Вы тут

Георгій Заборскі: «Сучасны горад — гэта заклік да дзейнасці»


Чаго хочуць маладыя? Вядома, мяняць да лепшага тое, што яны бачаць. Напрыклад, гарадскую прастору, дзе часам не хапае цікавых месцаў для адпачынку. Мы пагутарылі з маладым архітэктарам і футуролагам, адным з арганізатараў «Мінскага фестывалю ўрбаністыкі» Георгіем ЗАБОРСКІМ пра гэтую ўрбаністыку, яго ўласныя праекты і бачанне развіцця беларускіх гарадоў.

Безимени-1

— Чаму менавіта архітэктура?

— Гэта дзіўная добрая гісторыя. Мой дзед быў архітэктарам, а бацька не меў упэўненасці, што жадае ісці па яго шляху. Але так склалася, што спачатку ён усё ж такі стаў архітэктарам і толькі пасля зразумеў, наколькі шчаслівы ў сваёй працы. А без бацькі не было б нічога з таго, што раблю я, бо ён адкрыў у Мінску першую майстэрню, дзе актыўна пачалі наймаць недавучаных студэнтаў — адтуль выйшлі маладыя і смелыя спецыялісты. Я атрымаў такі ж досвед і, прызнаюся, без яго не змог бы стаць архітэктарам.

Я прынцыпова вырашыў не ісці ў архітэктары і збіраўся паступаць на аўтатрактарны, таму што мяне цікавіў аўтадызайн. Аднак пасля дзясятага класа заваліў экзамен па матэматыцы, з прычыны чаго давялося перайсці ў клас політэхнічнага ліцэя, дзе не патрабавалася «лічба» па матэматыцы. Гэта быў архітэктурны клас. Да канца першага курса ўніверсітэта я не разумеў, што я тут раблю: я ж не хацеў сюды. Але пасля мы пачалі самі арганізоўваць адукацыйныя праекты, і тады стала цікава. Акрамя таго, былі выкладчыкі, якія натхнялі. А ўлетку паездзіў у заходнія архітэктурныя школы, дзе збіраліся студэнты і выкладчыкі і разам рабілі неверагодныя праекты. Я ўцягнуўся і пасля аб сваім выбары не пашкадаваў.

— Пахваліцеся ўласнымі праектамі.

— Мая студыя робіць новыя формы грамадскай прасторы. Мы называем гэта вынаходствам новых спосабаў быць з сабой альбо быць з іншымі. Гэта ў навінку для Беларусі. Адзін з яркіх праектаў — «Парк з wі-fі». Стварыць новае, нічога не парушаючы, не ссекшы ніводнага дрэва. Выйсці з офіса і папрацаваць у прыродным асяроддзі: нічога больш сучаснага за гэта яшчэ не вынайдзена. Акрамя таго, мы ствараем гібрыды паміж выдатнымі дворыкамі 1950-х, зялёнымі і ізаляванымі, і сучаснымі дварамі, дзе ёсць пляцоўкі для дзяцей і месцы для камунікацыі дарослых. Тут можна і спартыўны фестываль арганізаваць, і дзень нараджэння адзначыць, і кіно паказаць.

— Зараз моладзь цікавіцца ўрбаністыкай. Як працуюць спецыялісты ў гэтай сферы?

— Сучасны ўрбаніст думае пра ўзаемасувязь звёнаў гарадской сістэмы. Ён аналізуе, напрыклад, як якасць паветра ў канкрэтным раёне паўплывае на кошт кватэры? На падставе атрыманых вынікаў стварае праекты па паляпшэнні асяроддзя. У Беларусі пакуль немагчыма вывучыцца на ўрбаніста, а ў свеце, у той жа Расіі, ужо ёсць такія спецыяльнасці, існуюць адукацыйныя паслявузаўскія ўстановы, дзе свежаспечанага архітэктара, фізіка ці журналіста перавучваюць у спецыяліста па гарадах.

— Сярод вашых спецыяльнасцей значыцца адна даволі інтрыгуючая — футуролаг. Улічваючы, што вы архітэктар, ці зможаце прадказаць будучыню горада?

— Насамрэч, гэта міф. Футуролагі не прадказваюць будучыню, а канструююць яе. Наша роля — бачыць верагоднасці, а пасля адшукаць шлях іх далейшага развіцця. Прывяду прыклад: два гады таму я зразумеў, што ў Мінску будуецца многа панэльнага жылля. З іншага боку, у сталіцы з'яўляецца шмат маладых людзей з дастаткам, якіх яно не надта цікавіць. Я перасёк дзве тэндэнцыі і ўгадаў вынік: можна змяніць асяроддзе і зрабіць прывабнымі двары, пляцоўкі, паркі. Прыкладна так працуюць футуролагі.

— Дык якая будучыня чакае Мінск?

— Ёсць тры магчымыя траекторыі. Згодна з адной з іх, Мінск будзе развівацца абсалютна раўнамерна. Ён прырастае жыхарамі — афіцыйная статыстыка дае лічбу ў 2,5 мільёна чалавек да 2030 года. Горад становіцца больш цесным, адпаведна, у ім больш затораў. Затое атрымае развіццё культура: адмысловыя праекты з'явяцца не толькі ў цэнтры, але і на ўскраінах горада. Адбудзецца падзел па раёнах, кшталту адзін — «цікавы», другі — «бяспечны». Горад ператворыцца з мегаполіса ў асобную краіну.

Другі сцэнарый звязаны з актыўным паляпшэннем гарадскога наваколля. Напрыклад, актуальна прасоўванне альтэрнатыўнай мабільнасці: з'яўленне хуткаснага трамвая, які звяжа паміж сабой раёны. Можна прапанаваць жыхарам перасоўвацца па горадзе на веласіпедах і скутарах. Хаця веласезон доўжыцца паўгода, на гэты час горад моцна мяняецца. Дарэчы, ты становішся гараджанінам у поўным сэнсе гэтага слова, калі сам пачынаеш мяняць горад. Для апошняга, трэцяга, варыянта развіцця характэрна актыўнае супрацоўніцтва грамадскіх ініцыятыў і ўлады.

— Са сталіцай зразумела. А што скажаце пра невялікія гарады?

— Я затрымаўся ў Мінску толькі таму, што тут ёсць заклік да дзейнасці, але ў невялікіх гарадках іх значна больш. І ёсць рэсурсы, бо ёсць моладзь. Невялікі горад не цяжэй насыціць цікавым жыццём, чым вялікі. Але вядома, усё адразу не з'явіцца. У Беларусі ёсць прыклад Баранавіч, дзе рэалізуецца праграма па асваенні закінутай прасторы ў цэнтры горада. Там з'яўляюцца цікавыя ініцыятывы — ад турыстычнага цэнтра да маладзёжных кінапраглядаў. Другі фактар — узровень заробкаў. Задача цэнтральнай альбо мясцовай улады ў тым, каб забяспечыць годныя заробкі, развіваць бізнес. Напрыклад, можна прапаноўваць ільготныя ўмовы крэдытавання для бізнесу ў малых гарадах.

Дарэчы, зараз у Беларусі дзейнічаюць некалькі адукацыйных праектаў, скіраваных на тое, каб жыхары малых гарадоў маглі вучыцца менеджменту культуры і ўрбаністыцы. Можна вучыцца ў мінскай «Школе супергерояў». Ёсць «Мінская ўрбаністычная платформа».

— А якая архітэктурная пабудова ў Беларусі вам найбольш падабаецца?

— Сынкавіцкая крэпасць-царква — аб'ект, які выразна паказвае, што ў Беларусі ёсць свае асаблівасці. Рысы маналітных шчыльных праваслаўных храмаў і кавалкі гатычных зводаў, наслаенне часоў: яна неаднаразова дабудоўвалася, але пры гэтым не згубіла адметнасці. Акрамя яе, магу назваць цэласную забудову цэнтра Мінска, у прыватнасці месца перасячэння Свіслачы з праспектам Незалежнасці. Шырокія панарамы, прырода, класіка разам з сучаснасцю...

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.