Вы тут

З атамнай дакладнасцю


Графікі ўзвядзення Беларускай АЭС вытрымліваюцца.

Яна будуецца па расійскім праекце «АЭС-2006» пакалення «тры плюс». Ён адпавядае самым строгім патрабаванням і рэкамендацыям МАГАТЭ, да таго ж мае павышаныя характарыстыкі бяспекі. Згодна з праектнай дакументацыяй, станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў, намінальная магутнасць кожнага дасягне 1194 мегаваты. Але мала пабудаваць адну «атамку». Для яе працаўнікоў яшчэ неабходна стварыць неабходную інфраструктуру, узвесці жыллё.

11-10

Атамаград Астравец

Для будаўнікоў АЭС і будучых яе супрацоўнікаў ужо ўзведзены два дзясяткі жылых дамоў, агульная плошча якіх перавышае 91 тысячу квадратных метраў. Гэта 454 кватэры для спецыялістаў і 5348 месцаў для часовага пражывання будаўнікоў. Што адметна, забудова ў двух новых раёнах Астраўца пераважна 5-6-павярховая, тут не знойдзеш высотных гмахаў. У прасторных па сталічных мерках дворыках новабудоўляў даволі месца як для дзіцячых пляцовак, так і для парковак аўтамабіляў. Ды і самі кватэры вельмі прасторныя і ўтульныя. «Разынкай» мікрараёна №1 неўзабаве стане круглая плошча, на якой запрацуе гандлёвы цэнтр, побач з якім будуць біць фантаны.

Тэмпы будаўніцтва будуць толькі паскарацца. Да канца 2016 года ў Астраўцы пабудуюць яшчэ 17 новых жылых дамоў.

— Мы мяркуем завяршыць будаўніцтва жылля ў 2018-м, калі запрацуе першы энергаблок атамнай электрастанцыі, — расказваеУладзімір ГОРЫН, намеснік галоўнага інжынера Беларускай АЭС. — Да гэтага часу будзе ўзведзена 3381 кватэра. З іх крыху больш за дзве тысячы будуць мець статус арэнднага жылля, а 1336 — інтэрнатаў.

11-9

Вялікаму караблю — вялікае плаванне...

Зараз на пляцоўцы будучай атамнай электрастанцыі кіпіць работа. Тэрыторыя яе перарэзана шматлікімі чыгуначнымі пуцямі, па якіх грузавыя паязды дастаўляюць усё самае неабходнае. Над узвядзеннем карпусоў шчыруюць звыш 4 тысяч будаўнікоў. Прадстаўнікоў беларускіх арганізацый сярод іх крыху больш за 80%. Пры гэтым на ўзвядзенні жылля і неабходнай інфраструктуры ў Астраўцы занята 270 чалавек.

— Аднак мы ўвесь час павялічваем колькасць людзей, якія ўзводзяць карпусы АЭС, — расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя» Міхаіл ФІЛІМОНАЎ. — Да канца года яна складзе ўжо больш за 6 тысяч чалавек. Тады ж колькасць персанала Беларускай атамнай электрастанцыі вырасце да 570 чалавек. Калектыў зараз набіраецца, аднак поўныя штаты пакуль і не патрэбны. Яны будуць неабходны перад пачаткам завозу на станцыю ядзернага паліва. Графік набору персаналу вытрымліваецца.

— Увесь неабходны пясок, цэмент і друз на станцыі — беларускага паходжання. Амаль уся арматура таксама айчынная. А вось абсталяванне з доўгім цыклам вытворчасці — рэактарнае і турбіннае аддзяленне — згодна з Генеральным кантрактам завозіцца цалкам з-за мяжы. Доля імпарту ў іншым абсталяванні дасягае 98%. Напрыклад, будынак рэактара ўзводзіцца з дапамогай крана, які не мае аналагаў у краіне.

11-7

— Грузапад'ёмнасць гэтага нямецкага волата дасягае 1350 тон, — кажа Міхаіл Філімонаў. — Страла працягнулася ажно на 72 метры. Уяўляеце размах? З яго дапамогай на дно рэактарнага адсека ўстаноўлена ноу-хау расійскіх распрацоўшчыкаў — пастка расплаву. Па сутнасці, гэта апошні рубеж абароны. Ён спрацоўвае, калі станцыі ўжо няма — калі расплавілася актыўная зона рэактара. І расплаў, які атрымліваецца, выцякае ў гэтую пастку, адкуль яму падзецца няма куды. Такое не ўсталявана пакуль ні на аднай АЭС у свеце. Рэактар мае і шмат папярэдніх ступеняў абароны. Сярод іх — унутраная сценка таўшчынёй 1,2 метра. Ад яшчэ адной сцяны з бетону таўшчынёй у метр 20 яе аддзяляе калідор. Канструкцыя вытрымлівае нават прамое падзенне самалёта. Калі працягваць тэму бяспекі, узгадаем тое, што адбылося на атамнай электрастанцыі «Фукусіма». На рэактары пачаў утварацца вадарод, які ўрэшце і выбухнуў. Мы ўлічылі гэты сумны вопыт. На рэактарах Беларускай АЭС будуць усталяваны спецыяльныя дэкарбанізатары, яны пры неабходнасці вадарод, якога ў нармальных умовах быць не павінна, проста выдаляць. У японцаў такая магчымасць прадугледжана не была, бо іх атамная электрастанцыя больш ранняга пакалення. Затое аналагічная сістэма працуе ў Кітаі.

Задача сёлета — давесці рэактар на першым энергаблоку да вышыні 44 метры, на другім — да 22. Узводзяцца дапаможныя карпусы, будынкі кіравання і бяспекі першага і другога энергаблокаў. Велічэзная градзірня зараз узвышаецца над зямлёй на вышыню 110 метраў. І гэта яшчэ не ўсё: канструкцыя падрасце напалову.

11-8

Кожны рубель на ўліку

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі — працэс вельмі адказны. Бо ад таго, наколькі добра спрацуюць падрадныя арганізацыі, будзе залежаць не толькі ход работ і бяспека, але і затраты на ўзвядзенне карпусоў.

— Выканання месячных планаў у дачыненні да аб'ёму і высокай якасці будаўнічых работ, мантажу абсталявання і яго наладкі мы патрабуем няспынна, як і падрыхтоўкі высака-
класнага персаналу. За гэтым усім вядзецца пільны кантроль, — запэўнівае намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. — Са свайго боку мы адсочваем эфектыўнасць кожнай капейкі, укладзенай у будаўніцтва. Але гэта зусім не азначае, што мы неяк эканомім на якасці. Беларуская АЭС мусіць стаць самай бяспечнай электрастанцыяй.

Налета на атамную электрастанцыю будзе пастаўлена асноўнае абсталяванне. Для яго мантажу да гэтага часу мусяць быць падрыхтаваны ўсе асноўныя будынкі. Нішто не павінна ляжаць на пляцоўцы мёртвым грузам або прастойваць. Бо гэта толькі дадатковае марнаванне грошай на захоўванне. Як зазначыў Міхаіл Міхадзюк, у наступным годзе колькасць будаўнікоў на станцыі павялічыцца ўдвая — да васьмі тысяч чалавек.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.