Вы тут

«Ссабойка» не заменіць гарачы боршч, або Як падсілкуешся, так і папрацуеш


Яшчэ нашы продкі лічылі, што галодны чалавек — дрэнны работнік. Гэта добра засвоілі ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Камена» Лагойскага раёна. Тут на жніве заняты амаль трэць працаўнікоў: камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, рабочыя элеватара.

12-33

— Стравы дастаўляем у поле спецыяльна абсталяванай машынай. Гарачае харчаванне — абавязковая ўмова для ўсіх удзельнікаў уборкі, а вячэра — па жаданні, — распавяла дырэктар сельгаспрадпрыемства Настасся Кузьміна. — Паўнавартасны абед з трох страў — 30 тысяч рублёў. Але 50% яго кошту кампенсуе гаспадарка.

На такіх жа умовах забяспечваюць гарачым харчаваннем і будаўнікоў, пастухоў, якія не могуць пакінуць жывёлу без нагляду. У гаспадарцы клапоцяцца, каб харчаванне патанніць за кошт уласнай агародніны, бульбы, а таксама мяса. Крупы, макарону, рыбу закупляюць у мясцовым райспажыўсаюзе.

Сёлета набылі на кухню новае абсталяванне: пліты, халадзільнік, тэрмасы, кантэйнеры для страў, неабходны посуд і кухонны інвентар. Ды лепш, як кажуць, адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Настасся Георгіеўна запрашае нас наведаць пункт грамадскага харчавання.

У сталовую мы трапілі ў самы напружаны час: тут з самай раніцы ўжо завіхаюцца жанчыны, ідуць апошнія прыгатаванні перад выездам у поле. У спецыяльныя тэрмасы, якія змяшчаюцца ў герметычныя кантэйнеры, раскладваюцца стравы, разліваецца суп, асобна складваюцца сталовыя прыборы, чыстыя ручнікі і сурвэткі, вада, мыла.

Трэба не толькі своечасова прыгатаваць усё неабходнае, але і загрузіць у машыну ды даставіць камбайнерам без спазнення: перапынак на абед з 13 да 14 гадзін. А 12-й ужо павінны адправіцца, каб аб'ехаць усе палі, дзе жнуць механізатары, ды і да пастухоў заскочыць.

12-321

— Скаргаў на якасць харчавання ніколі не было, — кажуць шэф-кухар Святлана Шаўкаплят і яе памочніца Часлава Клімовіч. — Мудрагелістых страў не гатуем. Імкнёмся, каб усё было проста, але па-хатняму смачна і сытна. Сёння на першае вараная капуста з мясам, на другое — макарона з катлетай, на трэцяе — какава з булкай.

Дадам, што меню кожны дзень абнаўляецца.

— А можа, і персанальныя абеды па заказах гатуеце? — пытаюся жартам у кухараў.

— Тут жа не рэстаран, — смяюцца яны ў адказ. — Але незадаволеных няма. Наадварот, толькі адны ўдзячнасці: тэрміны рэалізацыі прадуктаў вытрымліваюцца, усё свежае, рацыён збалансаваны.

Адна праблема — падчас жніва вялікая нагрузка на працаўніц грамадскага харчавання. Штодзень даводзіцца гатаваць на некалькі дзясяткаў чалавек. Але яны разумеюць, што механізатарам на полі нашмат цяжэй, чым ім, што ад якаснага харчавання залежыць іх здароўе і ў канчатковым выніку — працоўны настрой.

На механічным двары мы сустрэлі камбайнераў, якія чакалі, калі высахне раса, каб вывесці сваіх «стальных» коней у поле.

— Сапраўды, кормяць нас выдатна: наварыстыя супы ды баршчы, мясныя вырабы, салаты з агародніны, гарбата, кава, сокі, кампоты, выпечка, — гаворыць Віктар Рабецкі, які на жніве ўжо 23-і сезон. — Я не застаў тыя часы, калі механізатарам даводзілася браць абеды з дому. А што там можна было ўзяць, акрамя лусты хлеба, шматка сала, памідора, агурка. Калі параўноўваць харчаванне, то яно стала больш збалансаванае, разнастайнае.

Калегі пагаджаюцца з меркаваннем Віктара. А яшчэ дадаюць, што культура харчавання, абслугоўвання ўдзельнікаў жніва сталі больш цывілізаванымі. Раней даводзілася перакусваць на «хуткую» руку пад сціртай саломы ці ў кабіне камбайна. Цяпер можна спакойна паесці ў спецыяльна абсталяваным для гэтага аўтатранспарце.

— І ўсё ж такі, магчыма, хатняя «ссабойка» была б смачнейшай за казённыя харчы? — пацікавілася ў сваіх субяседнікаў.

— Кавалак сала ці вэнджанай каўбасы нельга параўнаць з гарачым баршчом. Тым больш, што і кошт абедаў цалкам задавальняе, — пачула ў адказ. — Ды і сістэма харчавання з кожным годам удасканальваецца, у меню дабаўляюцца новыя стравы, абавязковымі сталі «вітаміны»: свежая гародніна, памідоры, агуркі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.