Вы тут

Больш актыўна


павінны заяўляць пра сябе патэнцыяльныя кандыдаты.

Як стала вядома падчас пасяджэння Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, сёлета ў кандыдатаў у прэзідэнты будзе больш магчымасцей нагадаць пра сябе выбаршчыкам падчас агітацыйнай кампаніі.

Члены ЦВК разгледзелі чатыры пытанні, што закранаюць дэклараванне даходаў і маёмасці, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, працу Інфармацыйнага цэнтра «Выбары-2015» і змяненні ў Палажэнне аб выбарчым фондзе асобы, што вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты.

Перыяд перадвыбарнай агітацыі падоўжаны

— Мы падаўжаем парадак вядзення перадвыбарнай агітацыі, — паведаміла пасля пасяджэння Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК.— Раней усё ўкладвалася ў двухтыднёвы перыяд, прынамсі прадастаўленне эфірнага часу. Зараз кандыдаты будуць у бясплатным эфіры месяц, што вельмі добра: гэта магчымасць напамінання пра сябе — спачатку ў тэлеэфіры, потым на радыё. Раней дэбаты праходзілі за два тыдні да датэрміновага галасавання, зараз яны пройдуць напярэдадні датэрміновага галасавання — гэта таксама лішняя нагода нагадаць выбаршчыкам пра сябе. Падоўжаны час тэледэбатаў, калі кандыдатаў будзе больш за пяць: раней прадастаўлялася гадзіна, колькі б іх ні прыйшло. Думаю, усе гэтыя магчымасці павялічваюць прысутнасць кандыдатаў у прэзідэнты ў эфіры, прытым бясплатна.

Падчас пасяджэння Лідзія Ярмошына паведаміла, што кандыдаты ў прэзідэнты будуць мець магчымасць выбраць: выступаць ім адразу ў прамым эфіры або скарыстацца запісам.

— Выступленне ў прамым эфіры — гэта не толькі вельмі рэйтынгава, але і цяжка, — адзначыла старшыня Цэнтральнай камісіі. — Нявопытныя кандыдаты, цалкам магчыма, пабаяцца выкарыстоўваць час у прамым эфіры, таму яны могуць папрасіць магчымасць запісу, а пасля гэтага можна будзе пры жаданні нешта адкарэктаваць.

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі будуць напярэдадні ўсіх перадач сустракацца з кандыдатамі і праводзіць для іх інструктаж. З такой просьбай раней да яе звярнуўся кіраўнік адной з ініцыятыўных груп. ЦВК зрабіла запыт у Белтэлерадыёкампанію, ці згодна яна на гэта, і тая пагадзілася. Такім чынам, просьба кіраўніка ініцыятыўнай групы задаволена.

Акрамя выступлення ў радыё- і тэлеэфіры, кожны кандыдат мае права надрукаваць бясплатна сваю перадвыбарную праграму ў асобных цэнтральных і абласных газетах. Пры гэтым тэкст павінен быць прадстаўлены не пазней за 20 верасня.

Кандыдат у прэзідэнты мае права за кошт сродкаў асабістага фінансавага фонду набываць эфірны час у тэле- і радыёэфіры, купляць месца ў друкаваных СМІ, а таксама на інфармацыйных рэсурсах.

Адкрыць фонд — права кожнага патэнцыяльнага кандыдата

Адказваючы на пытанне журналістаў аб неабходнасці фондаў (некаторыя кандыдаты іх пакуль не адкрылі), старшыня ЦВК адзначыла, што тут усё залежыць ад канкрэтнага прэтэндэнта.

— Адным грошы патрэбны, другім — не, — заўважыла яна. — Справа ў тым, што не ўсе тыя, хто адкрылі фонды, маюць паступленні. Да нас прыходзяць справаздачы — і там нулі. Але астатнія кандыдаты, напрыклад, спадар Калякін, спадарыня Караткевіч, спадарыня Раманоўская, ужо здзяйсняюць аперацыі з гэтымі фондамі. Туды паступаюць грошы. Ужо нават здзейснена аплата нейкіх паслуг з аднаго з фондаў. Таму гэта права кожнага патэнцыяльнага кандыдата.

Учора ЦВК абнародавала інфармацыю пра агульную суму сродкаў, што паступілі ў выбарчыя фонды прэтэндэнтаў на пост Прэзідэнта. Па стане на 5 жніўня на рахунак Сяргея Калякіна паступіла 3 млн 326 тысяч рублёў, з іх ужо зрасходавана 1 млн 725 тысяч. На рахунак Таццяны Караткевіч паступіла 7 069 375, пакуль што расходаў не было. На рахунак Жанны Раманоўскай было пералічана 144 тысячы, расходаў пакуль таксама не было.

Часцей выходзіць да людзей

Журналісты папрасілі старшыню Цэнтральнай камісіі пракаментаваць яе ранейшае выказванне пра тое, што выбарчая кампанія ідзе залішне ціха. Добра гэта ці дрэнна?

— Для мяне гэта добра, для выбаршчыкаў — не вельмі, — адказала старшыня ЦВК. — Думаю, патэнцыяльныя кандыдаты павінны заяўляць пра сябе, выходзіць часцей да людзей. Хаця б з дапамогай інтэрнэта — выкарыстоўваць гэтую магчымасць. Хацелася б, каб кіраўнікі ініцыятыўных груп, самі прэтэндэнты на пост Прэзідэнта бадзёра расказвалі, колькі яны сабралі подпісаў, з якімі складанасцямі сутыкаюцца. У гэтай працы трэба пра сябе часцей заяўляць і часцей інфармаваць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.