Вы тут

Пачалі са сталіцы


Ці павысіцца якасць паслуг са з'яўленнем хаус-майстроў?

1 сакавіка гэтага года ў Мінску пачаўся эксперымент на базе ЖРЭА Партызанскага і Першамайскага раёнаў. Што новага прадугледжвае ён і рэформа ЖКГ увогуле?

Раздзяленне функцый заказчыка і выканаўцы

У гэтым, можна сказаць, сутнасць эксперымента. Зараз абедзве функцыі выконвае адна і тая ж арганізацыя — ЖРЭА, з прычыны чаго і працуе не асабліва эфектыўна.

Таму з 1 сакавіка ў абодвух сталічных раёнах з ЖРЭА вылучылі службу заказчыка, якая прадстаўляе інтарэсы жыхароў, вызначае падрадныя арганізацыі, што абслугоўваюць жыллёвы фонд, і аплачвае іх працу. Гэта два камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы: «ЖКГ Партызанскага раёна Мінска» і «ЖКГ Першамайскага раёна Мінска».

А падрадчыкамі з'яўляюцца жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі (ЖЭУ): у ЖКГ Партызанскага раёна з 8 ЖЭСаў утвораны 4 ЖЭУ.

Галоўнае адрозненне ЖЭУ ад ЖЭСа — вылучэнне спецыялізаваных брыгад выканаўцаў, якія будуць займацца аказаннем толькі пэўных відаў паслуг. Напрыклад, тэхнічнае абслугоўванне жылога дома будуць выконваць рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў (хаус-майстры). Комплексную ўборку і ўтрыманне домаўладанняў, бягучы рамонт, аказанне платных бытавых паслуг насельніцтву будуць выконваць таксама спецыяльныя брыгады рабочых. Увогуле, кожны работнік ЖЭУ будзе займацца сваёй справай. Прычым рабочыя па комплексным абслугоўванні будуць «на акладзе», а вось астатнія брыгады пераходзяць на гаспадарчы разлік: колькі зарабіў, столькі атрымаў.

І, дарэчы, хаус-майстар можа пазбавіцца прэміі (якая складае палову яго заробку), калі, напрыклад, праз яго недагляд адбылося надзвычайнае здарэнне і давялося выклікаць аварыйную службу. Гэта значыць, хаус-майстар будзе непасрэдна зацікаўлены ў тым, каб выконваць сваю працу якасна.

Намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Аляксей Герасімчык адзначае, што інфармаванне насельніцтва сталічных Партызанскага і Першамайскага раёнаў аб паадрасным замацаванні хаус-майстроў і ўскладзеных на іх функцыянальных абавязках дазволіла знізіць колькасць пісьмовых заявак (прэтэнзій) жыльцоў на дыспетчарскія службы на 3-10%.

Адзіная дыспетчарская служба па горадзе

Гаворка ідзе не толькі пра аварыйныя сітуацыі, але і пра бягучы рамонт. Інакш кажучы, калі прарвала трубу, то камунальнікі ў выхадны дзень не проста перакрыюць ваду, а зробяць усё для таго, каб аднавіць водазабеспячэнне як мага хутчэй.

Дарэчы, на сённяшні дзень максімальны час прыбыцця на аварыйныя сітуацыі першай катэгорыі — 60 хвілін. Плануецца скараціць яго да 30 хвілін.

Да 1 лістапада гэтага года адбудзецца аб'яднанне дыспетчарскіх службаў усіх раёнаў Мінска ў адзіную дыспетчарскую службу з кругласутачным рэжымам працы і трохзначным тэлефонным нумарам 115. Гэта будзе спрыяць аператыўнасці рэагавання на заяўкі жыхароў. Акрамя таго, мінчанам не трэба будзе думаць, куды тэлефанаваць — у дыспетчарскую ЖЭУ, хаус-майстру або ў аварыйную службу. Дастаткова будзе набраць гэты нумар і пакінуць аператару заяўку. А той не толькі пераадрасуе яе патрэбным службам, але і пракантралюе выкананне.

Таксама зараз ствараецца мабільны дадатак, з дапамогай якога можна будзе адправіць скаргу з фотадоказам на сайт kоmрlаt.bу. Напрыклад, гараджанін убачыў праблему, сфатаграфаваў яе і адправіў здымак на партал. Камунальнікі дадуць справаздачу аб праведзенай працы такім жа чынам — размесцяць фатаграфію на сайце.

Адзіны разлікова-даведачны цэнтр

Адзіны разлікова-даведачны цэнтр у сталіцы ўжо створаны. У яго склад увайшлі разлікова-даведачныя цэнтры Кастрычніцкага, Партызанскага, Першамайскага і Цэнтральнага раёнаў Мінска. У далейшым у склад адзінага разлікова-даведачнага цэнтра ўвойдуць усе 43 разлікова-даведачныя цэнтры Мінска.

Мяркуецца, што гэта дазволіць палепшыць якасць абслугоўвання насельніцтва, пракантраляваць якасць працы камунальнікаў і забяспечыць празрыстасць налічэнняў. Акрамя таго, грамадзяне змогуць разлічвацца за ўсе паслугі па адным плацяжы.

Адзіны аператар па цвёрдых бытавых адходах

Ён будзе вызначаны па выніках таргоў, каб адказваць не толькі за вываз цвёрдых камунальных адходаў, а цалкам за ўвесь комплекс работ па санітарна-тэхнічным утрыманні кантэйнерных пляцовак, кантэйнераў, месцаў для збору адходаў. Новая схема па выбары адзінага аператара, па словах Аляксея Герасімчыка, дазволіць павялічыць працэнт вяртання другасных матэрыяльных рэсурсаў у гаспадарчы абарот, паменшыць аб'ём адходаў, якія падлягаюць пахаванню, знізіць затраты на ўтрыманне кантэйнерных пляцовак. Эксперымент ужо распачаты на базе Партызанскага раёна сталіцы.

Акрамя таго, як заявіў намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, каб павялічыць аб'ёмы збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, унітарным прадпрыемствам «Экарэс» з пачатку гэтага года ўведзены ў эксплуатацыю дзве лініі па сартаванні паасобна сабраных насельніцтвам камунальных адходаў. Сёння на прадпрыемстве маецца 4 лініі па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў прапускной здольнасцю да 85 тысяч тон у год. А каб максімальна ўцягнуць другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў абарот, на дваровых тэрыторыях горада ў гэтым годзе плануецца ўсталяваць больш за 2 тысячы кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і дадаткова набыць чатыры смеццявозы для іх вывазу.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.