Вы тут

Зала № 6. «Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі»


Працягваем віртуальнае падарожжа па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

З 1941 па 1944 год на тэрыторыі нашай краіны гаспадарылі гітлераўцы. Гэта вельмі доўгія і цяжкія тры гады для жыхароў Беларусі. Яны былі вымушаны падпарадкоўвацца «новаму парадку», устаноўленаму ворагам на захопленай тэрыторыі. Тых, хто аказваў супраціўленне, чакала немінучая пагібель.

Сённяшнія так званыя «гісторыкі» кажуць, што калі б беларусы змірыліся з фашысцкай палітыкай, то нас — будучыя пакаленні — чакала б вельмі добрае, прывольнае жыццё. Але чамусьці яны не ўзгадваюць пра тое, што адносіны акупантаў да нашай нацыі былі вызначаны ў плане «Ост» яшчэ задоўга да пачатку Другой сусветнай вайны. 75% беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, згодна з планам, прадугледжвалася перасяліць — мелася на ўвазе фізічна знішчыць. Астатнія 25% павінны былі стаць рабамі, паслугачамі фашыстаў. Што тычыцца цыган і яўрэяў, то іх увогуле чакала поўная ліквідацыя. Вайна вялася на знішчэнне...

[caption id="attachment_95760" align="alignnone" width="600"]12-8 14-га­до­вы мін­скі школь­нік Ва­ло­дзя Шчар­ба­цэ­віч, яко­га ад­ліў у брон­зе са­вец­кі скульп­тар Сяр­гей Се­лі­ха­наў, быў пуб­ліч­на па­ка­ра­ны 26 каст­рыч­ні­ка 1941 го­да.[/caption]

У руінах і вогнішчах

Жалобныя гукі, якія чуюцца ў зале, быццам пераносяць у тыя гады смутку, пакут і няволі. Як і плакат «Воін Чырвонай Арміі, выратуй!», на якім адлюстравана маці, што трымае сваё дзіця на руках, ратуючыся ад акрываўленага фашысцкага штыка. Побач — фотаздымкі спаленых вёсак і першых бамбёжак Мінска, якія працягваліся тры дні, у выніку чаго сталіца была зруйнавана.

Цэнтральнае месца экспазіцыі займае інсталяцыя «Спаленыя вёскі». Звычайна знішчэнне вёсак адбывалася ў ходзе карных аперацый. І амаль заўсёды быў адзін і той жа сцэнарый. Кадры з кінастужкі Элема Клімава «Ідзі і глядзі», што дэманструюцца на экране, дазваляюць узнавіць некалькі эпізодаў. Дапаўняюць інсталяцыю абгарэлыя бярвенні з вёскі Хатынь, макет зруба калодзежа, у які падчас карнай аперацыі «Котбус» у вёсцы Шунеўка Докшыцкага раёна гітлераўцы кінулі дзяцей і настаўніцу. Калодзежны журавель прывезлі з вёскі Літавец, што ў Дзяржынскім раёне. У студзені 1943 года яна была поўнасцю спалена карнікамі. У вогнішчы загінула 196 чалавек. Толькі траім пашчасціла вырвацца з полымя...

За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі 209 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў, цалкам або часткова спалілі больш чым 9 тысяч вёсак. 186 з іх падзялілі лёс Хатыні. Гэтыя назвы высвечваюцца на экране, праз які ўваходзіш у залу. Больш падрабязна пра лёс таго або іншага населенага пункта ў гады вайны можна даведацца з дапамогай інфармацыйнага тэрмінала. Збор матэрыялу па спаленых вёсках працягваецца.

«Новы парадак»

З верасня 1941 года грамадзянскую нямецкую адміністрацыю ў Беларусі ўзначаліў Вільгельм Кубэ. Дагэтуль тут гаспадарылі прадстаўнікі Вермахта. Арыгінальная шыльда Галоўнай палявой камендатуры Мінска, звароты і загады да мясцовага насельніцтва, якія гітлераўцы вывешвалі на гарадскіх вуліцах, захоўваюцца ў музеі. У іх фашысты інфармуюць аб увядзенні каменданцкай гадзіны, забараняюць савецкую сімволіку і камуністычную партыю, не дазваляюць трымаць у сябе любыя сродкі сувязі... За непадпарадкаванне пагражаў расстрэл.

Тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі была поўнасцю разбурана гітлераўцамі. На карце добра відаць, што рэспубліка была падзелена на пяць частак. Цэнтральная называлася «Генеральная акруга Беларусі». Паўднёвая частка адносілася да рэйхскамісарыята «Украіна». Заходнія і паўднёва-заходнія тэрыторыі адышлі да Усходняй Прусіі, а паўночна-заходнія — да Генеральнай акругі Літвы. Вялікая ўсходняя частка стала тылам групы армій «Цэнтр».

[caption id="attachment_95761" align="alignnone" width="600"]12-10 Ру­ка­піс­ная га­зе­та «Плен­ная пра­вда», якую ў ла­ге­ры, што ў Ма­сю­коў­шчы­не, з рызыкай для жыцця ства­ра­лі па­лон­ныя чыр­во­на­ар­мей­цы.[/caption]

Доўгі час маўчання

У гады савецкай улады пра такую з'яву, як калабарацыя, нават не было прынята гаварыць, а тым больш пісаць пра гэта або расказваць у музейных экспазіцыях. З аб'ектыўных прычын вывучэннем тэмы ў савецкі перыяд займалася дастаткова вузкае кола гісторыкаў.

Грунтоўна даследаваць дзейнасць калабарантаў на акупаванай тэрыторыі пачалі ўжо ў постсавецкія часы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі працавала некалькі калабарацыянісцкіх арганізацый. Ужо ў 1941 годзе была створана Беларуская народная самадапамога. Пазней — Саюз беларускай моладзі і Беларуская цэнтральная рада. Нарукаўныя павязкі членаў БНС і СБМ можна ўбачыць у экспазіцыі. Акрамя таго, дзейнічала мясцовая паліцыя. Экіпіроўка паліцэйскага таксама прадстаўлена. Асобна паказаны калабарацыянісцкі друк. Здраднікі выдавалі «Менскую газэту», «Беларускую газэту», шэраг іншых газет і часопісаў.

За калючым дротам

На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў і месцаў масавага знішчэння людзей. Яны былі ледзь не ў кожным горадзе. Уявіць маштаб усёй трагедыі дазваляе карта, на якой вылучаны месцы масавага знішчэння людзей. Побач пазначаны сумныя лічбы — колькасць закатаваных даходзіла да соцень тысяч...

Толькі ў Мінску і ваколіцах сталіцы было забіта каля 400 тысяч чалавек. Найбуйнейшы лагер для ваеннапалонных размяшчаўся ў Масюкоўшчыне (шталаг № 352). Тут загінула 80 тысяч палонных вайскоўцаў. Толькі 9 тысяч з іх вядомы пайменна. І тое дзякуючы лагерным савецкім урачам-ваеннапалонным, якія вялі спісы загінулых. Скрыні з дакументацыяй, закапаныя на тэрыторыі лагера, былі знойдзены ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі.

Яшчэ больш чырвонаармейцаў загінула ў вёсцы Лясная, што каля Баранавіч. Тут гітлераўцы закатавалі 88 тысяч ваеннапалонных. На чыгуначнай станцыі Бронная Гара, што ў Брэсцкай вобласці, канцэнтрацыйнага лагера ўвогуле не было. Аднак тут загінула звыш 50 тысяч чалавек — у асноўным яўрэйскае насельніцтва. Карнікі прывезлі іх на загадзя падрыхтаваную пляцоўку непадалёк ад станцыі і расстралялі.

У экспазіцыі прадстаўлена вопратка савецкага ваеннапалоннага з лагера, што ў Масюкоўшчыне. Унікальны экспанат — рукапісная газета «Пленная правда». Каб хоць неяк падтрымаць маральны дух салдат, ваеннапалонныя шталага № 352 тайком складалі прыказкі і прымаўкі, расказвалі аб падзеях на фронце, давалі парады, як распазнаць ворага... Рэдактарам газеты і аўтарам многіх матэрыялаў быў Сцяпан Злобін, будучы вядомы савецкі пісьменнік. Менавіта гэтая газета, якую пасля вайны знайшлі ў руінах, паслужыла яго рэабілітацыі.

[caption id="attachment_95762" align="alignnone" width="600"]12-15 У Трас­цян­цы бы­лі за­ка­та­ва­ны 206 500 ах­вяр фа­шысц­ка­га ге­на­цы­ду.[/caption]

Трасцянец — сімвал смутку і памяці

Самым буйным месцам масавага знішчэння насельніцтва на тэрыторыі Беларусі стаў Трасцянец. Па колькасці ахвяр ён стаіць у адным шэрагу з сусветна вядомымі канцэнтрацыйнымі лагерамі Асвенцым, Бухенвальд, Дахау, Равенсбрук... Трасцянец — месца знішчэння ваеннапалонных Чырвонай Арміі, падпольшчыкаў, партызан і ахвяр з боку мірнага насельніцтва, узятых у палон падчас аблаў і акцый, дэпартаваных яўрэяў, беларускіх яўрэяў з Мінскага гета.

Тут, па падліку Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, загінулі 206 500 ахвяр фашысцкага рэжыму. У сваю чаргу, нямецкія гісторыкі колькасць знішчаных у Трасцянцы паказваюць у 3—4 разы меншай: па іх версіі тут было забіта толькі каля 60 тысяч чалавек. Сведкі расказваюць пра тыя тысячы людзей, пра душагубкі, пра транспарт, пра забітых, знясіленых ад голаду і холаду... І гэтая лічба, безумоўна, атрымліваецца большай.

Калекцыя прадметаў, знойдзеных у Трасцянцы, — адна з першых у экспазіцыі музея. Ужо восенню 1944-га — зімой 1945 года яго супрацоўнікі прывезлі з экспедыцыі будку вартавога, шыльду з надпісам «Уваход у лагер забараняецца! Без папярэджання будуць страляць!», насілкі, частку лагернай агароджы, саламяныя боты, з дапамогай якіх нямецкія ахоўнікі ратаваліся зімой ад маразоў, бервяно з вогнішча, дзе былі спалены дзясяткі трупаў.

Сёлета 22 чэрвеня з удзелам Прэзідэнта Беларусі на тэрыторыі былога лагера была адкрыта першая чарга мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».

[caption id="attachment_95764" align="alignnone" width="600"]12-9 Воп­рат­ка і рэ­чы са­вец­ка­га ва­ен­на­па­лон­на­га.[/caption]

Шлях — у рабства

Падчас акупацыі на прымусовыя работы ў Германію або іншыя занятыя гітлераўцамі краіны было сагнана каля 400 тысяч грамадзян Беларусі. Нягледзячы на вялікую прапагандысцкую работу, якую праводзілі немцы, добраахвотнікаў было мала. У асноўным, працаздольнае насельніцтва адпраўлялі сілком. Такія вагоны, макет якога прадстаўлены ў экспазіцыі, былі бітком набіты людзьмі. Па-рознаму склаліся іх лёсы. Адны вярнуліся на Радзіму, іншым пашчасціла менш. Былі сярод сагнаных і старыя, і зусім дзеці. Пасля з Германіі нават прыходзілі гнеўныя лісты, у якіх нямецкае кіраўніцтва загадвала не пасылаць на працы ўсіх без разбору.

[caption id="attachment_95766" align="alignnone" width="600"]12-14 Ча­ла­ве­чыя астан­кі, зной­дзе­ныя ў Трас­цян­цы — на мес­цы кал­гас­на­га хля­ва, у якім за тры дні да вы­зва­лен­ня Мін­ска бы­ло спа­ле­на 6,5 ты­ся­чы ча­ла­век.[/caption]

За кратамі

Зазірнуўшы праз імправізаваную рашотку, можна ўбачыць, як выглядала камера катаванняў у турме СД. Самая вялікая такая турма знаходзілася на вуліцы Валадарскага. Усе прадметы, змешчаныя ў імправізаванай камеры, арыгінальныя. Крэсла, лаўка, прылады катаванняў — адны з першых экспанатаў у калекцыі музея. Крэсла, напрыклад, перададзена сюды з вёскі Баянічы Любанскага раёна, на ім гітлераўцы дапытвалі мясцовых жыхароў. Кашуля, запэцканая крывёй, належала падпольшчыку Цвяткову. Ён быў расстраляны фашыстамі, але перад гэтым паспеў перадаць сваю вопратку жонцы праз ахоўнікаў. У ручку збана, які стаіць на лаўцы, зняволеныя клалі запіскі на волю. Некалькі патрыятычных запісак падпольшчыка Івана Казлова, якія захоўваюцца ў музеі, трапілі з-за кратаў менавіта такім чынам.

[caption id="attachment_95769" align="alignnone" width="600"]12-13 За га­ды аку­па­цыі цал­кам або част­ко­ва гіт­ле­раў­ца­мі бы­ло спа­ле­на больш чым 9 ты­сяч вё­сак, 186 з якіх па­дзя­лі­лі лёс Ха­ты­ні.[/caption]

Публічныя пакаранні і мінскія яўрэі

На фотаздымках — першае масавае публічнае пакаранне, якое адбылося ў Мінску 26 кастрычніка 1941 года. У чатырох месцах горада амаль адначасова былі павешаны 12 чалавек. Вядомы імёны толькі 8. Сярод іх — сям'я Шчарбацэвічаў, якая дапамагала савецкім салдатам бегчы з палону. Падлетка Валодзю Шчарбацэвіча савецкі скульптар Сяргей Селіханаў адліў у бронзе. Скульптура 14-гадовага мінскага школьніка знаходзіцца ў музеі.

Яшчэ калі ў Мінску была ўсталявана ваенная ўлада, палявы камендант 19 ліпеня 1941 года загадаў стварыць у беларускай сталіцы жылы яўрэйскі раён. Тэрыторыя, куды ўвайшлі сучасныя вуліцы Няміга, Караля, Гарадскі Вал і праспект Пераможцаў, стала называцца Мінскім гета. За пяць дзён усе яўрэі горада павінны былі перасяліцца ў гэты квартал. Тых, хто не падпарадкаваўся загаду, чакала немінучая смерць. Згодна з іншым распараджэннем, яўрэі павінны былі насіць адметныя знакі. Усюды гэта была жоўтая шасціканечная зорка. Аднак яўрэі з Мінскага гета ў якасці апазнавальнага знака насілі жоўты круг.

У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі беларусаў, якія ў гады акупацыі, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў. Больш чым 700 беларусаў ужо ў наш час за гэта атрымалі званне Праведнікаў народаў свету. Напрыклад, Антон Кецко, які працаваў прэсвітарам у лютэранскай царкве, ратаваў яўрэйскіх дзяцей. Ён аддаваў іх у беларускія сем'і, якім давяраў, і яны выхоўвалі гэтых дзяцей, як родных.

12-12

Вайна ў мастацкім асэнсаванні

Дзеля больш эмацыйнага раскрыцця тэмы нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі ў канцы залы прадстаўлены палотны беларускіх мастакоў. Каштоўнасць гэтых работ не толькі ў рэалістычных падзеях, якія на іх адлюстраваны, а і ў тым, што карціны былі створаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прычым аўтары з'яўляліся або ўдзельнікамі, або сведкамі тых ці іншых падзей.

Ібрагім Гембіцкі, напрыклад, у 1944 годзе адлюстраваў машыну-душагубку — мастак не па чутках ведаў, што такое Мінскае гета. Творца Сяргей Раманаў, які з дапамогай пэндзля расказваў пра партызанскую барацьбу і жыццё, быў з ліку народных мсціўцаў. Тэма фашысцкага акупацыйнага рэжыму таксама адлюстравана ў творах Ахрэмчыка, Ціхановіча і іншых.

[caption id="attachment_95768" align="alignnone" width="600"]12-11 На тэ­ры­то­рыі Бе­ла­ру­сі ў га­ды Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны бы­ло ство­ра­на 260 кан­цэнт­ра­цый­ных ла­ге­раў і мес­цаў ма­са­ва­га зні­шчэн­ня лю­дзей.[/caption]

• • •

Вялікая Айчынная вайна стала сімвалам найвялікшага гераізму і мужнасці беларускага народа. Але ў той жа час за ўсю сваю гісторыю Беларусь не зведала большай трагедыі. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў краіне загінула 2 357 000 чалавек: 810 тысяч ваеннапалонных і 1 547 000 мірных грамадзян. Загінуў кожны трэці...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Наталля ЯЦКЕВІЧ, загадчыца аддзела гісторыі партызанскага руху Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Зала № 5. «Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл»

Зала № 4. «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны»

Зала № 3. «Дарога вайны»

Зала № 2. «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны»

Зала № 1.  «Мір і вайна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».