўся на службе.

Праз рукі Паўла Богуша праходзіла ўся карэспандэнцыя, што атрымлівалі жыхары мястэчка, у тым ліку лісты Якуба Коласа, якія паэт дасылаў настаўніцы Карэліцкага гарадскога вучылішча Аляксандры Рамановіч (Зотавай).

Была ў жыцці Паўла Антонавіча таямнічая гісторыя кахання да прыгажуні Фацініі Мачульскай, якую ён лічыў сваёй нявестай. Аднойчы дзяўчына падарыла закаханаму паштмайстру свой фотаздымак з надпісам: «На добрую память многоуважаемому Павлу Антоновичу от Фотинии Мочульской. 1906 года, 20 октября, м. Кореличи».

11-16

Аднак бацькі дзяўчыны аддалі перавагу не карэліцкаму мешчаніну, а мінскаму пракурору, які належаў да дваранскага саслоўя, за яго і выдалі дачку замуж. Павел Богуш так і не ажаніўся, відаць, не змог забыць сваю каханую. Затое жаданне мець сям'ю і дзяцей пераўвасобілася ў апякунскія клопаты: ён выхоўваў сваіх пляменнікаў.

Аднойчы паважаны паштмайстар наведаў фотаатэлье Я. Калмановіча і праз пэўны час атрымаў на памяць свой фотапартрэт. Першыя фотамайстэрні пачалі адкрывацца ў Беларусі ў 1860-я гады, якраз тады, калі Павел Богуш з'явіўся на свет. Паступова майстры-фатографы распаўсюдзілі сваю справу не толькі ў Мінску, але і ў невялікіх гарадах і мястэчках. Прыемна ўсведамляць, што вядомы майстар мастацкага фотаздымка Ян Булгак, які захапіўся гэтай справай у пачатку мінулага стагоддзя і адкрыў у Вільні ўласную фотамайстэрню, паходзіў з вёскі Асташын Карэліцкага раёна.

У гэты ж час Калмановіч рабіў фотаздымкі не горш за сталічных прафесіяналаў. Аб гэтым сведчыць фотапартрэт Паўла Богуша, ён добра захаваўся, хаця мінула ўжо больш за стагоддзе. Фотапартрэты ў майстэрні рабіліся ў найлепшых традыцыях таго часу — абавязковым элементам было картоннае паспарту, на якім мацаваўся здымак, упрыгожанае цісненнем з выявай кветак па краях. Пад фотаздымкам — прозвішча майстра і месца стварэння фотапартрэта. На адваротным баку надрукаваны наступны тэкст: «Фотография Я.Л. Калмановича, м. Кореличи, Минской губ.». Кароткі надпіс ніжэй паведамляў, для чаго яшчэ была прызначана фотамайстэрня: «Специальное отделение для увеличения портретов до натуральной величины и фото-эмалиров, брелки, брошки, запонки с фотографиями». Прадукцыя, як бачым, на любы густ.

Пазней Павел Богуш нейкі час працаваў паштмайстарам у Слуцку, аб чым сведчыць разліковая кніжка, па запісах якой можна меркаваць, што з 1911 да 1917 года яе гаспадар захоўваў свае зберажэнні ў Слуцкай дзяржаўнай ашчаднай касе. Потым наш зямляк вярнуўся да сястры Варвары ў Карэлічы, дзе зноў узначаліў мясцовую пошту.

11-15

У невялікім мястэчку людзі ведалі адзін аднаго, і Павел Антонавіч, безумоўна, быў добра знаёмы з іншымі прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі — настаўнікамі Аляксандрам Дзянькевічам, Сцяпанам і Аляксандрай Рамановічамі. Сябраваў ён і з урачом Лявіцкім. У былым доме Лявіцкіх цяпер месціцца раённы музей. Звесткі пра сям'ю доктара давялося збіраць літаральна па крупінках, знайшліся аматарскія фотаздымкі невядомага аўтара.

Доктар Лявіцкі меў прыватную практыку і лячыў людзей перад вайной і ў час яе. Яго жонка, зубны ўрач, таксама дапамагала хворым людзям. Урачэбныя кабінеты размяшчаліся на першым паверсе дома, на другім жыла сям'я, у іх было двое дзяцей — Янэк і Ганка. Лёс доктара Лявіцкага склаўся трагічна. З успамінаў старажылаў вядома, што, калі ў 1942 годзе яўрэйскае гета ў Карэлічах было ліквідавана, у пустых будынках пасялілі бежанцаў, у якіх пачалася эпідэмія тыфу. Дапамагчы хворым людзям, прычым бясплатна, пагадзіўся толькі доктар Лявіцкі. Для яго гэта высакародная справа закончылася трагічна: ён заразіўся тыфам і памёр.

На фотаздымку адлюстраваны той шчаслівы для Лявіцкіх час, калі ўсе яны яшчэ былі разам. Сур'ёзныя твары бацькоў і цікаўныя вочы дзяцей падкрэсліваюць урачыстасць моманту — не так часта людзі здымаліся ў той час!.. Пахавалі Лявіцкага там жа, дзе і сына Янэка, што незадоўга да гэтага падарваўся на міне, — у Навагрудку, адкуль доктар быў родам. Пасля смерці двух блізкіх людзей жонка разам з дачкой выехала ў Варшаву да сваёй маці. Пра гэтых людзей сёння нагадвае, акрамя фотаздымкаў, толькі іх былы дом.

Святлана КОШУР

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.