Вы тут

Прыпынак адноўлены


«Мы, жыхары мікрараёна Тэхнапрыбор, работнікі ААТ «Ольса», абураны безадказнымі дзеяннямі работнікаў камунальных службаў, якія пасля дэмантажу камерцыйнага павільёна прыпынку грамадскага транспарту «Завод «Ольса» (маршруты № 17, 30, 35) да гэтага часу не ўсталявалі камунальны прыпыначны павільён», — напісалі магіляўчане ў калектыўнай заяве, якую атрымалі нядаўна ў Магілёўскім гарадскім Савеце. Аналагічныя лісты былі накіраваны ў аблвыканкам і гарвыканкам.

Старшыня гарсавета Сяргей Іваноў дэманструе ліст з пакінутымі на ім подпісамі. Дата яго атрымання — 30 ліпеня. Пытанне, па яго словах, было вырашана на працягу тыдня. Гарадское дарожна-маставое прадпрыемства ўжо паклапацілася, каб на вышэйазначаным месцы з'явіліся і лаўка, і, як той казаў, «дах» над галавой.

Самае цікавае, што заяўнікі былі не ў курсе навіны. Гэта высветлілася выпадкова — падчас таго, як мы разам з Сяргеем Івановым правяралі, ці задаволены жыхары вырашэннем пытання. У лісце пазначаны толькі адрасы, таму праз даведку старшыня гарсавета ўдакладняе тэлефон адной з падпісантак. Жанчына, якая зняла трубку, да завода «Ольса» ніякага дачынення не мае, яна пенсіянерка. Прызнаецца, што і карыстаецца яна іншым прыпыначным пунктам. А на тым, які абазначаны ў пісьме, апошні раз наогул была два тыдні таму. Там, кажа яна, аўтобусы вельмі рэдка ходзяць, №17 наогул толькі раніцай завозіць людзей на працу і вечарам прывозіць дадому. Чаму пакінула свой подпіс? Прапанавалі падпісацца, яна і не пярэчыла. Тым больш што прыпыначнага павільёна там сапраўды пэўны час не было.

Прыемнай навіной мы таксама падзяліліся яшчэ з адным пенсіянерам, які разам з жонкай распісаўся ў калектыўнай скарзе. На азначаным прыпынку ён таксама не вельмі часта бывае. Але справядліва лічыць, што, калі там прыпыняецца аўтобус, павінны быць умовы. Хаця, прызнаўся, нікуды не звяртаўся, каб ліквідавалі гэты прабел, пакуль яму не прапанавалі паставіць у агульным лісце свой подпіс. Астатнім мы ўжо не сталі тэлефанаваць. Хай створаныя камунальнікамі ўмовы на прыпынку стануць для іх сюрпрызам. Толькі здаецца, што мы часам не столькі жывём сваім розумам, колькі карыстаемся чужым. А ён зусім па-іншаму мысліць і іншыя мэты мае на ўвазе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.