Вэлюм


Вэлюм. У вясельным строі нявесты адным з самых галоўных атрыбутаў быў вэлюм (рус. — фата, ад лац. фатум — лёс). Існавала некалькі варыянтаў гэтага рытуальнага галаўнога ўбрання, якія розніліся як па форме, так і па стылі ўпрыгожвання. У канцы XVІІІ і на працягу XІX-XX стагоддзяў галаўны ўбор нявесты складаўся з вянка і вэлюму.

* Як правіла, вэлюм быў з дзвюх або з трох частак. Першая, тонкая кароткая вуаль, апускалася праз лоб на вочы і твар нявесты і выконвала ролю ахоўнага экрану для аднаго з найважнейшых каналаў інфарамацыі — вачэй (каб «не сурочылі», «не ўраклі»).

* Другая частка экраніравала (ахоўвала) доўгія валасы нявесты (моцны энергаінфармацыйны канал, праз які можна было лёгка сурочыць і нанесці шкоду самага непрадказальнага характару).

* Калі ў вэлюму была трэцяя частка, то яна была даволі доўгай — да падлогі, ці нават яшчэ даўжэйшай.

* Зверху вэлюму на галаву нявесты надзявалі вясельны вянок. Наяўнасць вянка найперш сведчыла аб тым, што нявеста захавала сваю дзявоцкасць (цнатлівасць).

* Парадоксам сёння выглядае сітуацыя, калі жанчына, якая бярэ шлюб ужо другі ці трэці раз (нават пры ўмове, што ад першага шлюбу ў яе не было дзяцей), надзявае вэлюм. Па сутнасці, яна не мае маральнага права пакрываць галаву абрадавым атрыбутам цнатлівай нявесты. У храме ў час вянчання жанчына абавязкова павінна знаходзіцца ў галаўным уборы, таму для гэтага неабходна знайсці нешта іншае (капялюшык, хустку і г.д.).

* У народнай культуры ўсходніх славян да вэлюму заўсёды было сакральнае стаўленне. Ім можна было вылечыць некаторыя дзіцячыя захворванні, асабліва тыя, якія выкліканы сурокам (дрэнным вокам ці словам). Дастаткова на 15-20 хвілін пакрыць вэлюмам дзіця, якое ўжо не адну ноч пакутуе ад бяссонніцы, і яно хутка засне.

* У час падрыхтоўкі да вяселля клапаціліся пра тое, каб ніхто не ўзяўся прымераць вэлюм нявесты. Гэта лічылася знакам, што маладыя разам доўга не будуць. І толькі тады, калі быў падзелены каравай, свякроў здымала з галавы нявесткі вэлюм, павязвала хусціну, а шаферка ці шафер прымяралі фату сяброўкам маладой, пачынаючы ад старэйшай. Пасля таго як апошняя з дзяўчат патрымала вэлюм, свякроў несла яго ў чырвоны кут, дзе ён павінен быў знаходзіцца сорак дзён — да заканчэння «мядовага месяца» маладых.

Вэлюм захоўваўся на працягу ўсяго жыцця. Яшчэ і сёння на Палессі можна ўбачыць, як у труну старой жанчыны кладуць яе вясельны строй і вэлюм.

Янка КРУК, Аксана КАТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.