Вы тут

Дэмаграфічны расклад


 

Да канца ХХІ стагоддзя колькасць жыхароў планеты можа ўзрасці да 16,6 млрд чалавек.

ААН апублікавала чарговы дэмаграфічны прагноз планеты. Галоўная выснова: нягледзячы на запаволенне тэмпаў росту насельніцтва Зямлі, якое адзначаецца апошнім часам, няўхільна яго павелічэнне да сярэдзіны стагоддзя да 10 мільярдаў чалавек. Самай шматнаселенай краінай планеты ўжо ў 2030-х стане Індыя.

[caption id="attachment_95587" align="alignnone" width="600"]Для та­го каб раз­мяс­ціць на­сель­ніц­тва, Ін­дыя па­він­на што­год пры­рас­таць на Мум­бай.

Для та­го каб раз­мяс­ціць на­сель­ніц­тва, Ін­дыя па­він­на што­год пры­рас­таць на Мум­бай.

 Для та­го каб раз­мяс­ціць на­сель­ніц­тва, Ін­дыя па­він­на што­год пры­рас­таць на Мум­бай.[/caption]

 

9 кропак росту

«Гэта адбудзецца на 6 гадоў раней, чым прагназавалася дагэтуль», — сцвярджаецца ў дакладзе дэпартамента па сацыяльна-эканамічных пытаннях ААН. Цяпер у Кітаі і Індыі жыве 1,38 і 1,31 млрд чалавек адпаведна. Насельніцтва дзвюх краін дасягне 1,4 млрд чалавек да 2022 года. Да пачатку 2030-х гадоў (цягам прыкладна дзесяцігоддзя) колькасць жыхароў Індыі будзе працягваць расці, а Кітая стабілізуецца. У выніку ўжо ў 2033—2035 гадах менавіта Індыя стане самай шматнаселенай краінай нашай планеты. Чакаецца, што яе насельніцтва дасягне 1,7 млрд чалавек да 2050-га.

На пачатку трэцяга тысячагоддзя колькасць жыхароў планеты павялічвалася на 1,24% штогод. Цяпер тэмпы росту замарудзіліся да 1,18% — прыблізна 83 млн чалавек. Увогуле ж, гэты паказчык дасягнуў максімуму ў 60-я гады мінулага стагоддзя, а з 1970-х гадоў увесь час змяншаецца.

Цяпер колькасць насельніцтва Зямлі складае 7,3 млрд чалавек. Гэта на 1 млрд больш, чым у 2003-м, і на 2 млрд чалавек перавышае паказчык 1990 года. Паводле новага прагнозу, да сярэдзіны стагоддзя зямлян пабольшае амаль да 10 млрд. Ільвіная доля прыросту прыпадае на краіны з высокім узроўнем нараджальнасці, размешчаныя, галоўным чынам, у Афрыцы, і на шматнаселеныя краіны. 10 самых шматнаселеных краін у свеце знаходзяцца ў Афрыцы (Нігерыя, Эфіопія, Егіпет, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Танзанія, Паўночна-Афрыканская Рэспубліка, Кенія, Алжыр, Уганда, Судан), пяць — у Азіі (Бангладэш, Кітай, Індыя, Інданезія і Пакістан), дзве — у Лацінскай Амерыцы (Бразілія і Мексіка), па адной — у Паўночнай Амерыцы (ЗША) і ў Еўропе (Расія).

Як сцвярджаюць эксперты ААН, больш за палову прыросту насельніцтва планеты ў 2015—2050 гадах забяспечаць 9 краін: Індыя, Нігерыя, Пакістан, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Эфіопія, Танзанія, ЗША, Інданезія і Уганда.

«Павелічэнне колькасці жыхароў да 2050 года адбудзецца нават у тым выпадку, калі паскорыцца зніжэнне ўзроўню нараджальнасці, — адзначаецца ў прагнозе ААН. — З 80-працэнтнай верагоднасцю можна прадказваць, што насельніцтва планеты дасягне 8,4-8,6 млрд чалавек да 2030 года, 9,4-10 млрд — да 2050-га і 10-12,5 млрд — да 2100 года».

Чакаецца, што да сярэдзіны ХХІ стагоддзя насельніцтва кожнай з шасці краін — КНР, Індыі, Інданезіі, Нігерыі, Пакістана і ЗША — будзе перавышаць 300 млн чалавек. Да гэтага часу Нігерыя апярэдзіць ЗША і стане трэцяй па колькасці насельніцтва краінай планеты.

[caption id="attachment_95588" align="alignnone" width="600"]11-19

11-19

 Бал­га­рыя — ад­на з «аў­тсай­да­раў» дэ­ма­гра­фіч­на­га рэй­тын­га.[/caption]

 

Афрыка з «плюсам»...

Калі сённяшнія тэндэнцыі ў дынаміцы ўзроўню нараджальнасці захаваюцца, то Афрыка, у якой знаходзяцца 27 з 48 найменш развітых краін планеты, будзе адзіным кантынентам, у якім колькасць насельніцтва працягне істотна расці пасля 2050 года. Доля насельніцтва ў агульнай колькасці жыхароў Зямлі ў сярэдзіне стагоддзя дасягне 25%, а да 2100 года — 39%. У ХХІ стагоддзі Афрыку чакае самы сапраўдны дэмаграфічны выбух. Яе насельніцтва, як лічаць эксперты ААН, да 2100 года павялічыцца ў 4 разы. У 10 афрыканскіх краінах (у тым ліку ў Анголе, Самалі, Угандзе, Танзаніі) праз 85 гадоў жыхароў пабольшае не менш чым у 5 разоў. Рэкардсменам па прыросце насельніцтва не толькі на Чорным кантыненце, але і на ўсёй планеце будзе Нігер. У гэтай цэнтральнаафрыканскай краіне, насельніцтва якой цяпер складае 17,5 мільёна чалавек, да 2100 года будзе жыць, па прагнозах, прыкладна ў 10 разоў людзей больш!

Разам з колькасцю насельніцтва няўхільна расце і працягласць жыцця: з 67 гадоў у 2000—2005 гадах да 70 — у 2010—2015. Гэтая тэндэнцыя прадоўжыцца. Працягласць жыцця дасягне 77 гадоў да 2045—2050 гадоў і 83 — да 2095—2100. Да канца ХХІ стагоддзя, робяць прагноз аўтары даследавання, працягласць жыцця афрыканцаў вырасце амаль на 19 гадоў — прыкладна да 60 гадоў. Гэты прагноз спраўдзіцца, калі на Чорным кантыненце працягнецца барацьба са СНІДам і іншымі хваробамі.

Зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне працягласці жыцця прывядуць да далейшага росту колькасці пажылых людзей. Да 2030 года яна, паводле прагнозу, павялічыцца да 1,4 мільярда чалавек, да 2050-га — да 2,1 млрд, да канца стагоддзя — да 3,2 млрд. У Еўропе да сярэдзіны ХХІ стагоддзя больш за 60 гадоў будзе кожны трэці — 34%. Цяпер пажылых еўрапейцаў — чвэрць (24%).

[caption id="attachment_95589" align="alignnone" width="600"]11-20

11-20

 Рэ­кард­сме­нам па пры­рос­це жы­ха­роў ста­не Ні­гер.[/caption]

 

Як заўважыў дырэктар аддзела народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН Джон Вілмат, важным аспектам дэмаграфічных змен з'яўляецца міграцыя. У асноўным перасяленцы рухаюцца з рэгіёнаў з нізкім і сярэднім прыбыткам і больш высокай нараджальнасцю ў краіны з высокім узроўнем прыбытку.

Увогуле ж, сярод адметнасцей дэмаграфічнага развіцця спецыялісты адзначаюць розную дынаміку змены насельніцтва розных краін. Напрыклад, цяпер у Пакістане і Германіі прыкладна аднолькавая шчыльнасць жыхароў — 232 і 245 чалавек на 1 кв. км адпаведна. Аднак да канца стагоддзя гэтыя дзяржавы разыдуцца ў процілеглых дэмаграфічных кірунках. Колькасць жыхароў ФРГ зменшыцца прыкладна на чвэрць (з сённяшніх 88 млн да 63 млн чалавек), а Пакістана — падвоіцца.

Дарэчы, такая ж доля, як і Германію, чакае ўсе еўрапейскія краіны. Стары Свет стане адзіным кантынентам, насельніцтва якога праз 85 гадоў не вырасце, а скароціцца — з 738 да 646 млн чалавек. Цікава, што вялікая частка страт прыпадае на Усходнюю Еўропу, дзе ў 10 краінах да сярэдзіны стагоддзя змяншэнне народанасельніцтва перавысіць 15%. У Балгарыі, напрыклад, у 2050 годзе колькасць жыхароў скароціцца на 28%, а яшчэ праз паўстагоддзя — на 52%.

У краінах Усходняй Еўропы гэтак жа, як на захадзе кантынента, нізкі ўзровень нараджальнасці, але ў іх не адбываецца папаўненне насельніцтва за кошт мігрантаў. Гэтыя краіны ў адрозненне ад захаду і поўначы асаблівай папулярнасцю ў выхадцаў з Азіі і Афрыкі не карыстаюцца.

Будзе скарачацца насельніцтва і на ўсходзе Азіі. У Японіі замест 127 млн праз 85 гадоў будуць жыць толькі 83 млн чалавек.

Нягледзячы на зніжэнне насельніцтва на ўсходзе, увогуле на кантыненце яно вырасце. А вось доля Азіі ў агульнай колькасці жыхароў Зямлі пры гэтым зменшыцца да сярэдзіны ХХ стагоддзя да 54%, а да яго канца — да 44%.

Усяго ж на планеце ў 2100 годзе будзе жыць прыкладна 11,2 млрд чалавек. Гэта сярэдні (па ўзроўні нараджальнасці) варыянт змянення колькасці насельніцтва Зямлі. Паводле максімальнага прагнозу, зямлян праз 85 гадоў будзе 16,6 млрд. Прычым заўважная частка насельніцтва планеты будзе прыпадаць менавіта на Індыю.

Індыя пабудуе «разумныя» гарады

Зразумела, улады самай шматнаселенай краіны планеты павінны ўлічваць дэмаграфічныя прагнозы. Пэўныя захады робяцца ўжо зараз. Урад Індыі абвясціў пра планы па ўзвядзенні з нуля каля 100 высокатэхналагічных гарадоў. Гэта дапаможа вырашыць найбольш вострыя сацыяльныя праблемы краіны і дасць прытулак насельніцтву, якое імкліва павялічваецца.

Чуючы словазлучэнне «індыйскія гарады», многія звычайна ўяўляюць перанаселеныя, шумныя і брудныя мегаполісы, акружаныя трушчобамі. Аднак, магчыма, хутка такое ўяўленне радыкальна зменіцца. Як адзначыў прэм'ер-міністр краіны Нарэндра Модзі, у планах — пабудаваць у Індыі каля 100 «разумных» гарадоў, створаных па апошнім слове тэхнікі, якія забяспечаць жыхарам самыя сучасныя камунікацыі.

«У мінулым гарады будавалі па берагах рэк, сёння — уздоўж дарог, але ў будучыні выбар месцазнаходжання будзе залежаць ад даступнасці оптавалаконных сетак і інфраструктуры новага пакалення», — заўважае Нарэндра Модзі. Па яго словах, «разумныя» гарады стануць стымулам для развіцця Індыі, якая цяпер застаецца пераважна аграрнай краінай, дзе ў кожнай пятай хатняй гаспадарцы дасюль няма нават стабільнага электразабеспячэння.

Зразумела, ідэя развіцця «разумных» гарадоў не ўзнікла на роўным месцы — прыкладам тут стала новая стадыя ўрбанізацыі ў Кітаі. КНР збіраецца выдаткаваць на ўладкаванне гіганцкіх гарадоў значныя сродкі... Нарэндра Модзі часта ўзгадвае магутнага паўночнага суседа як прыклад краіны, дзе ўдала вырашаюцца праблемы, выкліканыя індустрыялізацыяй. У найбліжэйшай перспектыве ўрад Індыі збіраецца ўкласці ў гарады будучыні каля 1,2 мільярда долараў — вялікую частку гэтых грашовых рэсурсаў разлічваюць прыцягнуць ад прыватных, у тым ліку замежных, інвестараў.

Грандыёзныя планы, зразумела, могуць выклікаць сумненні: маўляў, гэта толькі гучны слоган, патрэбны для таго, каб прадэманстраваць, што новае кіраўніцтва краіны збіраецца эфектыўна вырашаць застарэлыя праблемы індыйскага грамадства. Аднак варта мець на ўвазе тое, што праекты асобных «разумных» гарадоў (у прыватнасці, у штаце Гуджарат, дзе сярэдні клас шматлікі і добра развіты) ужо знаходзяцца ў дэтальнай распрацоўцы. Такія населеныя пункты павінны таксама густа пакрыць прастору паміж Дэлі і Мумбаі (да 1995 года — Бамбей), дзе назіраецца самы высокі ў краіне ўзровень развіцця бізнесу. Увогуле плануецца пакрыць імі тэрыторыю 6 штатаў.

Адзін з топ-менеджараў ІBM Ракеш Шарма, чые словы цытуе СNN, кажа, што «разумныя» гарады сапраўды маглі б сур'ёзна падняць узровень жыцця ў Індыі. Напрыклад: інтэлектуальныя сістэмы кіравання дарожным транспартам дапамаглі б справіцца з аўтамабільнымі пробкамі і забруджаннем паветра, сістэмы кантролю водазабеспячэння — зменшыць верагоднасць эпідэмій, камп'ютарны маніторынг электрасетак — забяспечыць бесперабойную падачу энергіі ў жылыя дамы і на прадпрыемствы. «Мы зможам супрацьстаяць праблемам, з якімі цяпер сутыкаюцца гарады, і эфектыўна вырашаць іх», — перакананы Ракеш Шарма.

Колькасць жыхароў Індыі, паводле прагнозаў кансалтынгавай кампаніі MсKіnsеу аnd Соmраnу, да 2030 года дасягне 1 млрд 590 млн чалавек. Каб гэтае насельніцтва магло жыць камфортна, штогод краіна павінна прырастаць па гарадскіх тэрыторыях на агульную плошчу, прыкладна роўную памерам горада Мумбаі (плошча 603 кв. км, разам са спадарожнікамі насельніцтва складае 21,3 млн чалавек). Аднак тэхналагічнае ўдасканаленне цалкам магло б пазбавіць урад ад такой патрэбы. Праз сучаснае планаванне і развіццё гарадоў Індыя магла б з камфортам рассяліць жыхароў, колькасць якіх стабільна павялічваецца, у тых населеных пунктах, якія ёсць зараз.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnоv@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.