Вы тут

Каранямі ўглыб стагоддзяў


Вёска Корань, што на Лагойшчыне, адсвяткавала 620 гадоў з дня заснавання.

Бадай, няма ў Корані чалавека, які б ведаў гісторыю гэтага населенага пункта лепш, чым былыя настаўнікі Алена і Яўген Пажарыцкія. Перасяліліся яны сюды ў далёкім 1969-м. Пасля заканчэння Аршанскага педагагічнага вучылішча шэсць гадоў адпрацавалі ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, але, як прызналася гаспадыня, пацягнула на малую радзіму (нарадзілася непадалёку, у Плешчаніцах).

12-19

— Корань — прыгожая, сучасная вёска. Але яе карані прараслі ўглыб стагоддзяў. Як сведчыць легенда, некалі на гэтым месцы рос густы лес. І толькі на невялікім узвышшы віднеўся чысты лапік зямлі. Вось тут і пасяліліся першыя жыхары. Паціху пачалі адваёўваць кожную пядзю зямлі: карчавалі пні, выдзіралі шчыльна пераплеценыя паміж сабой карані. І сталі называць гэтых людзей коранцамі, а паселішча — Корань. Нездарма тут шмат жыхароў маюць прозвішча Карэнскія, — распавяла Алена Мікалаеўна.

Упершыню Корань згадваецца ў акце, напісаным на лацінскай мове 2 лютага 1395 года, дзе вялікі князь Вітаўт дорыць кафедральнаму касцёлу ў Вільні шэраг новых уладанняў. Сярод іх тры паселішчы з людзьмі на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна: Корань, Ганявічы і Волча. Усяго ж існуе каля 500 сведчанняў гісторыі паселішча.

Дождж на Святога Антонія

— Корань славіцца тым, што тут ладзяць свята ў гонар Святога Антонія. На дзіва, наша вёска каталіцкая, у той час, як усе вакол яе — праваслаўныя. Старажылы расказвалі, што везлі абраз Святога Антонія ў Хатавічы (цяпер Кастрычнік), ды коні сталі каля касцёла ў Корані як укопаныя, іх не маглі зрушыць з месца... На жаль, храм быў разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Людзі кажуць, тых, хто яго руйнаваў, пакараў Бог. Цяпер жа касцёл месціцца ў прыстасаваным памяшканні, — працягвае Алена Мікалаеўна. — Калі пераехалі ў Корань, мяне вельмі зацікавіла гэтае свята. Людзі ішлі на тое месца, дзе калісьці знаходзілася святыня, і маліліся. Мяне здзіўляла і нават уражвала, што адтуль яны на каленях ішлі на могілкі... Цяпер збіраецца таксама шмат людзей, каб наведаць магілы сваіх продкаў, памаліцца за іх. Колькі сябе помню, на Антонія ідзе дождж. Гэта прыкмецілі ўсе жыхары.

— Ці адрозніваюцца коранцы ад жыхароў навакольных вёсак? — пацікавілася ў Алены Мікалаеўны.

— Вельмі яны музыкальныя, добразычлівыя, прыязныя, адкрытыя, лёгка ідуць на кантакт, — запэўніла мая суразмоўца.

— А яшчэ працавітыя, — дадае Яўген Аляксеевіч. — У нашай школе былі настаўнікі — муж і жонка. Паехалі яны да сваякоў у Ізраіль. Глядзіць наша Ларыса, а там дзівосныя фрукты валяюцца літаральна пад нагамі. Як жа так, столькі дабра прападае? Дык яна давай ставіць кампоты ды варэнне варыць...

12-18

Ганарымся сваімі!..

— Наша вёска не збіраецца паміраць, — сцвярджае Яўген Аляксеевіч. Аграгарадок Корань — гэта 141 двор, 375 жыхароў, у мясцовай школе вучыцца 100 дзяцей, яшчэ 25 ходзяць у садок. У нас ёсць усё неабходнае для жыцця: Дом культуры, бібліятэка, пошта, амбулаторыя, крама, камбінат бытавога абслугоўвання і нават падведзена «блакітнае» паліва, ад якога цёпла і ўтульна ў многіх дамах. А самае галоўнае, хапае рабочых месцаў для людзей. Коранцы, можна сказаць, адна вялікая сям'я.

Гэта яшчэ раз пацвердзіла свята вёскі. Усе, як адзін, жыхары выйшлі «на суботнік»: парадкавалі падворкі, вуліцы, абкошвалі траву, саджалі дрэвы і кветкі, фарбавалі агароджы. Тыя, хто працуе ва ўстановах, арганізацыях, таксама наводзілі «бляск» каля будынкаў.

— На грамадзянскіх могілках часткова замянілі агароджу, пафарбавалі помнікі на брацкай магіле, у месцах пахавання землякоў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкавалі тэрыторыі агульнага карыстання, — дадае старшыня Гайненскага сельскага Савета Андрэй Свібовіч.

— Такія святы аб'ядноўваюць людзей, сапраўды выхоўваюць пачуццё патрыятызму, — лічыць Яўген Аляксеевіч.

— А я, напрыклад, слухала, што казалі пра землякоў, і ганарылася імі, — радуецца за «сваіх» Алена Мікалаеўна. — Узгадалі шмат каго: і простага паштальёна, і вадзіцеля «хуткай» дапамогі, і жывёлаводаў, і настаўнікаў, і медыкаў, і былых даярак ды механізатараў, і тых, хто сёння на палях і фермах шчыруе, і наогул усіх добрых, спагадлівых людзей, што жывуць на гэтай зямлі.

Анатоль і Таццяна Заянкоўскія выхоўваюць траіх родных дзяцей, але далі прытулак яшчэ семярым прыёмным. Сям'я Дзмітрыя і Кацярыны Халадзінскіх — самая маладая ў Корані, тут гадуецца самы маленькі жыхар вёскі — Уладзіслаў. Іван Іванавіч і Ніна Іосіфаўна Малішэўскія разам ужо 58 гадоў, выхавалі чацвярых дзяцей, маюць пяцярых унукаў, усё жыццё працавалі ў калгасе «Коранскі»... Падарункі атрымалі і тыя, хто зрабіў найбольшы ўнёсак у добраўпарадкаванне населенага пункта. У намінацыі «Найлепшы падворак» перамаглі Любоў і Уладзімір Саўрыцкія. На жаль, гаспадароў мы не засталі дома. Затое пабывалі ў гасцях у іх суседзяў.

12-23

Чым багатыя

Сядзіба Таццяны Мароз патанае ў кветках і зеляніне. Уражваюць аздобленыя рознымі малюнкамі гаспадарчая пабудова, што выходзіць фасадам на вуліцу, агароджа. Таццяна Антонаўна запрашае на «экскурсію» па сваім падворку.

— Вельмі люблю кветкі, іх у мяне і ў доме шмат, калі выйшла на пенсію, занялася іх вырошчваннем. Сама і малюю, сюжэты бяру з розных кніжак, у тым ліку  дзіцячых.

Таццяна Антонаўна з задавальненнем паказвае нам свой агарод, сад, пчальнік.

— Як паспяваеце ўсё даглядаць? — здзіўляемся мы з фотакарэспандэнтам.

У адказ яна смяецца: «Раней у нас была значна большая гаспадарка, трымалі з мужам дзвюх кароў, бычка, сем парсюкоў, гусей. Цяпер жа — толькі куры.

На развітанне гаспадыня частуе нас духмяным, толькі што сабраным з сотаў, мёдам.

[caption id="attachment_95807" align="alignnone" width="600"]12-161 Тац­ця­на Ма­роз — са­праўд­ны мас­так.[/caption]

Па дарозе сустракаем дырэктара мясцовага Дома культуры Ганну Акуліч.

— Нарадзілася я непадалёку, у суседняй вёсцы, але ў Корані працую ўжо 20 гадоў, — распавяла Ганна Адольфаўна. — Першае свята вёскі было якраз у той час, як я ўладкавалася на працу. Сёлета адзначылі 620 гадоў з дня заснавання паселішча. Арганізацыя такіх мерапрыемстваў патрабуе шмат высілкаў, але яны таго вартыя. Падчас свята кожны змог раскрыць свае таленты, прадэманстраваць людзям вырабы з саломы, лазы, вышыўкі, кошыкі, карціны, выцінанкі. І, бясспрэчна, даць урокі майстэрства ўсім ахвотным.

Дадам, пра вёску, яе цікавых і адораных людзей здымалася шмат тэлеперадач. Адна з іх — «Падарожжа дылетанта». На сёлетняе свята завітаў яе вядучы Юрый Жыгамонт.

Здаўна павялося на Лагойшчыне ладзіць святы вёсак, сяброў, гасцей з усіх, так бы мовіць, валасцей запрашаць.

— Але само свята — гэта заключны акорд, вынік таго, што зроблена папярэдне, — кажа Андрэй Свібовіч. — Кожны месяц мы «адпрацоўваем» па адным населеным пункце: праводзім добраўпарадкаванне, глядзім, што трэба замяніць, падправіць, адрамантаваць, пафарбаваць. Такія святы прайшлі ўжо ў Корані і Дамашанах. На чарзе — іншыя населеныя пункты сельсавета.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.