Вы тут

Стаўка на безнаяўныя


Сістэма безнаяўных разлікаў Беларусі пастаянна ўдасканальваецца. Паводле інфармацыі Нацбанка, зараз у краіне налічваецца каля 12,3 млн плацежных картак, што на 12% больш, чым на аналагічную дату 2013 года. Доля безнаяўных аперацый на пачатак ліпеня склала 75,4% па колькасці і 30,4% па суме аперацый з картамі. Нацбанк імкнецца зацікавіць жыхароў краіны самымі разнастайнымі спосабамі: уводзіць прынцып нулявой адказнасці для трымальнікаў банкаўскіх карт, выкарыстоўвае бескантактавыя сістэмы разлікаў. Акрамя таго, асаблівыя перспектывы бачаць і ў развіцці сістэмы інфакіёскаў, звязанай з продажам тавараў і паслуг.

13-43

Па нулях

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Аляксандр СОТНІКАЎ, у Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў махлярства з банкаўскімі карткамі ў ЕАЭС. Пра гэта сведчыць і колькасць заяў, якія паступалі ў беларускія банкі ад уладальнікаў карт.

За першае паўгоддзе 2015-га ў банкі паступіла 1227 такіх заяў. Па 821 з іх ужо вярнулі грошы. Аднак, нягледзячы на такую невялікую лічбу, па 354 заявах грашовыя сродкі не вярнуліся да ўладальнікаў, а яшчэ па некаторых вядзецца разбіральніцтва. 5 жніўня ў Беларусі ў сілу ўступіў прынцып нулявой адказнасці для трымальнікаў банкаўскіх карт. Згодна з ім, устаноўлены тэрміны на падачу кліентамі пісьмовых заяў аб несанкцыянаваным зняцці грошай — 30 дзён. На іх разгляд і прыняцце рашэнняў аб вяртанні сродкаў банкам адводзіцца 45 дзён, калі аперацыя была здзейснена на тэрыторыі Беларусі, і 90 дзён — калі па-за межамі краіны.

Вызначэнне таго, спрацавалі ў тым ці іншым выпадку ашуканцы альбо не, датычыцца кампетэнцыі банкаў. Таксама, па інфармацыі Нацбанка, тэрмін падачы заявы падаўжаецца, калі ў кліента была ўважлівая прычына, у прыватнасці калі чалавек хварэў ці знаходзіўся па-за межамі краіны. Калі такой прычыны няма, то банк можа адмовіцца вяртаць кліенту грошы: той спазніўся з заявай. Магчыма адмова ў кампенсацыі і тым, хто парушыў парадак выкарыстання карткі, праз што ў выніку і пазбавіўся грошай. Менавіта з уводам дадзенага прынцыпу на заканадаўчым узроўні можна меркаваць, што захоўваць сродкі на картцы стане яшчэ бяспечней. Дзеля таго каб урэгуляваць гэтыя пытанні, у Беларусі пры Асацыяцыі беларускіх банкаў сфарміравана рабочая група для стварэння стандартаў працы з прынцыпам нулявой адказнасці.

«Нашы банкі самі выступілі ініцыятарамі вынясення пытання аб выпрацоўцы нейкіх стандартаў працы з такім прынцыпам», — адзначыў Аляксандр Сотнікаў. Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць разуменне, што рэгуляванне можа быць не толькі з боку органаў дзяржаўнага кіравання, але і з боку рынку. Плануецца, што рабочая група распрацуе праект метадычных рэкамендацый да правядзення расследаванняў, якія дазваляюць устанавіць факт парушэння трымальнікам карткі парадку яе выкарыстання, што прывяло да несанкцыянаванай аперацыі, а таксама даказаць ашуканскі намер кліента.

Пры гэтым Аляксандр Сотнікаў звярнуў увагу, што за мяжой практыка прымянення нулявой адказнасці вельмі адрозніваецца па падыходах. «Ёсць краіны, напрыклад, у якіх устаноўлена верхняя мяжа, умоўна кажучы, у 150 еўра, і вышэй за яе нічога не кампенсуецца. І, наадварот, існуе мяжа ў 50 еўра, і да яе нічога не кампенсуецца», — удакладніў спецыяліст і дадаў, што заканадаўства ў любым выпадку стаіць на баку трымальніка.

Што за эквайрынг?

Нацбанк Беларусі праводзіць кансультацыі з міжнароднымі плацежнымі сістэмамі і сістэмай БЕЛКАРТ, накіраваныя на памяншэнне міжбанкаўскага ўзнагароджання, якое з'яўляецца важкай доляй у сабекошце платы за эквайрынг (прыём да аплаты плацежных карт у якасці сродку аплаты тавараў, работ, паслуг, які выконвае банк-эквайер шляхам усталявання на прадпрыемствах гандлю (паслуг) плацежных тэрміналаў).

«Пасля першай нашай кансультацыі мы бачым разуменне з боку плацежных сістэм і спадзяёмся, што зможам яшчэ больш знізіць тыя тарыфы, гэта прывядзе да пэўнага зніжэння сум, якія збіраюць банкі за эквайрынг з арганізацый гандлю і сэрвісу», — заўважыў Аляксандр Сотнікаў.

Як адзначыў спецыяліст, зараз банкам рэкамендавана захаваць практыку ўстанаўлення памеру платы за эквайрынг для суб'ектаў гаспадарання на дагаворнай аснове. Банкі цяпер выкарыстоўваюць дыферэнцыраваны падыход ва ўстанаўленні памеру платы за эквайрынг у залежнасці ад катэгорый суб'ектаў гаспадарання, тыпаў банкаўскіх плацежных картак.

Будучыня інфакіёскаў

У перспектыве інфакіёскі па продажы тавараў і паслуг, па словах Аляксандра Сотнікава, будуць адрознівацца ад тых, што ўсталяваны зараз. Сур'ёзны напрамак — усталяванне бензаматаў, паркаматаў і далейшае развіццё гэтага сегмента. Акрамя таго, кіраўнік ведамства нагадаў, што сёлета з 1 ліпеня ў Беларусі ажыццяўляецца выпуск картак БЕЛКАРТ, VІSА і MаstеrСаrd з магнітнай паласой і мікрапрацэсарам стандарту ЕMV. На картках нацыянальнай плацежнай сістэмы для разлікаў унутры краіны чып павінен з'явіцца з 1 студзеня 2017 года. Зараз беларускія банкі ўжо пачалі выпуск банкаўскіх картак міжнародных плацежных сістэм з чыпам.

Таксама Аляксандр Сотнікаў адзначыў: пры прыняцці летась рашэння аб пераходзе на чыпавыя тэхналогіі ў Нацбанку думалі яшчэ і пра тое, што інфакіёскі бяспечнейшыя, бо там выконваюцца толькі лакальныя плацяжы. «Улічваючы развіццё рынку інфакіёскаў, бензаматаў, мы рэкамендуем банкам звярнуць увагу на развіццё чыпавых тэхналогій у інфакіёсках і выпрацаваць планы па пераходзе на іх», — заўважыў спецыяліст.

Да слова, у Беларусі зараз налічваецца каля 3619 інфакіёскаў (на 4% больш у параўнанні з той жа датай летась), з іх 666 (18%) прымаюць карткі стандарту ЕMV.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.