Вы тут

«Мама мяняла золата на хлеб»


Гісторыя адной сям'і.

...Мне ўяўлялася, што той час, калі людзей высылалі ў Сібір, калі яны не мелі чаго есці, галадалі, калі прывозілі па адным бервяне, каб збудаваць хату, калі самі ткалі і шылі адзенне, дзесьці вельмі далёка. І хоць я шмат чула пра гэта ад сваёй бабулі, толькі тады, калі села і запісала гісторыю яе жыцця, зразумела, што ўсё гэта... пра нас, пра маю сям'ю.

Цяпер смела магу сказаць, што маё жыццё, шчаслівы лёс выпакутаваны продкамі. Яны імкнуліся жыць, нягледзячы на нягоды, глядзелі ў вочы вайне, перабіваліся хоць нечым падчас голаду ў ссылцы, грэліся на лютых маразах, імкнуліся збудаваць дом і падворак для сям'і, нягледзечы на калектывізацыю. І калі зробленае бурылася ў адзін момант, калі не спраўджваліся мары, яны знаходзілі ў сабе сілы пачаць усё наноў. Дзеля мяне, маіх братоў, нашых дзяцей...

[caption id="attachment_95701" align="alignnone" width="600"]Ajnj Мая ба­бу­ля з са­ма­тка­ны­мі по­сціл­ка­мі і руч­ні­ка­мі, зроб­ле­ны­мі ра­зам з пра­ба­бу­ляй.[/caption]

Маю бабулю завуць Ніна Карпук. Яна жыве ў вёсцы Кібуці Брылькоўскага сельскага Савета Валожынскага раёна. Ёй 81 год. Дзядулю звалі Іван. Яго няма ўжо 12 гадоў. Але дзеда я памятаю вельмі добра, бо гэта быў асаблівы чалавек. Сціплы вясковы жыхар, але лідар па жыцці, у сваім асяродку. Умеў рабіць усё — і рабіў гэта сам. Ніколі не прасіў дапамогі, нават у сына і зяця, але яны, вядома, прыязджалі, працавалі плячо ў плячо. Сам жа дзядуля дапамагаў усім. Многія прасілі Ваньку (чамусьці так яго звалі ў вёсцы), і ён ніколі не адмаўляўся: узараць чужое поле, прывесці сена, сплесці кошык ці адрамантаваць гачку. Дапамагаў весці гаспадарку сястры, якая засталася без мужа. І пра сваё дбаў, вядома ж.

Калі заканчваліся сезонныя працы на падворку і ў полі, ён адразу выпраўляўся ў лес. Звычайна выходзіў у пяць раніцы, напаіўшы і навязаўшы каня. Часам і нас браў з сабою — «паглядзець норы лісічак». І мы ішлі праз увесь лес і нарэшце прыходзілі да сваёй узнагароды — бачылі паглыбленую пясчаную пляцоўку, а вакол яе — шматлікія норы. Мы раскладвалі невялікі касцёр у лесе, смажылі на ім сала і хлеб. А шкуркі ад яго «пакідалі лісічкам».

Грыбоў у доме заўсёды было цэлае мора. Іх сушылі, марынавалі, замарожвалі. Бабуля кошыкамі вазіла іх да нас, у горад, і часам сварылася на дзеда, што так шмат грыбоў, што няма калі іх парадкаваць. Калі надавалася вольная часіна, ён запрагаў каня ў калёсы ці сані і выпраўляўся ў лес па дровы. Дома ўсё акуратна рэзаў, калоў, складваў. Будаваў дадатковыя навесы, паветкі, каб яшчэ больш скласці дроў (таксама сена) і каб яны не намоклі. Пасля смерці дзеда запасу дроў, зробленага ім, хапіла яшчэ гадоў на пяць...

...Калі я была меншая, падлеткам, а дзядулі ўжо не стала, задумваючыся, ці правільна паступаю, я заўсёды думала, што ён з неба глядзіць на мяне... Гэта быў галоўны стымул сумленна жыць і рабіць правільныя ўчынкі. У тым, што ён на небе, у мяне сумненняў не было ніколі...

Бабуля і цяпер побач, радуе мяне. Яна добры сябар, які мае народную мудрасць, гаворыць па-беларуску (акрамя таго, што «нахапала» з тэлевізара), заўсёды чакае мяне. А я для яе — любімая, адзіная ўнучка (усе астатнія — хлопцы) і таксама сябар.

Пра тое, што гісторыя маёй сям'і — гэта гісторыя ўсяго народа, сведчыць, напрыклад, той факт, што неяк у вёску прыязджалі музейшчыкі і тканыя посцілкі, некаторыя іншыя прадметы хатняга ўжытку з нашай хаты хацелі забраць у свае фонды.

Расказвае мая бабуля Ніна Карпук (дарэчы, мяне назвалі менавіта ў яе гонар):

Пра раскулачванне

«Майго папку (звалі Антон Ляўковіч) раскулачылі і вывезлі з радзімы разам з сям'ёй за тое, што працаваў лесніком. Забралі каня, дзве каровы. Дома застаўся зруб недаробленай хаты і зямля, якую бацькі набывалі, каб будавацца. А нас вывезлі туды, дзе вялікія маразы, — у Іркуцк (Сібір). Думалі, што мы тамака прападзём, дадзімся...

Нас мама (звалі Барбара, у дзявоцтве Кароль) везла чатырох, і ўсе мы былі малыя. Мне было толькі 4 годзікі, меншаму брату — 1 год, старэйшаму — 7 гадоў.

Раскулачылі і вывезлі, бо папка быў лесніком: цяпер таксама леснікі ёсць і начальства ёсць, але ніхто нікога не судзіць. Тады нас Сталін вывозіў.

Прабылі ў Расіі 4 гады, вайны там не бачылі, але голаду нахапаліся.

Наша вёска ў Беларусі на той час уваходзіла ў склад Польшчы. Дык польскі пасол дапамагаў: дасылалі ў Сібір коўдры, чаравікі. Даўней усе насілі лапці, але мы мелі чаравікі. А з коўдраў нам шылі пальцішкі — трэба ж было нешта апранаць, бо куртак у тыя часы не было.

Тады на Беларусі хадзіла золата: мама расказвала, што здала парсюка, дык ёй заплацілі адным золатам. Яна ўзяла яго з сабой у Расію і мяняла там на хлеб, каб пракарміць сям'ю.

Старэйшы брат, Янак зваўся, захварэў і памёр. А трое нас, дзетак, вярнулася на радзіму. Калі скончылася вайна, можна было ехаць куды заўгодна, у любую краіну. Некаторыя паехалі ў Амерыку. А мая мама сказала, што хоча вярнуцца дадому. Так мы зноў прыехалі ў сваю вёску. Тут зруб ад нашай хаты разабралі, застаўся толькі хлеў. Дык у тым хляве мы выразалі два акны і жылі, пакуль пабудавалі хату.

[caption id="attachment_95703" align="alignnone" width="600"]Шлюб­нае фо­та Ні­ны і Іва­на Кар­пу­коў. Шлюб­нае фо­та Ні­ны і Іва­на Кар­пу­коў.[/caption]

Пра шлюб

Я расла, стала падлеткам. Летам мы гойдаліся на арэлях. Зімой хадзілі на сажалку і рабілі сабе забаўку. Убівалі ў лёд колік, чаплялі на яго кола (ад воза), збоку прымацоўвалі палку, каб круціць. Да палкі чаплялі санкі — і так каталіся на санках па лёдзе. Вельмі весела было.

Сталі дзеўкамі, пачалі сватацца жаніхі. Да мяне са сваёй вёскі прыйшоў. Я спадабалася яго маці — яна бачыла мяне на вуліцы, я заўсёды віталася. Ён ужо адслужыў тры гады ў войску, ніякіх лістоў адтуль не пісаў. А як вярнуўся, пайшоў у сваты. Прыглядаліся і іншыя кавалеры, але мне яны не падабаліся з-за малога росту. А твой дзед быў высокі.

Дарэчы, мая мама, каб выйсці замуж за папку, выскачыла да яго праз акно. Яе не хацелі аддаваць, бо ён быў бедным. Раней жа таксама выбіралі, хацелі багатага: а чаго багаты — каб зямлі многа было, тады добры жаніх.

Даўней усе вянчаліся — закон такі быў.

Пра будаўніцтва хаты

Калі пачалі арганізоўваць калгасы, то ў людзей забіралі пуні, каб будаваць вялізныя амбары, у якіх захоўвалі калгаснае дабро (збожжа), лён. У нашай вёсцы таксама адбудавалі такі. Дык нехта яго наўмысна падпаліў, і ён згарэў з усім, што было ўнутры, з лёнам. Відаць, нечую забралі пуню, а людзі вось як, падумалі: «Забралі ад нас. Дык няхай лепей ідзе да Бога».

У бацькоў твайго дзеда пуню не забралі (быць можа, калі ў ёй стаялі свінні ці каровы, то тады не забіралі). Маці пуню падзяліла паміж ім і яшчэ трыма братамі і сёстрамі. Кожны атрымаў па сцяне. Мой адкупіў і братаву долю. І пачалі будаваць сваю хату. Ён працаваў цэлы дзень у калгасе, але перад гэтым раненька ўставаў і прыцягваў трактарам з лесу па адным бервяне. Потым часаў, шаляваў яго, сам складваў сцены.

Спачатку збудавалі кухню. У ёй была печка, дык мы накрылі яе дошкамі і спалі, бо ложка яшчэ не мелі. Самі ездзілі па пілавінне, каб пасыпаць яго на столь, уцяпліць хату. Усе вокны, дзверы мой таксама зрабіў сам.

[caption id="attachment_95586" align="alignnone" width="600"]11-11 Бар­ба­ра Ляў­ко­віч ка­ля сва­ёй пу­ні.[/caption]

Пра рамёствы

У мамы было некалькі братоў і сясцёр — Ярыня (Ірына), Лявон (Леанід), Янка і Антось. Янка ўсё казаў на мяне: «Гэта Зэнэлька, яна падобна на Зэнэльку» (іх маці звалі Зінаіда).

Янка скончыў усяго чатыры класы (я таксама), але ўсё жыццё гандляваў у Брыльках (суседняй вёсцы) — такі разумны быў!

А мая мама, хіба ж яна не разумная была? Столькі посцілачак выткала сваімі рукамі. Якая галоўка была (плача)... Усе ўзоры прыдумвала сама. І я ткала разам з ёй.

Усе вёскі тады ткалі — дзе ў каго харашэйшы малюнак убачыш, пойдзеш, возьмеш узор.

Паставіш кросны. Трэба было знаць, як укінуць лён, тады нагамі паціскаеш педалі, закладаеш чаўнок, падбіваеш і тчэш. Хапала працы. А часам сядзіш і прадзеш на калаўроце — матаеш ніткі. На гарышчы ў нас яшчэ ляжыць калаўроцік.

Палатно выпрадалі тоненькае. Пасля белім, бо яно рудое ад лёну. А бялілі так: намочыш, у кубле або, каму блізка было, да сажалкі насілі, збіраеш гэтае палатно, б'еш пранікам, мочыш у вадзе. Потым рассцелеш дарожкай, каб выпякала сонца — тады яно беленькае робіцца. Шылі кашулі, трусы, бо ніякай крамнай тканіны не было.

І посцілкі ткалі са льну, і тасемкі, і палавікі.

Пра мары аб лепшым

Я вельмі любіла спяваць, колькі часу была ў хоры. Марыла пайсці ў артысткі...

Але, як выйшла замуж, чахла. Бо вельмі шмат працы было. Трохі пачала адпачываць, як сына нарадзіла: як гадавала, не чапалі, каб ішла на працу ў калгас. Толькі тады пачала вышываць, а гэтага мне вельмі хацелася! Некалькі карцін, са складанымі ўзорамі, вышыла пакуль гадавала малых дзяцей.

Як была дзеўкай, мама адправіла мяне вучыцца шыць у Манькі Пачтальёнкі з нашай вёскі. Я год пахадзіла, а пасля паехала і ўладкавалася ў Маладзечне ў швейную арцель. Наша суседка Рэнька Гедрыкава там працавала — мама неяк даведалася пра гэта і таксама аддала туды. Як мяне прымалі, пыталіся: «Умееш шыць?» Я адказвала: «Умею». Але чорця там умеў! Села за машыну і пачала страчыць — просціні, рукавіцы, целагрэйкі — усё, што ішло канвеерам.

Шыла, а тады замуж пайшла за твайго дзеда. Каб мая мама правільна пакіравала, каб з ім пераехалі ў Маладзечна, знялі б там кватэру, сталі б на чаргу... Але ж пачалі будаваць хату ў вёсцы, атрымаўшы зруб. Так і пратаўкліся з ім у калгасе.

Каб дзед твой пажыў яшчэ пяць гадоў, адсвяткавалі б з ім залатое вяселле...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Валожынскі раён

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.