Вы тут

Без узнагарод вярнуліся з казанскага чэмпіянату свету нашы плыўцы


«Правал» беларускіх спартсменаў на чэмпіянаце свету па водных відах спорту, вяртанне Аляксандра Глеба ў БАТЭ і старт хакейнага сезона ў краіне — галоўныя спартыўныя навіны ў традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды».

1. Беларускія плыўцы не заваявалі ніводнай узнагароды на чэмпіянаце свету па водных відах спорту, які завяршыўся ў Казані. Больш за тое, усе фіналы спаборніцтваў прайшлі без нашых суайчыннікаў.

Павел Санковіч прымаў удзел у паўфінальным заплыве на дыстанцыі 50 м на спіне, але яго вынік — толькі 10-е месца (25,02 сек.), што не дазволіла адабрацца ў фінал. Да таго ў кваліфікацыі Санковіч абнавіў рэкорд Беларусі, які зараз роўны 24,97 сек. Дарэчы, 10-е месца Паўла на дыстанцыі 50 м на спіне стала найлепшым вынікам беларускіх плыўцоў на сусветным форуме ў Казані. Адзін з лідараў нацыянальнай каманды Яўген Цуркін на сваёй кароннай дыстанцыі — 50 м батэрфляем — заняў толькі 11-е месца. У мінулым годзе ў гэтым відзе спаборніцкай праграмы беларус стаў чэмпіёнам Еўропы.

Аляксандра Герасіменя таксама не змагла паказаць сваё найлепшае плаванне ў Казані. На адной са сваіх дыстанцый — 100 м вольным стылем — яна завяршыла барацьбу ў паўфінале, стаўшы 15-й (54,90 сек.). На другой профільнай дыстанцыі — 50 м вольным стылем — Аляксандра абмежавалася ўдзелам у папярэдніх заплывах, заняўшы па іх выніках 18-е месца (25,20 сек.).

— Не самы ўдалы чэмпіянат свету для нашай зборнай, а дакладней правальны. Але гэта не апошняе наша слова, абавязкова зробім работу над памылкамі і пойдзем далей, наперад і толькі наперад! Дзякуй вялікі за падтрымку сябрам і блізкім! І двойчы дзякуй непрыяцелям за іх радасць! Тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі! — напісала Герасіменя на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.

2. Хакейны сезон стартаваў у Беларусі з розыгрышу Кубка краіны (Кубка Руслана Салея), які праходзіць з 7 па 17 жніўня. У турніры прымаюць удзел 12 каманд, якія падзелены на дзве падгрупы згодна з вынікамі рэгулярнага чэмпіянату краіны сезона 2014/2015.

У падгрупе А выступаюць: «Шахцёр» (Салігорск), «Нёман» (Гродна), «Металург-Жлобін», «Хімік-СКА» (Наваполацк), «Ліда» і «Дынама-Бабруйск». Падгрупу Б склалі «Гомель», «Юнацтва-Мінск», «Дынама-Маладзечна», «Віцебск», «Брэст» і «Магілёў». Каманды правядуць матчы з сапернікамі па падгрупе ў адзін круг. Клубы, якія зоймуць у сваіх падгрупах 1-е і 2-е месцы, працягнуць барацьбу за ганаровы трафей на другой стадыі.

Напярэдадні старту хакеісты і трэнерскі штаб «Юнацтва-Мінск» ушанавалі памяць славутага спартсмена, капітана нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Руслана Салея, наведаўшы яго магілу.

3. Тым часам хакейнае мінскае «Дынама» прыняло ўдзел у турніры імя Чарнышова ў Маскве. Нашы хакеісты спачатку выйгралі (3:2, у авертайме) у маскоўскіх дынамаўцаў, потым разгромна саступілі «Спартаку» (0:6), а ў канцоўцы турніру не змаглі адолець хабараўскі «Амур» (2:3).

Апошнім этапам падрыхтоўкі мінскіх «зубраў» да сезона стане Кубак Латвійскай чыгункі ў Рызе. 16 жніўня дынамаўцы згуляюць з рыжскімі аднаклубнікамі, 17 жніўня з яраслаўскім «Лакаматывам», а 19-га сустрэнуцца з казанскім «Ак Барсам». Матч за трэцяе месца і фінал адбудуцца 20 жніўня.

4. Аляксандр Глеб вярнуўся ў барысаўскі БАТЭ. Футбаліст ужо выступаў за «жоўта-сініх» у сезонах 1999-2000 і 2012-2013. З імем Глеба-старэйшага таксама звязаны яркія старонкі жыцця барысаўчан. Сярод іх выступленне БАТЭ ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў у 2012 годзе, калі беларускі клуб з удзелам Аляксандра атрымаў перамогі ў групавым турніры над французскім «Лілем» і мюнхенскай «Баварыяй».

— Адчуваю станоўчыя эмоцыі. Як і заўсёды, пры вяртанні дадому. БАТЭ даў мне пуцёўку ў вялікае футбольнае жыццё — і я рады, што магу зноў пастарацца дапамагчы роднаму клубу, які ў гэтым годзе выдатна папрацаваў у Лізе чэмпіёнаў. Застаўся апошні крок. Спадзяюся, разам мы яго зробім, — пракаментаваў сваё вяртанне Аляксандр.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.