Вы тут

Сусед: найлепшы сябар ці люты вораг?


Чаму людзі не хочуць ісці на саступкі адзін аднаму.

Больш як 14 чалавек выслухаў падчас выязнога прыёму ў Дзяржынскім раёне старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Не абышлося і без скаргаў на «бліжняга свайго». Хтосьці выказваў незадаволенасць, што ў суседа зямельны надзел большы, чым у яго, нехта не можа падзяліць жылплошчу са сваякамі. «Як паказвае практыка, каля 60-70% зваротаў грамадзян тычацца асабістых спрэчак. Справа даходзіць да таго, што ўжо пачынаюць дзяліць зямлю на могілках», — канстатаваў Сямён Шапіра.

У прыватнасці, адна з заяўніц распавяла, што на могілках у Дзяржынскім раёне пахавана яе радня. Побач знаходзяцца магілы іншых нябожчыкаў. Дык вось сваяк апошніх парушыў заканадаўства, прыхапіўшы «чужую» зямлю. У сувязі з гэтым жанчына папрасіла пашырыць участак, дзе ляжаць яе блізкія, на 30 сантыметраў. Але, як высветлілася, мужчына ні ў чым не вінаваты: адлегласць паміж помнікамі нават большая, чым патрабуюць стандарты. Разам з тым, як стала вядома, магілы блізкіх людзей скаржніцы знаходзяцца ў непрыглядным стане. «Вы скардзіцеся старшыні аблвыканкама, але пры гэтым нічога не зрабілі, каб прыбраць магілы сваіх родных», — абурыўся Сямён Шапіра.

Сапраўды, прыватныя пытанні можна вырашыць самім, за агульным сталом, за кубкам гарбаты. Каб жыць у згодзе ды ладзе з суседзямі, варта быць мудрым ды памяркоўным, улічваць не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы іншых. Часта суседзі бываюць добрымі сябрамі. Але непрадуманымі дзеяннямі, няўменнем ці нежаданнем ісці на саступкі іх можна зрабіць лютымі ворагамі.

Жыхароў раёна хвалююць і праблемы прыватызацыі жылля, зямельных участкаў.

Напрыклад, муж і жонка паскардзіліся на вялікі кошт, што ім налічылі пры прыватызацыі кватэры. Як яны растлумачылі, яшчэ год таму пры разліках была дапушчана памылка: кошт жылля завышаны на 30 млн рублёў. Яе выправілі і выставілі сапраўдную цану, што адпавядала спажывецкім уласцівасцям жылля: 78 млн рублёў. Але гаспадароў не задаволіла такая сітуацыя. Пакуль яны вагаліся, закончыўся тэрмін, адведзены заканадаўствам для рэгістрацыі дагавора. Зразумела, што за гэты час змяніўся і каэфіцыент, і цяпер давядзецца заплаціць ужо больш як 130 млн рублёў. Старшыня аблвыканкама даручыў юрыстам дасканала вывучыць сітуацыю і пры магчымасці дапамагчы заяўнікам вярнуць першапачатковую цану. Але між іншым ён дадаў, што вырашыць праблему можна будзе, хутчэй за ўсё, праз суд.

Што тычыцца пытанняў добраўпарадкавання, то ў Дзяржынску яно ідзе, так бы мовіць, поўным ходам. Уладкоўваюцца цэнтральныя вуліцы і двары. Нягледзячы на тое, што горад не стане спадарожнікам сталіцы, як меркавалася раней, да канца года адкрыюцца 4 прадпрыемствы па выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі, а ў кастрычніку адчыніць дзверы новы дзіцячы сад.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.