Вы тут

Зваротаў становіцца менш, бо многія праблемныя пытанні ўжо вырашаны


Суботнія «прамыя лініі» тэлефоннай сувязі грамадзян з кіруючымі работнікамі Гродзенскай вобласці ўжо пасадзейнічалі вырашэнню многіх праблемных пытанняў. І таму званкоў становіцца менш. Ды і ўвогуле, захоўваецца тэндэнцыя скарачэння зваротаў як у аблвыканкам, так і ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

12-22

— Гэта вынік таго, што прымаюцца меры па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў насельніцтва, праводзіцца тлумачальная работа з людзьмі, — адзначае начальнік аддзела па рабоце са зваротамі Гродзенскага аблвыканкама Кацярына ФЕДАСЕНКА.

Напрыклад, ужо тройчы «прамыя лініі» праводзіў па суботах старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ. Падчас першай, у студзені, да яго звярнуліся па 36 пытаннях, у сакавіку — па 24, у маі — па 13. Колькасць ахвотных дазваніцца на «прамую лінію» значна скарацілася. Усе звароты разгледжаны, і шэраг узнятых праблем ужо вырашылі. У прыватнасці, гродзенцы з вуліцы Чыгуначнай звярталіся наконт аднаўлення асфальтавага пакрыцця пасля работ па пракладцы цеплатрасы. Па даручэнні старшыні аблвыканкама гэта аператыўна выканалі.

— Улада стала значна больш даступнай. Таму колькасць зваротаў і далей будзе скарачацца. Гэта ў пэўным сэнсе індыкатар таго, як мы працуем з людзьмі, як адгукаемся на праблемныя пытанні і як іх вырашаем, — лічыць старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар ЖУК.

З іншага боку, многіх зваротаў да кіраўнікоў вобласці магло б не быць, калі б гэтыя заяўнікі добра ведалі нормы заканадаўства. Найперш — прэзідэнцкі Указ №498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», дзе дакладна вызначана, у чыёй кампетэнцыі вырашэнне тых ці іншых пытанняў. Ды і ўтрыманства хапае — у тым сэнсе, што некаторыя пальцам не паварушаць, каб нешта зрабіць самім. Хаця няўжо, напрыклад, за ўтварэнне стыхійнай смеццевай звалкі ў населеным пункце павінна адказваць улада, а не тутэйшыя жыхары? Пэўна, трэба не сігналізаваць у аблвыканкам, а самім навесці парадак і разам з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання паклапаціцца (пры дапамозе растлумачальнай работы і штрафных санкцыяй), каб больш не смецілі?

Ужо традыцыйна пераважная частка зваротаў грамадзян у органы ўлады тычыцца рамонту і добраўпарадкавання жылля, дваровых тэрыторый, дарог. І практычна заўсёды на гэта патрабуюцца дзяржаўныя сродкі. А іх, вядома ж, шмат ніколі не бывае. Зразумела, што адразу ўсё выканаць немагчыма, бо бюджэтнае фінансаванне на тыя ці іншыя праграмы выдзяляецца ў планавым парадку.

Але важна, каб была адпаведная чарговасць і людзі ведалі, калі гэта запланавана зрабіць. Таму штогадовыя тытульныя спісы правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду і дарожнага пакрыцця, газіфікацыі на Гродзеншчыне друкуюцца ў абласной і раённых газетах. Кожны можа азнаёміцца з адпаведнымі звесткамі, а значыць, не трэба тэлефанаваць на «прамую лінію».

— У любым выпадку важна паведаміць чалавеку, калі можа быць вырашана ўзнятае ім пытанне. А калі яго вырашыць немагчыма, то патлумачыць прычыны. Як правіла, людзі ставяцца да гэтага з разуменнем, — кажа Кацярына Федасенка.

Але ёсць і такія звароты, якія адразу ж бяруцца на кантроль і ў той жа дзень альбо ў найбліжэйшы час вырашаюцца. Калі трэба, то і з выездам на месца адразу ж пасля «прамой лініі», як гэта зрабіла нядаўна намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Алена АГЕЙ. У выніку былі прыняты канкрэтныя меры, каб палепшыць гандлёвае абслугоўванне жыхароў адной з вуліц абласнога цэнтра.

Дарэчы, раней шмат зваротаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі датычыліся пытанняў перадачы жылля, якое належыць сельскагаспадарчым арганізацыям, ва ўласнасць мясцовых жыхароў. Аднак сёлета паток скаргаў значна зменшыўся. Верагодна, на гэта паўплывала адпаведная растлумачальная работа ў раёнах вобласці наконт прымянення заканадаўчых актаў па прававым рэгуляванні жыллёвых адносін. Гэта не значыць, што ўсе ахвотныя могуць стаць уласнікамі жылля, якое будавалася сельгаспрадпрыемствамі. Палажэнні наконт такога жылля, што прыняты ў гаспадарках, ніхто не адмяняў. Але, разам з тым, ужо ёсць, пэўна, сістэма, якая грунтуецца не на нейкіх суб'ектыўных падыходах (хачу — не хачу), а на заканадаўчых нормах. Важных для выканання і тымі, хто жадае стаць уласнікам дома, і кіраўнікамі, ад якіх залежыць адпаведнае рашэнне.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.