Вы тут

Шмат агульных інтарэсаў


Наша краіна зацікаўлена ў надзейных партнёрах з Пакістана.

Учора падчас сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў спікераў абедзвюх палат Нацыянальнага сходу з прэм'ер-міністрам Пакістана абмяркоўваліся як перспектывы міжпарламенцкага супрацоўніцтва, так і ўзаемавыгадныя праекты па эканамічным узаемадзеянні.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў, напачатку заўважыў, што на міжнароднай арэне абедзве дзяржавы ўжо маюць вопыт супрацоўніцтва.

— У нашых краін шмат агульных інтарэсаў, што абумоўлівае падабенства пазіцый, у тым ліку і ў міжнародным парадку дня, — адзначыў спікер ніжняй палаты. — Узаемадзеянне Беларусі і Пакістана ў рамках ААН носіць узважаны, канструктыўны характар. Мы разам выступаем супраць выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці інструмента палітычнага ціску на суверэнную дзяржаву. Упэўнены, паступовае пашырэнне такой падтрымкі па ключавых для нашых дзяржаў пытаннях дазволіць больш паспяхова адстойваць свае інтарэсы як у рамках ААН, так і ў іншых міжнародных фарматах: у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Міжпарламенцкім саюзе.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што беларускі бок асаблівае значэнне надае развіццю міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

— Падчас маючай адбыцца чацвёртай сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў у Нью-Ёрку ў пачатку верасня буду рады магчымасці сустрэцца са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Пакістана. Мы чакаем візіту ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі вашай краіны на чале са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Сардарам Аязам Садыкам.

Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу на тое, што актывізацыя міжпарламенцкага ўзаемадзеяння надасць дадатковы імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву нашых краін.

— Палата прадстаўнікоў возьме пад кантроль працэс выканання ўнутрыдзяржаўных працэдур па падпісаных дакументах. Усе міжнародныя дагаворы, што падлягаюць ратыфікацыі, будуць разгледжаны ў прыярытэтным парадку.

Спікер ніжняй палаты паведаміў, што ў Нацыянальным сходзе створана працоўная група па супрацоўніцтве з парламентам Пакістана, і выказаў спадзяванне, што гэтая ініцыятыва будзе падтрымана і пакістанскімі парламентарыямі. Перспектыўным, на яго думку, уяўляецца падпісанне пагаднення аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі, падзяліўся з гасцямі некаторымі ідэямі, якія могуць быць выгаднымі для абедзвюх краін. У прыватнасці, гэта рэгіянальнае супрацоўніцтва, новыя формы фінансава-эканамічных узаемаадносін, інавацыйныя тэхналогіі і прапановы ў галіне адукацыі.

— Мы былі б вам вельмі ўдзячны за даручэнне ўрадам правінцый прыняць да разгляду прапановы нашых абласцей па ўсіх эканамічных пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, — адзначыў спікер верхняй палаты.

Ён падкрэсліў, што сёння як гандлёвае, так і інвестыцыйнае супрацоўніцтва стрымліваецца недастатковай плацежаздольнасцю кампаній.

— Мы мяркуем, што маштабы можна было б павялічыць за кошт выкарыстання аўтсорсінгавых паслуг, — заўважыў Міхаіл Мясніковіч і патлумачыў: — У вашай краіне беларускі бок стварае беларускую або пакістанска-беларускую кампанію (кампаніі) як рэзідэнт Пакістана, абсталёўваецца намі, беларускім бокам, напрыклад, усім шлейфам кар'ернай тэхнікі (самазваламі, пагрузчыкамі) для выканання горных работ. Створаная кампанія будзе выконваць спецыяльныя паслугі, якія аплачваюцца вашай кампаніяй-заказчыкам. Фактычна такім чынам мы прадастаўляем таварны лізінг, што не патрабуе з вашага боку вялікіх інвестыцыйных аднаразовых выдаткаў.

Па словах спікера верхняй палаты, гэтыя крокі дазволяць стварыць сэрвісныя і лагістычныя цэнтры, то бок інфраструктуру сумеснага бізнесу.

— Мая прапанова заключаецца ў стварэнні сумеснага бізнэсу — празрыстага і партнёрскага, а значыць, узаемавыгаднага і ўзаемапаважлівага. Наша просьба — даць надзейных партнёраў з вашага боку.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Пакістана Мухамад Наваз Шарыф лічыць неабходным устанавіць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж палатамі парламентаў Беларусі і Пакістана. Прэм'ер-міністр адзначыў, што ўважліва выслухаў прапановы спікераў Нацыянальнага сходу, і выказаў удзячнасць беларускаму боку за цёплы прыём і гасціннасць. Наваз Шарыф таксама дадаў, што Пакістан зацікаўлены ў развіцці больш цесных сувязяў з Беларуссю ва ўсіх сферах, уключаючы эканоміку, абарону, адукацыю.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.