Вы тут

Наркотык — у пасылках


За сем месяцаў гэтага года супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні выявілі 22 факты незаконнага перамяшчання праз мяжу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Заведзена 11 крымінальных спраў. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» паведаміла Ксенія ШАРЭНДА, намеснік начальніка аддзела мытных расследаванняў Мінскай рэгіянальнай мытні.

Ад марыхуаны да шпіёнскіх фотаапаратаў

— Наркатычныя вырабы выяўляем выключна ў паштовых адпраўленнях, — кажа Ксенія Шарэнда. — Больш за палову з іх складаюць тавары, набытыя праз інтэрнэт у Кітаі, Сінгапуры, Малайзіі, Перу, ЗША. У рэйтынгу краін, з якіх у Беларусь перасылаюць наркотыкі, яны ў лідарах.

Мытнікі найчасцей выяўлялі марыхуану, ЛСД, дымецілтрыптамін, гармалін... Спайсаў пакуль не знаходзілі. Апошнія спробы перасылкі наркотыкаў зафіксаваны зусім нядаўна. Пад выглядам электрапрылады ў Мінск з Кітая спрабавалі пераслаць псіхатропнае рэчыва. Падчас агляду мытнікі знайшлі крыштальныя кавалкі празрыста-белага рэчыва, якія важылі звыш 500 грамаў. У іншым выпадку жыхар адной з афрыканскіх краін спрабаваў пераслаць у Беларусь 16 грамаў марыхуаны. Раслінная маса была адпраўлена на адрас аднаго з замежных студэнтаў, які пражывае і вучыцца ў сталіцы.

Але выяўляліся не толькі наркотыкі. За першае паўгоддзе мытня канфіскавала 53 манеты розных гістарычных перыядаў, якія ўяўляюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Іх кошт ацэньваецца ў 24 мільёны беларускіх рублёў. Ксенія Шарэнда таксама адзначыла, што з пачатку года ў пасылках выяўлена каля дзесяці сапраўдных ордэнаў і медалёў, канфіскаваны нажы, касцеты, дубінкі, каля 300 сродкаў для незаконнага завалодвання інфармацыяй, то бок ручкі, бірулькі, флэшкі, у якія ўмацаваны дыктафоны ці фотакамеры. А на мінскі адрас з Ізраіля наогул накіроўвалася пасылка, у якой выявілі гадзіннік, дзе замест лічбаў умацавалі патроны. Агулам у такім гадзінніку знайшлі 16 боепрыпасаў: 10 — для пісталета «Парабелум», 6 — да вінтоўкі.

— Я магу прыгадаць толькі адзін падобны выпадак са сваёй практыкі, — працягвае Ксенія Шарэнда. — У 2012-м у Беларусь прыслалі вялізную скрыню з прадуктамі, вопраткай, бутэлькай віна... Але пры дэталёвым аглядзе ў пасылцы знайшлі... затвор магазіна вінтоўкі сістэмы «Маўзер» 1898 года вырабу. Адрасат сказаў, што гэта быў падарунак.

На заметку кожнаму

Нагадаем, з 23 ліпеня пачалі дзейнічаць змены ў Кодэксе адміністрацыйных правапарушэнняў.

— Паводле іх, тым, хто перадаў мытніку пашпарт, у якім ляжаць грошы, ужо пагражае адказнасць. Усё гэта зроблена для барацьбы з карупцыяй на мяжы, — адзначае спадарыня Шарэнда. — На пасту таксама забараняецца здымаць відэа, фатаграфаваць, размаўляць па мабільным тэлефоне, знаходзіцца ў службовых памяшканнях, падбухторваць супрацоўнікаў мытні. За ўсё гэта прадугледжаны штраф да 50 базавых велічынь, папярэджанне альбо дэпартацыя. У паўторным выпадку — штраф ад 10 да 100 базавых велічынь з дэпартацыяй.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».