Вы тут

Адкрываючы Пакістан


Гэтымі днямі Беларусь наведвае прэм'ер-міністр Ісламскай Рэспублікі Пакістан Наваз Шарыф. Гэта візіт у адказ на нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў названую краіну. Мэта прыезду пакістанскага прэм'ера — дамовіцца пра рэалізацыю канкрэтных праектаў і знайсці новыя кірункі ўзаемадзеяння. У Мінску таксама неўзабаве плануецца адкрыццё пасольства гэтай краіны.

Вядома, грунт, на якім актыўна развіваюцца адносіны нашых краін, — эканоміка. 200-мільённая краіна ў самым цэнтры Азіі — выдатны рынак для беларускай машынабудаўнічай і нафтахімічнай прамысловасці, адтуль жа мы экспартуем якасныя тканіны і прадукцыю сельскай гаспадаркі. Дарэчы, менавіта ў сельскай гаспадарцы Пакістана вельмі запатрабаваны беларускія трактары, што сведчыць пра ўзаемадапаўняльнасць нацыянальных эканомік.

Пакуль таваразварот паміж Пакістанам і Беларуссю складзе ўсяго 60 млн долараў у год, а гэта надзвычай мала для краін з такім патэнцыялам эканамічнага супрацоўніцтва. Ужо пасля майскага візіту беларускай дэлегацыі ў Ісламабад быў абвешчаны намер давесці аб'ём таваразвароту да 1 млрд долараў у год, і гэта становіцца цалкам рэальнай задачай.

Беларусь можа актыўна дапамагаць Пакістану ў будаўнічай галіне, сферы нафта- і газаздабычы. Пакістан зацікаўлены ў асваенні новых тэхналогій, якія распрацоўваюцца нашымі навукоўцамі. Апроч таго, пакістанскія кампаніі ўжо запрошаны да ўдзелу ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», і гэта таксама стане адным з драйвераў развіцця двухбаковых адносін.

Увогуле, у гэтым кантэксце актывізацыя кантактаў на найвышэйшым узроўні не з'яўляецца выпадковасцю. Беларусь паслядоўна рэалізуе сваю знешнепалітычную стратэгію шматузроўневай інтэграцыі. Першы ўзровень — Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі, другі — актыўны ўдзел у фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза, а трэці — пошук партнёраў з краін так званай «далёкай дугі»: дзяржаў Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

Сэнс падобнай стратэгіі заключаецца ў дыверсіфікацыі рынкаў збыту нашай экспартаарыентаванай эканомікі, у набыцці эканамічнай і геапалітычнай устойлівасці праз шматвектарную знешнюю актыўнасць, у стварэнні рэальнага шматпалярнага свету, дзе кожны можа знайсці партнёраў, адносіны з якімі будуць грунтавацца на прынцыпах роўнасці, узаемнай выгады і павагі. Таму следам за вельмі маштабнымі праектамі з Кітаем Беларусь адкрывае для сябе ў якасці доўгатэрміновых партнёраў іншыя паўднёваазіяцкія краіны: В'етнам, Інданезію, Індыю. Прыйшла чарга і Пакістана.

Пакістан — адна з ключавых краін свайго рэгіёна з магутным патэнцыялам, аснову якога складаюць і прыродны рэсурсы, і дэмаграфічны складнік, і геапалітычнае становішча, якое дазваляе аказваць сур'ёзны уплыў як на рэгіён, так і на некаторыя кантынентальныя праекты. Напрыклад, праз узаемадзеянне з Кітаем па стварэнні эканамічнага пояса «Новага шаўковага шляху», дзе Пакістан, развіваючы сваю наземную і марскую транспартную інфрастуктуру, можа стаць адным з найважнейшых элементаў. Ён адыгрывае важную ролю і ў сістэме рэгіянальнай бяспекі. У краіне традыцыйна моцная пазіцыя арміі, якая стрымлівае пашырэнне радыкальных ісламісцкіх настрояў. Нягледзячы на працяглую тэрытарыяльную спрэчку вакол правінцыі Кашмір з Індыяй, дзякуючы менавіта дзейнаму прэм'ер-міністру Навазу Шарыфу, які выступае за мірны дыялог з індыйскім бокам, адносіны паміж краінамі стабілізаваліся.

Беларусь мае добрыя адносіны як з Пакістанам, гэтак і з Індыяй, маючы на мэце развіццё тых сегментаў эканомікі, якія працавалі б на выгаду і карысць кожнага з бакоў. А тое, што яна пазіцыянуе сябе як міралюбная краіна, дазваляе знаходзіць кропкі сыходжання нават з тымі дзяржавамі, стасункі якіх між сабою не заўсёды добрыя.

Але з Пакістанам нашу краіну можа шчыльна звязаць не толькі эканамічны фактар. Вядома, што Ісламабад вялікую ўвагу надае сферы адукацыі і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, патрэбных для гаспадаркі краіны. Штогадовы бюджэт камітэта па адукацыі Пакістана складае каля 700 млн долараў, і значная частка яго ідзе на атрыманне адукацыі за мяжой. Беларускія ВНУ, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і прафесійна-тэхнічныя вучылішчы ўяўляюць сапраўдную цікавасць для пакістанскіх студэнтаў, і ў гэтым ёсць значны экспартны патэнцыял беларускай сістэмы адукацыі.

Натуральна, разам з навуковым абменам павінна актывізавацца і культурнае ўзаемадзеянне. Пакістан — краіна з багатай гісторыка-культурнай спадчынай, але малавядомая ў нашай дзяржаве. Улічваючы глабальны эканамічны і палітычны зрух ва ўсходнім кірунку ды Азіі ўвогуле Пакістан цікавы і як партнёр, і як краіна для вывучэння. А гэта значыць, у найбліжэйшы час ужо ў Беларусі будуць запатрабаваны спецыялісты, якія б ведалі і разумелі гэтую краіну, дапамагаючы рознабаковаму развіццю беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння.

Неўзабаве будуць вядомы асноўныя вынікі афіцыйнага візіту пакістанскага лідара ў Беларусь, але ўжо зараз можна прагназаваць, што закладваюцца асновы грунтоўных і вельмі перспектыўных адносін паміж нашымі краінамі з вялікім патэнцыялам росту.

Аляксей Дзермант,

навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».